Знайсці
07.02.2024 / 22:511РусŁacБел

«Суразмоўцы спрабуюць стварыць ілюзію, што яны на маім баку». Беларусы расказалі, як праходзілі допыты на мяжы

Пры перасячэнні мяжы беларусаў усё часцей адпраўляюць на «гутаркі» з людзьмі ў цывільным і правяраюць тэлефоны. Most пагаварыў з тымі, хто прайшоў такі допыт на мяжы. Што цікавіла сілавікоў, як яны сябе паводзілі і якія звесткі шукалі ў тэлефонах?

Фота ілюстрацыйнае

«Пыталіся, што я думаю пра далучэнне заходняй часткі Беларусі да БССР»

Дар'я жыве ў Польшчы, мае пастаянны ДНЖ і да лета 2023 года перасякала беларускую мяжу без праблем. У ліпені, пасля амаль гадавога знаходжання ў Варшаве, жанчына паехала па справах у Мінск. Пры праверцы пашпарта на беларускім баку яе дакумент адклалі ўбок і папрасілі пачакаць.

«Пасля таго, як усе пасажыры аўтобуса прайшлі кантроль, мяне папрасілі падняцца з чалавекам у цывільным на другі паверх прапускнога пункта. У пакоі знаходзіліся двое мужчын, таксама ў цывільным. З імі і праходзіла гутарка.

Пытанні тычыліся прычыны майго працяглага знаходжання ў Варшаве, карты паляка — калі і чаму атрыманая. Цікавіліся, на якія грошы я жыву ў Польшчы, чаму сын вучыцца ў Варшаве, а не ў Мінску. Пыталіся, што я думаю пра далучэнне заходняй часткі Беларусі да БССР пасля 1939 года».

Суразмоўцаў Дар'і цікавіла, з якой мэтай і на які тэрмін яна едзе ў Мінск.

«Я адказала, што Мінск — мой дом, там жывуць бацькі і муж, і я застануся там столькі, колькі палічу патрэбным».

Тэлефон беларускі доўга і грунтоўна аглядалі. Правяралі сацыяльныя сеткі, кантакты, нешта запісвалі ў нататнік.

«Усё доўжылася, напэўна, хвілін з 30, мой пашпарт ляжаў у іх на стале. Было вельмі няўтульна, але мне не было чаго хаваць. Пасля гутаркі пашпарт і тэлефон вярнулі і «дазволілі» ехаць дадому. Аўтобус увесь гэты час мяне чакаў».

«Старалася падавацца абыякавай»

У Алесі ў Чэхіі жывуць блізкія сваякі, да якіх яна ездзіць у госці некалькі разоў на год. У 2023 годзе дзяўчына выязджала з Беларусі двойчы і абодва разы пры вяртанні сутыкалася з праверкай тэлефона на мяжы.

«Першы раз мяне адзіную вывелі з аўтобуса. Другі раз акрамя мяне дапытвалі яшчэ некалькіх украінцаў. З чым звязаная такая ўвага, я не ведаю. Безумоўна, я не была ў баку ад палітычных працэсаў, якія адбываліся ў краіне. Але мяне не арыштоўвалі, я нічога не данаціла і, як мне здаецца, нідзе асабліва не свяцілася».

Алеся працуе ў адной з беларускіх ВНУ. З нядаўніх часоў у дзяржаўных універсітэтах з'явіліся спецыяльныя супрацоўнікі, якія адказваюць за «прававую дзейнасць і бяспеку». Па словах дзяўчыны, праз іх узгадняюць не толькі наём новых людзей, але і пераход на іншыя пасады або кафедры ўнутры навучальнай установы. Любога работніка могуць проста выклікаць да такога чалавека дзеля гутаркі і праверкі тэлефона.

«Мой тэлефон чысты, бо падпіскі, лайкі, гісторыю дзеянняў у фэйсбуку ў мяне ўжо правяралі на працы. На мяжы я адразу сказала, дзе працую, і што мае сацсеткі «пад наглядам». Мяне распыталі пра мэты паездкі і адпусцілі. Абодва разы падчас гутаркі было хвалююча, але я старалася вонкава здавацца максімальна спакойнай і абыякавай».

«На экране нешта высвечваецца — і памежнік мяняецца ў твары»

Мікалай з сям'ёй ездзіў у 2023 годзе з Беларусі на некалькі тыдняў да сяброў у Еўропу. У 2020 годзе мужчыну затрымлівалі і арыштоўвалі, таму да праверак ён быў гатовы.

«Ехалі мы з Літвы, і я ведаў, што будуць правяраць, бо я ёсць у базе даных. Я загадзя пачысціў тэлефон, паразмаўляў з сябрамі, якія нядаўна ездзілі праз мяжу. Яны параілі размаўляць з памежнікамі і мытнікамі па-руску, так я ў выніку і зрабіў».

Для ўездзу ў Беларусь сям'я абрала невялікі памежны пераход у надзеі, што там не будзе штатнага супрацоўніка КДБ.

«Было ясна, што размовы не пазбегчы. Але, прынамсі, я спадзяваўся, што там будзе менш фанатычны чувак. Так і здарылася. Калі мы падавалі дакументы, я быў з дзіцём. Памежнікі правяралі дакументы дзіцяці, нешта там усміхаліся. З імі было вельмі прыязнае кантактаванне.

Потым памежнік бярэ мой пашпарт — і ў яго на экране нешта высвечваецца. Ён мяняецца ў твары, нешта шэпча ў рацыю, і адразу ў супрацоўнікаў у суседніх вакенцах таксама мяняюцца твары. Прыязнасць змяняецца напружаннем, насцярожанасцю. Пасля прыбягае малады хлопец-памежнік, забірае мае дакументы».

Мікалаю прапанавалі ад'ехаць на спецыяльную паркоўку. Адзін з памежнікаў пры гэтым падсеў да мужчыны ў машыну.

«Мы праехалі агулам метраў з 10, таму гэта выглядала як нейкі незразумелы канвой. Мяне загналі на адмысловую паркоўку, заблакавалі машыну ззаду, на колы надзелі нейкі блакатар з шыпамі, каб я не мог з’ехаць. Сказалі сядзець і чакаць, пакуль за мной прыйдуць. Потым мяне павялі на размову да нейкага чалавека. Падаецца, што гэта быў не штатны гэбіст, а гэбіст-памежнік. Склалася ўражанне, што яму гэтая размова падабалася не больш за мяне».

Мікалай адзначае, што калі яго вялі ў кабінет, на тварах іншых супрацоўнікаў чыталася напружанне. Ён падкрэслівае, што гэта была не злараднасць. У мужчыны склалася адчуванне, што памежнікам было непрыемна, што яны становяцца сведкамі таго, чаго б ім не хацелася.

У кабінеце ў суразмоўцы пыталіся, куды ён ездзіў, з якой мэтай, як доўга знаходзіўся за мяжой.

«Прычым пытанні гэты супрацоўнік задаваў адныя і тыя ж па некалькі разоў, але пад рознымі соусамі. Напэўна, правяраў, ці не хлушу».

Мужчыну спыталі, ці былі ў яго адміністрацыйныя правапарушэнні.

«Ведаючы, што ён хоча пачуць, я пачаў распавядаць, што атрымліваў штрафы як прадпрымальнік, за памылкі ў падатковай дэкларацыі. Тады ён спытаў наўпрост, ці былі затрыманні. Я сказаў «так».

Мікалая распыталі пра затрыманне, пра тое, ці не ўдзельнічаў ён у палітычных акцыях. Цікавіліся, ці стаў бы мужчына цяпер удзельнічаць у падобных мерапрыемствах. Затым пытанні зноў вярталіся да мэты паездкі.

«Мне падалося, што калі ён дазнаўся, што я ездзіў з жонкай і дзіцём, нібыта стаў больш лагодным. Увогуле падавалася, што ён не планаваў да мяне занадта чапляцца. Склалася ўражанне, што ў яго быў намер максімальна дакладна выканаць тыя пункцікі, якія ад яго чакаюць, і хутчэй скончыць гэтую справу».

Сілавік таксама праверыў тэлефон нашага суразмоўцы і зрабіў некалькі фота смартфона. Мікалай мяркуе, што супрацоўнік зафіксаваў IMEI, каб зразумець, ці ўвесь час ён карыстаецца гэтым тэлефонам, ці выкарыстоўвае толькі для перасячэння мяжы. Затым Мікалаю сказалі ісці да машыны і чакаць, дакументы на аўто пры гэтым засталіся ў кабінеце.

«Калі памежнікі ўбачылі, што я вяртаюся, усе навокал выдыхнулі. Было бачна, што ім самім не падабаецца гэтая працэдура, калі кагосьці затрымліваюць. Пасля гэтага застаўся асабісты дагляд і дагляд машыны».

Па словах Мікалая, супрацоўніца мытні падышла да сваіх абавязкаў старанна:

«Машыну мне ператрэслі проста татальна: кішэні ў сумках, дзіцячыя рэчы, чамаданы, аўтамабільныя боксы для інструментаў. Але гэта адбывалася даволі добразычліва, без прыніжэнняў. Потым мне вярнулі ўсе дакументы і мы паехалі».

Мікалай адзначае, што ўсё адбылося даволі хутка, і лічыць, што лёгка абышоўся.

«Калі ўлічваць, што я ў спісе і гэтай працэдуры было цяжка пазбегнуць, гэта быў даволі лайтовы варыянт праходжання мяжы».

«Слухай, клоўн, калі ты цяпер не будзеш нармальна гаварыць, то будзеш гаварыць па-іншаму ў іншым месцы»

Пачынаючы з 2020 года Іван перасякаў беларускую мяжу сем разоў. Да лета 2023 года пытанняў да мужчыны не ўзнікала, але потым пачаліся складанасці.

«З ліпеня да верасня мінулага года я перасякаў мяжу тры разы і ўсе тры разы мяне адводзілі ўбок. Гэта здаралася адразу пры пашпартным кантролі. Напэўна, у іх там нешта высвечвалася на экране».

Іван падкрэслівае, што кожны раз ехаў рознымі спосабамі — як пасажыр машыны, як кіроўца і як пасажыр аўтобуса. Па словах мужчыны, на мяжы яму даводзілася мець зносіны з двума тыпамі прадстаўнікоў сілавых структур.

«Першы тып — спецыяльны чалавек з КДБ. Ты заходзіш да яго ў кабінет, і ён задае пытанні. Другі тып — работнік мытні. Не думаю, што ён з той жа сферы, што і першы. Магчыма, займае якую-небудзь пасаду накшталт ідэолага або работніка інфармацыйнай бяспекі. Проста па паводзінах відаць, што ім зверху навязалі гэтую тэму і яны павінны з табой пагаварыць.

Аднойчы такі супрацоўнік нават не вадзіў мяне ў кабінет. Проста адвёў да шлагбаўма, папрасіў тэлефон, адфоткаў IMEI і іншыя даныя тэлефона. Увогуле, яны дакладна ведаюць, як часта і дзе ты карыстаўся гэтым тэлефонам».

Паводле слоў Івана, «каля шлагбаўма» работнікі мытні правяраюць профілі ў сацсетках і падпіскі ў тэлеграме. Акрамя гэтага, задаюць пытанні. Якія ў вас прэтэнзіі да ўлады? Што вы рабілі ў 2020 годзе? У чым праяўлялася ваша нязгода?

«У іх ёсць пэўная метадычка, і гэтыя пытанні мне задавалі на мытнях усе апошнія тры разы».

Іван не выключае, што ёсць нейкі іншы спіс людзей, з якімі гавораць па-іншаму. Мужчына расказвае, што калі сутыкнуўся з праверкай у першы раз, вырашыў, што называецца, «уключыць дурня». На пытанне «Чым займаўся ў 2020 годзе?» беларус пачаў расказваць пра сямейныя праблемы, якія напаткалі яго якраз у той перыяд.

«На гэта я атрымаў адказ: «Слухай, клоўн, калі ты цяпер не будзеш нармальна гаварыць, то будзеш гаварыць па-іншаму ў іншым месцы».

«Ты для іх не чалавек, ты — проста справа. Маленькая спраўка»

Той раз Івана пасля размовы з мытнікам адпусцілі, але ўжо пры наступным перасячэнні мяжы мужчыну адправілі ў кабінет на гутарку з сілавікамі ў цывільным.

«Вось там ужо было жорстка. Супрацоўнік глядзеў усе фота ў тэлефоне, у тым ліку папку з выдаленымі, прасіў даныя ICloud, але я не даў. Усе астатнія паролі я яму выдаў. Натуральна, напярэдадні паездкі тэлефон я пачысціў».

Іван адзначае, што адчуваў сябе ўдвая няўтульна ад таго, што размова запісвалася на відэакамеру.

«Мяне так неахайна, як бы паміж іншым, пыталіся: што вам не падабалася, якія былі пытанні да дзейнай улады? Было пачуццё, што суразмоўцы спрабуюць стварыць ілюзію, што яны на маім баку. Маўляў, так, ты мог спатыкнуцца, але цяпер мы табе дапаможам, усё падкажам. Ты, галоўнае, не круціся, а проста пагавары з намі, мы цябе зразумеем. І ў глыбіні душы хочацца на гэта павесціся».

У нейкі момант адзін з сілавікоў прапанаваў выключыць камеру і пагаварыць па душах не пад запіс. Але Іван на гэта не купіўся.

«Я ў гэты момант думаю: але чувак жа гаворыць гэтыя словы на камеру, значыць, гэта проста такі сцэнар. Я выпрацаваў пэўную стратэгію паводзін: я шчыра не разумею, чаму тут сяджу. І ўсімі спосабамі выказваў гэта неразуменне. Я сказаў: «Калі ў вас ёсць нейкія аргументы або факты супраць мяне, вы можаце мне іх пазначыць. Але я шчыра не разумею, чаму мы тут сядзім і чаму я адчуваю сябе ў чымсьці вінаватым, хоць мне не было прад'яўлена ніякіх абвінавачванняў». Я не сядзеў на сутках і нават не галасаваў, бо ў той дзень не змог паехаць у горад, дзе прапісаны».

Кожны раз пасля такіх гутарак Івана адпускалі, але мужчына не пакідаў спробу даведацца, чым выкліканая такая цікавасць сілавікоў.

«Я пытаўся, з якой прычыны мяне затрымліваюць ужо трэці раз. Да каго мне звярнуцца з гэтым пытаннем? Куды напісаць ліст з тлумачэннямі? Кожны раз мне адказвалі, што настойліва рэкамендуюць нікуды не звяртацца, каб не нарвацца на непрыемнасці.

Я спрабаваў заклікаць да дыялогу, але пераканаўся ў простай рэчы: у сілавых ведамствах людзі праходзяць такі адбор, такую фільтрацыю! Ёсць адчуванне, што гэтым хлопцам як быццам бы ампутавалі эмпатыю і простую чалавечую салідарнасць. У іх няма ніякага саўдзелу, спагады. Ты для іх не чалавек, ты — проста справа. Маленькая спраўка, якую трэба апрацаваць і птушачку паставіць, што гутарка праведзена».

Беларус прызнаецца, што пасля трох гутарак на мяжы цяпер баіцца выязджаць з краіны.

«Вядома, мне стромна. Я не ведаю, чым скончыцца чарговая такая размова. Але і з'язджаць назусім не планую, бо эміграцыя не развяжа іншых маіх праблем. Для мяне псіхалагічна важна заставацца на сваёй зямлі, гэта мой свядомы выбар».

@nashaniva Ствараюць ілюзію, што яны на тваім баку. Беларусы расказалі, як праходзілі допыты на граніцы #беларусь#польша#граница#беларусьсейчас#нашаніва♬ Lost Lifes - Steve Ralph

Чытайце таксама:

«Паглядзеў карту пад сваёй лямпай магічнай і пажадаў шчаслівай дарогі». Ці сапраўды памежнікі не выпускаюць з Беларусі, калі чалавек не паведаміў пра замежны ДНЖ?

«Няма. Я іх не накупляюся». На мытні ў чалавека патрабавалі тэлефон, хоць тры месяцы таму самі яго забралі

«Мы ўсё знойдзем, усё дакажам, і пойдзеце вы на 7 гадоў». Быхаўскі пісьменнік-фантаст расказаў, як яго пляжылі за супрацу з рэгіянальнымі СМІ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
11
Панылы сорам
9
Ха-ха
4
Ого
8
Сумна
20
Абуральна
101
0
Хаха три раза/адказаць/
08.02.2024
Довелось проходить границу в 21-м, когда ещё не была налажена система допросов. Ехал ночью в автобусе со своими детьми. Как только пограничник увидел мой паспорт, сразу побежал с ним куда-то. Спустя 2 минуты в зале досмотра появился кинолог с собачкой размером с коня. Собачка якобы случайно молнией бросилась в нашу сторону, чтоб обнюхать. Потом оставалась неподалеку всё время. Далее мне сказали, что наши паспорта вернут чуть позже, а пока приглашаем посидеть в уголке. Выходить нельзя даже в туалет. Сидели более часа, пока полный автобус людей нас ожидал. Я успел отложить пару кг виртуальных кирпичей, не раз попрощаться с детьми, дать инструкции, чтоб не скучали по папке ближайшие годы. В уме бесконечно подсчитывал, сколько времени губопикам надо, чтоб добраться из областного центра в пункт пропуска. Погранцы и таможенники бесконечно ходили друг за другом с растерянными лицами. Через почти полтора часа ожидания таможенник задал пару формальных вопросов о наличии наркотиков, оружия, денег заглянул в чемоданы и вручил на подпись протокол углубленного досмотра. С тех пор не пересекаю границу, т.к. почти уверен, что от задержания тогда спасло лишь наличие детей, которых не придумали, куда девать ночью.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031