Знайсці
06.01.2010 / 14:1016РусŁacБел

Як капыльскія міліцыянеры праводзілі беларусізацыю

Былы начальнік Капыльскага РАУС Мікалай Бердніковіч быў адным з першых, а магчыма, і адзіным міліцэйскім чыноўнікам такога высокага рангу, які сваім загадам перавёў справаводства ў аддзеле на беларускую мову.

Палкоўнік міліцыі ў адстаўцы, былы начальнік Капыльскага РАУС Мікалай Бердніковіч быў адным з першых, а магчыма, і адзіным міліцэйскім чыноўнікам такога высокага рангу, які сваім загадам перавёў справаводства ў аддзеле на беларускую мову.

На пачатку 90‑х гадоў мінулага стагоддзя гэта было смелым учынкам.

Таму маё першае пытанне цалкам зразумелае:

— Як вы, спадар Мікалай, даспелі да такой неабачлівасці?

— Прасцей за ўсё было б адказаць, што сама служба змушае міліцыянта да нейкіх неардынарных учынкаў, якія патрабуюць смеласці і рашучасці. Але болей за ўсё міліцыянту, як, дарэчы, і кожнаму грамадзяніну патрэбна законапаслухмянасць. Калі быў прыняты закон аб дзяржаўнай беларускай мове, яго трэба было выконваць. Але, што праўда, з гэтай справай можна было не спяшацца, бо быў вызначаны даволі працяглы адаптацыйны перыяд для моўнай падрыхтоўкі людзей і арганізацыйнай падрыхтоўкі структур. Для многіх з гэтым была звязана надзея — пагамоняць і забудуцца. Усё застанецца па‑ранейшаму, як звычайна.

А я паставіў пытанне рубам: «Ці ж мы не беларусы?!»

— Сапраўды, большасць тутэйшага люду лічыць сябе беларусамі. Але ж з лёгкасцю абыходзяцца без беларускай мовы.

— Колькі жыву, заўсёды марыў размаўляць на беларускай мове. Не сам па сабе, зразумела, не сам з сабою, а ў грамадстве. На працы, сярод людзей, у звычайнай паўсядзённай мітусні. Гэта пачуццё абвастрылася падчас вучобы ў Валгаградскай вышэйшай следчай міліцэйскай школе ў 1969—1973 гадах. У нас на курсе былі прадстаўнікі аж 17 нацыянальнасцяў, і было зайдросна, калі ўсе, апроч беларусаў, размаўлялі паміж сабой на сваёй мове. І, мабыць, ад такой тугі па родным я пачаў выпісваць беларускія газеты. Памятаю, як атрымліваў іх на пошце — скручаныя ў трубачку, змацаваныя сашчэпкамі.

Прыемна было тлумачыць цікаўным, што яны напісаны па‑беларуску, што я беларус.

Добра памятаю той дзень, калі быў надрукаваны закон аб мове. Не скажу, што я прагна чакаў менавіта гэткага закона, але ён адразу прыахвоціў да канкрэтных дзеянняў. Знайшліся і аднадумцы. Дырэктар ліцэя, загадчык раённага аддзела адукацыі. Яны і да гэтай пары ўсе свае афіцыйныя прамовы рабілі па‑беларуску, карысталіся беларускай мовай у службовай паўсядзёнцы. Ды і ў нас, у міліцыі, было прыхільнае стаўленне да мовы.

Ніхто не лічыў, як пазней Лукашэнка, што па‑беларуску нельга выказаць ніводнай слушнай думкі.

Але не хапала ведаў, не было адпаведнага патрэбам досведу яе ўжывання. Таму на дапамогу паклікалі настаўніцу беларускай мовы Клару Іларыёнаўну Сядзельнікаву. Параіліся і падсумавалі выказаныя думкі: «Ці ж мы не беларусы, давайце ж пачувацца беларусамі на самай справе і пераходзіць на родную мову».

Добра разумеючы, што адклад не ідзе ў лад, у гэты ж дзень сабралі ўсе пішучыя машынкі, адвезлі іх у «Беллічтэхніку» на завулак Бехцерава ў Мінску, дзе перакляпалі патрэбныя літары на беларускія. З гэтага дня перавялі ўсё справаводства на мову і вырашылі на службе размаўляць толькі па‑беларуску.

Уся візуальна арганізаваная інфармацыя ад шыльды на будынку да таблічак на прыбіральнях — усё было было напісана па‑беларуску.

— А як з допытам затрыманых? Відавочна, не ўсе з іх настолькі добра валодалі мовай, каб дакладна адказваць на пытанні следчага?

— Працоўны дзень звычайна пачынаецца з планёркі. Тут кожны павінен выказацца і паслухаць, што кажуць іншыя. І таму дапамагалі адзін аднаму ліквідаваць моўныя цяжкасці. А гэта было стымулам, які добра дзейнічаў. Нікому ж не хацелася паўтараць адны і тыя ж памылкі, не хацелася, каб з яго смяяліся. Маўляў, ты што, не беларус?

Усё добра прыжылося, спадабалася, калектыў успрыняў гэтыя змены як пазітыўныя. А для следчага аддзялення зрабілі выключэнне. Пакуль што. Улічылі, што следчым трэба складаць пратаколы допытаў, а для гэтага патрэбны спрыт і вопыт у пісьменстве. Да таго ж крымінальныя справы праходзілі праз суд, а там не ўсе былі гатовы працаваць на беларускай мове. Суддзю, які зараз жыве ў Ізраілі, а да нас прыехаў з Казахстана, было цяжка. І судовы працэс бесперапынны па сваім характары, як і вытворчы, яго нельга прыпыняць. Але і гэтыя складанасці мы лічылі часовымі.

— Добра, культурную рэвалюцыю ў межах свайго асобна ўзятага аддзела вы зрабілі. Але ж над вамі было начальства…

— У гэтай справе мы былі пачынальнікамі сярод усіх выканкамаўскіх структур і раённых арганізацый. А неўзабаве беларусізацыя справаводства перайшла і на больш высокі ўзровень. Бланкі, інструкцыі, распараджэнні ад абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў мы пачалі атрымліваць на беларускай мове. І калі на адну з справаздач у Капыль прыехаў першы намеснік міністра, ці ён ужо быў міністрам унутраных спраў Беларусі, генерал Уладізмір Данько, ён вельмі здзівіўся, што ўсе супрацоўнікі размаўляюць на беларускай мове сапраўды як на сваёй роднай. На нарадзе ўсе выступоўцы рабілі даклады таксама па‑беларуску.

І, як чалавек далікатны і добра выхаваны, генерал папрасіў прабачэння за тое, што ягоны штаб падрыхтаваў дакументы да нарады на рускай мове. Але ж уступнае слова да даклада зрабіў таксама на беларускай мове.

На наступны дзень мне тэлефанавалі калегі з МУС і дапытваліся, чым мы змаглі так здзівіць высокую асобу міністэрства, што так станоўча ацэньваюцца вынікі нашай дзейнасці. Я жартам адказаў, што, мабыць, не толькі беларускай мовай, але і поспехамі ў забеспячэнні правапарадку.

Магчыма, іншыя міліцэйскія аддзелы краіны не ставіліся да моўнага адраджэння з такім энтузіязмам, як мы, але паступова беларуская мова пачала займаць тыя пазіцыі ў службовым жыцці, якія ёй належала заняць і па гістарычным праве, і па законе. Так мы працавалі да рэферэндуму 1995 года, у які было ўключана і «моўнае пытанне». Спачатку кола сцішыла свой ход, а пасля пачало з нарастаючай хуткасцю круціцца ў адваротны бок. Прычым афіцыйныя прыхільнікі дзвюхмоўя на самай справе амаль усе выступілі менавіта супраць беларускай мовы. Хоць на самай справе шмат хто з іх рускую мову ведаў нават горш за беларускую. А вырашаная такім чынам праблема пазбаўляла неабходнасці вывучаць абедзве.

Вось на гэтым звычайным для кожнага школьнага троечніка ўзроўні знайшлі кампраміс.

Літаральна праз месяц пасля маёй адстаўкі нават успаміну не засталося пра тое, што некалі ў Капыльскім РАУС адбылася культурная рэвалюцыя.

Канстанцін Скуратовіч, Народная воля

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера