Знайсці
15.02.2024 / 23:578РусŁacБел

«Адчуванне, што выбежыць атрад аўтаматчыкаў і ўсіх пакосіць». Як беларусы ездзяць з Польшчы на радзіму праз Расію

Многія беларусы, якія жывуць за мяжой, лічаць небяспечным вяртацца на радзіму праз мяжу Беларусі з краінамі ЕС, але гатовыя ехаць у аб'езд — праз мяжу з Расіяй. Так яны разлічваюць пазбегнуць допытаў і праверак тэлефонаў на беларускай мяжы і знізіць рызыку затрымання. Так зрабіў Сцяпан (імя зменена). У канцы снежня 2023 года ён паехаў з Польшчы ў Беларусь праз расейскі Пскоў. Мужчына расказаў выданню Most пра праверкі на эстонска-расейскай мяжы, кошт і час падарожжа, а таксама пра тое, што яго ўразіла ў расійскім памежным горадзе.

Фота: Памежная служба Эстоніі

Мы ні ў якім разе не заклікаем карыстацца маршрутам Сцяпана або іншымі падобнымі маршрутамі. Для многіх грамадзян паездкі ў Беларусь застаюцца небяспечнымі, нават калі яны трапляюць туды з тэрыторыі Расіі. Да таго ж варта памятаць, што і знаходжанне ў Расіі само па сабе небяспечна для беларусаў, да якіх ёсць прэтэнзіі ў беларускіх сілавікоў. Прымаючы рашэнне аб такім падарожжы, трэба ўсведамляць узровень рызыкі і адэкватна ацэньваць свае магчымасці.

«Я цалкам мог спаліцца, прычым на пустым месцы»

Сцяпан ужо даўно жыве і працуе ў Польшчы, на радзіме ён не быў некалькі гадоў. Летась мужчына вырашыў, што прыйшоў час наведаць сваякоў, асабліва састарэлых: «Трэба было пабачыцца, паабдымацца і абмяняцца навагоднімі падарункамі».

Беларус падкрэслівае, што «ў 2020 годзе краіна абышлася без яго», таму ён быў упэўнены, што яго няма ў нейкіх «расстрэльных спісах». Але Сцяпан баяўся, што ў беларускіх сілавікоў маглі ўзнікнуць да яго пытанні па лініі ваенкамата.

«Я такі чалавек, які не тое што не любіць, а хутчэй не ўмее хлусіць. Скажам так, якасна хлусіць. І таму што-небудзь ува мне б зачапілі, што-небудзь знайшлі б у маім тэлефоне. Увогуле, я цалкам мог спаліцца, прычым на пустым месцы».

Сябар Сцяпана, які жыве ў Беларусі і ўсяляк яго адгаворваў ад паездкі, урэшце параіў маршрут, якім карыстаецца ягоны знаёмы: ён паспяхова прыязджаў у Беларусь і пакідаў яе, хоць і з'яўляецца «праблемным» з пункту гледжання сілавікоў.

Маршрут выглядаў так. З Польшчы трэба было дабрацца да Рыгі, а адтуль праз Эстонію даехаць да Пскова. І ўжо з гэтага горада ўязджаць у Беларусь.

«Я падумаў: чаму б не апрабаваць гэты маршрут?!» — расказвае Сцяпан.

Падрыхтоўка была стандартнай: мужчына адпісаўся ад усіх «нядобрых» тэлеграм-каналаў, пачысціў галерэю ў тэлефоне, у тым ліку тэчку з выдаленымі файламі.

«Я не асабліва актыўны чалавек у сацыяльных сетках, — кажа беларус пра падрыхтоўку да паездкі. — Камусьці ставіць лайкі, пакідаць каментары — не мая гісторыя. Так што ў гэтым плане я быў досыць чысты».

«З нашага аўтобуса на гутарку выклікалі дзевяць чалавек»

«Дарога была вельмі доўгая», — адразу ж адзначае Сцяпан.

Спачатку з Польшчы шмат гадзін трэба было дабірацца да Рыгі. З латвійскай сталіцы раз на дзень ходзіць аўтобус да Санкт-Пецярбурга, які спыняецца ў Пскове. Расійскую мяжу ён перасякае з тэрыторыі Эстоніі.

Мужчына кажа, што эстонскія памежнікі ніякіх праблем яму не зрабілі. Але на сценах віселі плакаты, якія папярэджвалі пра небяспеку падарожжаў у Расею і пра верагоднасць закрыцця пунктаў пропуску.

«На расійскім баку было больш жорстка. Яшчэ на рыжскім аўтавакзале, перад ад'ездам, кіроўца папярэдзіў, што на расійскім баку ў сувязі са складаным палітычным становішчам нас могуць запрасіць на гутарку «людзі ў цывільным». Гаворка ішла пра фээсбэшнікаў. Так і здарылася».

Калі Сцяпан з іншымі пасажырамі зайшлі ў фае пашпартнага кантролю, то ўбачылі 15 чалавек, якія сядзелі і чакалі выкліку ў кабінет. Па іх словах, яны тут знаходзіліся ўжо 6-7 гадзін.

«З нашага аўтобуса выклікалі дзевяць чалавек, — успамінае мужчына. — З іх на гутарку трапіў толькі адзін. Гэты мужык быў расейцам. І ён з гэтай нагоды абураўся: «Я ж карэнны масквіч, я павінен быць ва ўсіх вашых базах».

Беларус кажа, што яго не выклікалі, а тым, каму не пашанцавала, выдавалі анкету, у якой былі звычайныя пытанні: прозвішча, імя, месца жыхарства/рэгістрацыі, месца працы, тэлефон і гэтак далей.

«Са слоў таго мужчыны, з якім правялі гутарку, размова была «за жыццё». Яго пыталіся, дзе ён жыве, чым займаецца. Гэта была быццам бы гутарка прыяцеляў. Увогуле, з ім размаўлялі так, каб разгаварыць», — упэўнены Сцяпан.

Гутаркі з «людзьмі ў цывільным» моцна затрымлівалі аўтобус. Беларус кажа, што ў нейкі момант масквічу надакучылі размовы ні пра што: «Паслухайце, я еду ў Піцер, і тут мяне чакае рэйсавы аўтобус, і ён мяне фіг дачакаецца, а вы тут мяне пра дзяцей і жонку пытаеце».

«Увогуле, там адбылося такое маленькае паўстанне гэтых дзевяці чалавек. Асабліва моцным яно стала, калі падышлі кіроўцы і сказалі, што яны больш не могуць чакаць, яны і так спазніліся на ўсё. Шум і лаянка вымусілі спецслужбістаў аддаць пашпарты і адпусціць астатніх без гутаркі».

Сцяпан расказвае, што з рэйсу знялі толькі аднаго мужчыну, які называў сябе чэхам і гучна па-расейску расказваў, «як расійскія ўлады ненавідзяць расійскі народ».

«Паліцэйскі сказаў, што валютчыкаў пакуль няма, ранавата яшчэ»

У Пскоў аўтобус прыехаў а пятай раніцы: на 3,5 гадзіны пазней, чым было пазначана ў раскладзе. Найбліжэйшыя аўтобусы ў Беларусь адпраўляліся ў 13:20 і 13:30. Але квіткі на іх не прадаваліся, і было незразумела, ці будуць вольныя месцы. Прыватных маршрутак не было.

Чакаць больш за восем гадзін Сцяпан не хацеў. Сітуацыя ўскладнялася яшчэ і тым, што ні на адным з двух вакзалаў не было абменнікаў. Гэта ўразіла мужчыну, бо Пскоў — турыстычны горад недалёка ад эстонскай мяжы.

«Калі я пытаўся супрацоўнікаў вакзала, дзе можна памяняць грошы, да мяне падскочыў паліцэйскі з фразай, ад якой у мяне здарыўся кагнітыўны дысананс: «А валютчыкаў пакуль няма — ранавата яшчэ». А потым дадаў: «Але можна ў таксістаў памяняць». Чорт! Паліцэйскі? Ён жа павінен нібыта з гэтай бздурай змагацца, хіба не?!»

Сцяпан скарыстаўся з парады і пайшоў да таксістаў. Заадно ён хацеў даведацца, як можна хутчэй паехаць з Пскова ў Беларусь.

Першы ж кіроўца прапанаваў давезці да мяжы за 100 даляраў, а потым падказаў месца ў горадзе, дзе спыняюцца спадарожныя машыны. Гэта была запраўка з начной крамай.

Сцяпану пашанцавала, літаральна другі чалавек на гэтай запраўцы, да якога ён звярнуўся, пагадзіўся яго давезці да Барысава. Кіроўцам аказаўся беларус, які жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу.

«Ад грошай дзядзька адмовіўся, — расказвае мужчына. — Я прапанаваў яго заправіць, ён спачатку таксама адмаўляўся, але потым здаўся. У Барысаве я спрабаваў усунуць яму хоць бы 50 даляраў — але ён ні ў якую. Увогуле, такі вось чалавечны чалавечышча».

У Беларусь аўтамабіль заехаў спакойна. Расійскія памежнікі хутка праверылі пашпарты і дакументы на машыну. З беларускага боку кантролю на мяжы не было.

Увесь шлях заняў амаль 32 гадзіны. Увесь гэты час Сцяпан практычна не спаў.

«Толькі калі ехаў у Барысаў, спрабуючы забаўляць кіроўцу размовамі, перыядычна разумеў, што лаўлю грудзямі ўласную башку», — расказвае Сцяпан.

«Што вы там фатаграфавалі, падайце карты памяці!»

У Беларусі мужчына правёў каля двух тыдняў. Паводле яго ўражанняў, людзі ў краіне сталі менш даверлівымі.

«Сталі больш скрытнымі, ці што, — удакладняе беларус. — Размаўляеш з незнаёмым чалавекам, а цябе як быццам вывучаюць: свой/чужы. Часам дзіўная рэакцыя на бяскрыўдныя жарты».

Яшчэ яму здалося, што ў крамах з'явілася больш расійскіх прадуктаў, а беларускія «сталі менш смачнымі».

Назад мужчына адправіўся падобным маршрутам: Мінск — Віцебск — Пскоў — Рыга — Польшча. Пры выездзе з Расіі таксама праводзілі гутаркі, і зноў Сцяпан іх паспяхова пазбег: «Я, мабыць, зусім не цікавы для расійскіх спецслужбаў. І гэта вельмі добра».

У адрозненне ад уезду, на выездзе з Расіі больш старанна правяралі торбы. Не проста прапускалі праз «рэнтген», а прасілі адкрываць і капаліся ў рэчах. Асабліва не пашанцавала пары ўкраінцаў, якія везлі з сабой складзеныя спакаваныя ровары.

«Я так разумею, гэта былі муж і жонка. Турысты. У мужчыны быў сур'ёзны фотаапарат. Як толькі сілавікі яго ўбачылі, пачалі ледзь не крычаць: «Што вы там фатаграфавалі, падайце карты памяці!» Потым у іх у дакументах выявілася раздрукоўка браніравання гатэля. І на гэтым лістку была карта. Сілавікі адразу закрычалі: «Што гэта за карта? Паказваем! Хутка! Дастаем ўсё!» Я, калі шчыра, першы раз такое бачыў».

Ён дадае, што ўся чарга «стаяла з вялікімі вачыма і не разумела, што адбываецца».

«Было такое адчуванне, што цяпер, як у кіно, выбежыць атрад аўтаматчыкаў і проста ўсіх пакосіць, разам з роварамі».

Украінцаў у выніку знялі з рэйса. А пасажыры аўтобуса, у якім яны ехалі, сабралі для іх ваду і прадукты».

«Заплаціў за адносны спакой. І ўражанні»

На эстонскім баку рэчы ніхто не правяраў, а пашпартны кантроль заняў 15-20 хвілін. На ўсю зваротную дарогу з Мінска ў Польшчу Сцяпан патраціў каля 35 гадзін.

Беларус дагэтуль баіцца лічыць, колькі грошай ён «зліў» на гэтае «падарожжа». Аднак упэўнены, што сума разы ў тры-чатыры большая, чым калі б ён ехаў наўпрост.

«Я заплаціў за адносны спакой. І ўражанні», — з усмешкай кажа ён.

Мужчына раіць тым, хто ўсё ж такі наважыцца на такую авантуру, мець пры сабе наяўныя расійскія грошы, таму што карткі замежных банкаў на тэрыторыі Расіі наўрад ці будуць працаваць, да таго ж могуць быць праблемы з абменам валюты. Таксама ён раіць падрыхтавацца правесці ў аўтобусах і машынах вельмі шмат часу.

«Як бачыце, я дабраўся! — са смехам падводзіць вынікі Сцяпан. — Жывы-здаровы. Гутарак з супрацоўнікамі не меў. Дакументамі не свяціў. Можна сказаць, узорны кантрабандыст без кантрабанды. Такая вось гісторыя. Не скажу, што моцна вясёлая, але пазнаўчая».

Ці ездзяць беларусы праз Расію?

Сярод знаёмых Сцяпана няма тых, хто падобным чынам трапляе ў Беларусь, але ён ведае, што некаторыя людзі ездзяць на радзіму праз Маскву ці Санкт-Пецярбург. Пацвярджаюць гэта і ў памежных чатах, дзе «відавочным» называюць маршрут: Польшча — Калінінград — самалёт да Масквы ці Піцера — Беларусь.

Але вяртаючыся ў Польшчу, на ўездзе ў Эстонію, Сцяпан пачуў такі дыялог турыста і памежніка.

— Адкуль, куды і навошта вы едзеце?

— З Мінска ў Варшаву да сына.

— З Мінска? У Варшаву?

— Так, з Менска праз Пскоў і Рыгу еду ў Варшаву да сына.

«Трэба было бачыць выраз твару таго эстонца з шаўронам «Слава Украіне». Больш пытанняў ён не задаваў, — кажа Сцяпан.

Чытайце таксама:

«У канцы допыту са злым тварам глядзеў на мой ДНЖ». Беларус расказаў, як з'ездзіў дадому пасля двух гадоў жыцця ў Польшчы

«Калі чытаць навіны — жопа, калі быць тут, то бачыш магчымасці». Беларускія актывісты — пра тое, чаму застаюцца ў краіне і падполлі

«Не трэба будаваць жалезную заслону». Ціханоўская выказалася адносна намераў літоўскіх уладаў закрыць КПП на мяжы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
39
Панылы сорам
6
Ха-ха
6
Ого
5
Сумна
15
Абуральна
13
1
к доктору пора/адказаць/
16.02.2024
Бедная Беларусь..., да вы что, какая бедная? В Минске часами стоят в очереди посмотреть на кусок ткани, другие, пытаются добровольно попасть в конц лагерь и потом расказывают, какие они удачные, что в этот раз! удалось.
0
Пацыфіст/адказаць/
16.02.2024
Ляжу, п’ю каву ў Ваве, чытаю артыкул НН, і думаю, нафіг увогуле такія прыгоды.
0
Ноўнэйм /адказаць/
16.02.2024
Сцяпана ўражвае шмат рэчаў падчас яго падарожжа. Адразу бачна, што чалавек "некалькі гадоў не быў у Беларусі". А тыя ўкраінцы з роварам і фатаапаратам, "турысты" - рука-твар
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031