Знайсці
12.02.2024 / 22:124РусŁacБел

Пад бел-чырвона-белым сцягам. 30 гадоў таму прайшлі першыя Алімпійскія гульні з удзелам каманды незалежнай Беларусі

30 гадоў таму ў нарвежскім Лілехамеры прайшлі зімовыя Алімпійскія гульні. Для беларускай зборнай гэта была першая Алімпіяда ў незалежнай краіне, першая Алімпіяда пад бел-чырвона-белым сцягам і пакуль адзіная без актыўнага ўдзелу ў ёй Лукашэнкі. Выданне Palatno расказала галоўныя факты пра беларускіх спартсменаў у Лілехамеры-1994.

Нарвежскі плакат-прывітанне для беларусаў на іх роднай мове (хоць і недасканалай). Фота: facebook.com/andrej.kotljarchuk

Першая Алімпіяда для беларусаў

Да выступлення ў Лілехамеры ў 1994 годзе грамадзяне ўжо незалежнай Беларусі ўваходзілі ў аб’яднаную каманду краін СНД. Так было падчас дзвюх Алімпіяд у 1992 годзе: летняй у Барселоне і зімовай у Альбервілі. Але аб’яднаная каманда перастала існаваць пасля Алімпійскіх гульняў у Барселоне, усе постсавецкія краіны сфарміравалі свае нацыянальныя каманды.

У Нарвегію паехалі 33 беларускія спартсмены. Яны спаборнічалі ў біятлоне, фрыстайле, лыжных гонках, лыжным дваябор'і, скачках з трампліна, канькабежным спорце і фігурным катанні.

З бел-чырвона-белым сцягам і без Лукашэнкі

Для гісторыі зімовая Алімпіяда ў Лілехамеры стала сапраўды знакавай. Упершыню ў беларускай гісторыі на Алімпіядзе быў узняты бел-чырвона-белы сцяг. Сцяганосцам стаў біятланіст Яўген Рэдзькін — сенсацыйны чэмпіён папярэдняй Алімпіяды. Дарэчы, на адкрыццё алімпійскай вёскі беларусы не паспелі, бо прыляцелі ў Нарвегію на дзень пазней.

Вядома, Алімпійскія гульні ў Лілехамеры прайшлі без Лукашэнкі. У той момант да першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі яшчэ заставалася некалькі месяцаў, і іх будучы пераможца, пакуль толькі кіраўнік антыкарупцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета, яшчэ рыхтаваўся ўступіць у выбарчую гонку. Пазней жа ён нават шмат гадоў быў кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэту — да ўвядзення санкцый за фальсіфікацыю чарговых выбараў і адказнасць за масавыя рэпрэсіі пасля сфальсіфікаваных выбараў.

Ежа, вопратка і свой дом

На Алімпіядзе ў Лілехамеры беларусы жылі ў алімпійскай вёсцы, але ўсё адно не разам. Лыжнікі жылі асобна ад канькабежцаў і фігурыстаў з-за таго, што выступалі ў розных і аддаленых месцах.

Лыжнік Сяргей Далідовіч у інтэрв’ю для «Трыбуны» ўспамінаў, што для алімпійцаў зрабілі дзве формы. Першая форма не спадабалася спартыўным чыноўнікам. Новую форму зрабіла Adidas: «Мне яна запомнілася тым, што апазнавальных знакаў на ёй амаль не было — толькі на куртцы быў надпіс Belarus», — расказваў Далідовіч.

На Алімпіядзе для спартсменаў зрабілі шведскі стол. Беларусы ўспаміналі, што гэта была нядрэнная ежа — лепшая, напрыклад, чым на зімовай Алімпіядзе 2006 года ў італьянскім Турыне. Тады, па чутках, многіх спартсменаў — і не толькі беларускіх — не ўразіла італьянская ежа, якую палічылі нясмачнай, а таксама адзначалі, што яе было проста мала.

Лепшая Алімпіяда на працягу 16 гадоў

Беларусы атрымалі на тых гульнях два алімпійскія медалі — срэбра ў канькабежным спорце і біятлоне.

Аршанец Ігар Жалязоўскі ў Лілехамеры прабег на каньках дыстанцыю ў 1000 метраў на срэбраны медаль, першае месца засталося за амерыканцам Дэнам Джэнсэнам. Дарэчы, Жалязоўскі палепшыў свой вынік з зімовай Алімпіяды ў канадскім Калгары ў 1988 годзе. Тады беларус прабег тую ж дыстанцыю на бронзавы медаль, і там выступаў яшчэ ў складзе зборнай СССР.

Ігар Жалязоўскі

Жалязоўскі завяршыў спартыўную кар’еру пасля Алімпіяды ў Нарвегіі, але застаўся ў спорце як чыноўнік: дзесяць гадоў быў кіраўніком Беларускага саюза канькабежцаў і стаў першым прэзідэнтам Параалімпійскага камітэта Беларусі. Ён памёр у 2021 годзе.

Светлана Парамыгіна

Другі срэбраны медаль застаўся за біятланісткай Святланай Парамыгінай. Парамыгіна выйграла медаль у спрынце, яе абышла толькі канадка Мірыям Бедар. Увогуле Святлана — адна з самых выніковых біятланістак першых гадоў незалежнасці Беларусі: яна неаднаразова перамагала ў чэмпіянатах Еўропы і свету. Парамыгіна працягвала займацца біятлонам да 2001 года, а затым скончыла прафесійную кар’еру і пайшла ў спартыўную журналістыку. Цяпер былая спартсменка жыве ў Мінску.

Увогуле, Алімпіяда ў Лілехамеры стала самай паспяховай для беларускай зборнай амаль на два дзесяцігоддзі. На наступнай у японскім Нагана-1998 беларусы таксама мелі два медалі, але ўжо толькі бронзавыя. У Солт-Лэйк-Сіці-2002 і Турыне-2006 было толькі па адным медалі — бронзавым і срэбным адпаведна. І толькі на Алімпійскіх гульнях у Ванкуверы ў 2010 годзе вынік першага выступлення беларусаў на зімовай Алімпіядзе ўдалося перасягнуць дзякуючы золату фрыстайліста Аляксея Грышына, срэбру біятланіста Сяргея Новікава і бронзе біятланісткі Дар’і Домрачавай.

Чытайце таксама:

На юніёрскім чэмпіянаце Еўропы па біятлоне перамог спартсмен з зусім нечаканай краіны

Прэзентавалі медалі Алімпіяды. Яны прыгожыя і перадаюць дух Францыі

Спартыўны чыноўнік лічыць, што беларусам лепш ехаць на спаборніцтвы ў Расію, чым на Алімпіяду ў Парыж

На Спартакіядзе ў Расіі скандал выбухнуў яшчэ да старту. Нечакана забаранілі беларускіх біятланістаў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
25
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
3
0
Яшчэ будзе не адна такая Алімпіяда. Жыве Беларусь!/адказаць/
12.02.2024
З бел-чырвона-белым сцягам і без Лукашэнкі
13.02.2024
Эх, памятаю, як сачыў за бегам Жалязоўскага... былі часы.
1
Алек. Ру/адказаць/
13.02.2024
Якое ж прыгожае спалучэнне белага І чырвонага, без лукашыстскай балотнай зелені І недарэчнага арнамента!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930