Знайсці
07.02.2024 / 20:5315РусŁacБел

«З Залужным відавочная рэч: Зяленскі не можа ім кіраваць». Украінскае грамадства і войска напружылася ў чаканні лёсавызначальнай адстаўкі 

«Украінская праўда», выкарыстоўваючы ўласныя інсайды, вырашыла разабрацца, як і чаму прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі шукае замену Валерыю Залужнаму і якія гэта можа мець наступствы для палітыкі, войска і краіны ў цэлым.

Фота: фэйсбук намесніцы міністра абароны Украіны Ганны Маляр

У канцы студзеня ў Офісе прэзідэнта Украіны адбылася закрытая сустрэча. Адна з сацыялагічных службаў прэзентавала для Уладзіміра Зяленскага і людзей з яго найбліжэйшага атачэння вялікае даследаванне грамадскіх настрояў. Падобныя апытанні Офіс замаўляе рэгулярна, але гэтым разам вынікі былі для прысутных вельмі нечаканыя.

Як пераконваюць адразу тры суразмоўцы «Украінскай праўды», знаёмыя з ходам прэзентацыі, асаблівую цікавасць у каманды Зяленскага выклікала некалькі паказчыкаў.

Па-першае, даследаванне паказала павелічэнне колькасці людзей, якія хочуць заканчэння вайны нават коштам нейкіх кампрамісаў з агрэсарам.

Па-другое, палітычная дынаміка дэманстравала відавочныя трэнды: падзенне падтрымкі ўлады і прэзідэнта і адначасовы рост рэйтынгаў галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага і яго яшчэ нават не створанай партыі.

У Офісе засумняваліся ў дакладнасці даных апытання, строга папрасілі нідзе іх не публікаваць і нават людзям з каманды, па-за вузкім колам найбліжэйшых, апытанні не паказалі.

Прэзентацыя адбылася 24 студзеня. А ўжо 29-га Зяленскі запрасіў у Офіс Залужнага і прапанаваў яму знайсці для сябе нейкую новую пасаду ў камандзе.

Прэзідэнт Украіны ўжо не раз за сваю кадэнцыю праводзіў падобныя размовы, і ўсе папярэднія разы ягоныя апаненты, ці то прэм'ер, ці то генеральны пракурор, заўсёды згаджаліся адысці ўбок. Залужны стаў першым, хто на такую прапанову адказаў адмовай.

Існуе вялікая спакуса прыняць дзве згаданыя сустрэчы ў Офісе як прычыну і наступства. Але гэта было б вялікім спрашчэннем.

Першая адмова: як угаворвалі Залужнага 29 студзеня

Валерый Залужны збіраўся абмяркоўваць планы вайны на 2024 год з міністрам абароны Рустэмам Умеравым і прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Для пацвярджэння фактажу і ўласных аргументаў Залужны ўзяў з сабой папкі з дакументамі і разлікамі Генштаба.

Спачатку ён асобна сустрэўся з міністрам абароны. Пасля таго галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны разам з Умеравым паехалі на Банкавую вуліцу, дзе знаходзіцца Офіс прэзідэнта.

Размова Зяленскага з Залужным была на дзіва спакойнай, але яна зусім не тычылася планавання вайны. Зяленскі адкрытым тэкстам паведаміў Залужнаму, што вырашыў перафарматаваць вайсковую каманду, у прыватнасці замяніць галоўнакамандуючага УСУ.

Для Залужнага словы прэзідэнта не сталі сюрпрызам. Яшчэ раней Зяленскі крытыкаваў галоўнакамандуючага на пасяджэннях стаўкі. З-за гэтага ў вайсковых і палітычных колах больш за год абмяркоўвалі магчымасць замены Залужнага на камандуючага Сухапутных войскаў УСУ генерал-палкоўніка Аляксандра Сырскага.

На сустрэчы 29 студзеня Зяленскі не называў прозвішча таго, хто можа стаць новым галоўнакамандуючым УСУ. Але даў зразумець, што бліжэйшая каманда, якая працавала з Залужным, павінна пайсці разам з ім. Перш за ўсё гаворка ішла пра начальніка Генштаба Сяргея Шапталу.

Акрамя таго, свае пасады і ўплыў павінны былі б страціць людзі з найбліжэйшага акружэння Залужнага, якія ва ўнутранай лексіцы ОПУ ўваходзяць у катэгорыю «парахаботы». Гэта, напрыклад, асабісты памочнік Залужнага Канстанцін Бушуеў ці галоўны дарадца — генерал Віктар Назараў.

Прэзідэнт прапанаваў Залужнаму знайсці для сябе новае месца. Як варыянт — стаць дарадцам па пытаннях мадэрнізацыі войска.

У адказ галоўнакамандуючы падзякаваў Зяленскаму «за шчырасць», але ад прапановы адмовіўся. Як і ад просьбы самастойна пісаць заяву на звальненне. Маўляў, калі Вярхоўны галоўнакамандуючы вырашыў замяніць галоўнакамандуючага УСУ — гэта яго кампетэнцыя і павінна быць менавіта яго рашэннем.

У той жа вечар Валерый Залужны папярэдзіў кіраўнічы склад Генштаба пра магчымае звальненне ў найбліжэйшы час і прапанаваў яму пашукаць нейкае месца на будучыню.

На працягу тыдня пасля сустрэчы з прэзідэнтам Залужны і ягоныя людзі пражылі ў чаканні адстаўкі. Увесь гэты час Офіс прэзідэнта і міністр абароны Умераў усё яшчэ спрабавалі ўгаварыць галоўнакамандуючага «пашукаць сабе месца» ў камандзе.

Падчас адной з размоў прапаноўвалі нават пазіцыю амбасадара ў адной з краін НАТА.

«Але тут жа аказалася, што прапанова нерэальная. Таму што пасол можа быць выключна цывільным, а Залужны — вайсковы генерал. Гэта значыць, яму трэба для гэтага звольніцца, а ў нас ваеннае становішча, гэта немагчыма», — дзеляцца з «Украінскай праўдай» крыніцы з атачэння галоўнакамандуючага УСУ.

Паводле звестак «Украінскай праўды», у Генштабе чакалі з'яўлення ўказаў аб адстаўцы Залужнага і Шапталы ў пятніцу, 2 лютага. Напярэдадні выданне The Washington Post са спасылкай на ўласныя крыніцы напісала, што ўрад Украіны праінфармаваў Белы дом аб рашэнні Зяленскага памяняць галоўнакамандуючага УСУ. Паводле звестак WP, у Белым доме не падтрымалі планы прэзідэнта Украіны, але і не адмаўлялі, прызнаўшы, што Зяленскі мае такое права.

У той дзень, паводле звестак «Украінскай праўды», у Службе бяспекі Украіны папярэдзілі работнікаў, каб яны былі гатовымі да магчымых беспарадкаў у Кіеве. Некаторыя з дзейных камбатаў і камбрыгаў ва УСУ тады ж атрымалі ад СБУ просьбу больш уважліва сачыць за асабовым складам, каб ніхто не пакідаў пазіцый і не планаваў нейкіх перасоўванняў.

Але адстаўка не адбылася. Затое 2 лютага Уладзімір Зяленскі сабраў стаўку, куды запрасіў і Залужнага. Прысутныя асцярожна прыглядаліся да прэзідэнта і галоўнакамандуючага Узброеных сіл. Калі абмеркаванне дайшло да сітуацыі на фронце, Зяленскі звыкла перадаў слова Валерыю Залужнаму.

«Людзі прыйшлі трохі напружанымі, але яны абодва паводзілі сябе так, нібы нічога не адбылося — вось проста стаўка як стаўка. Калі Залужны скончыў, Уладзімір Аляксандравіч нават вокам не міргнуў, падзякаваў і перадаў слова далей па кірунках», — апісвае абстаноўку адзін з членаў стаўкі.

Пасля заканчэння пасяджэння стаўкі прэзідэнт апублікаваў пост у Telegram у абсалютна класічным для яго стылі: «Правёў пасяджэнне стаўкі, абмеркавалі ўкраінскую вытворчасць дронаў, снарадаў, сітуацыю на фронце, энергетыку і будаўніцтва фартыфікацыйных збудаванняў».

Сітуацыю з Залужным ніхто з улады пасля таго не каментаваў.

Упершыню факт разважанняў над заменай Залужнага Зяленскі прызнаў у інтэрв'ю італьянскаму тэлеканалу RAI, якое выйшла ў ноч з 4 на 5 лютага. І там нічога не было сказана адкрытым тэкстам, нават само прозвішча Залужнага не гучала. Затое прэзідэнт пачаў гаварыць пра «вялікую перазагрузку», першай ахвярай якой ужо паспела стаць міністарка па справах ветэранаў Юлія Лапуціна. Пра неабходнасць яе вызвалення ў фракцыі «Слуга народа» кажуць ужо некалькі месяцаў.

Спроба замаскіраваць адстаўку Залужнага «вялікай перазагрузкай» у цэлым зразумелая. Але наўрад ці яна зможа зрушыць фокус увагі з вызвалення чалавека з найбольшым узроўнем даверу ў краіне, як таго хочуць у Офісе прэзідэнта.

Фота: Офіс прэзідэнта Украіны

Сумнеўна, што гэтаму дапамаглі б і даволі бесталковыя спробы арыентаванай на Офіс сеткі ўплыву, якая імкнецца ачарніць Залужнага або выдаць яго адстаўку як патрабаванне ЗША.

Паводле звестак «Украінскай праўды», падчас нядаўняга візіту намесніца дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд дала зразумець, што Вашынгтону не падабаецца ідэя з адстаўкай Залужнага. Аднак публічна Белы дом вуснамі памочніка Байдэна ў пытаннях нацбяспекі Салівана сказаў, што гэта чыста ўкраінскае ўнутранае пытанне.

«Замена адбудзецца днямі. Мякка, не так, як усе сабе ўяўляюць. Усё будзе спакойна. Ды і Залужны ўжо ўнутрана прыняў, што дакладна пойдзе», — робіць выснову для «Украінскай праўды» адзін з высокапастаўленых прадстаўнікоў каманды Зяленскага.

«Валерыю Фёдаравічу дакладна не патрэбныя ніякія мітынгі або беспарадкі. Калі, не дай Бог, хтосьці нешта пачне рабіць, то ён тут жа выйдзе з заклікамі, што «калі камусьці хочацца прадэманстраваць гераізм, то ідзіце на фронт»», — тлумачыць «Украінскай праўдзе» адзін з суразмоўцаў у Генштабе.

Адстаўка Залужнага: прычыны

У цэлым звальненне галоўнакамандуючага выглядае як пытанне вырашанае. Але гэта не робіць яго больш зразумелым для шырокай публікі. Камунікатыўны максімум, на які наважылася медыйная каманда ўлады за час з 29 студзеня, зводзіцца да туманнай заявы Зяленскага аб «перазагрузцы» (каго? чаму? калі?) і не менш агульных фраз дарадцы кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіла Падаляка пра «стагнацыю сітуацыі».

У эфіры «адзінага марафону» 5 лютага Падаляк заявіў пра неабходнасць «аўдыту вайны за два гады» і прыняцце кадравых рашэнняў па яго наступствах. Хоць раней ён сам яшчэ ў снежні запэўніваў, што любыя размовы пра кадравыя змены ў кіраўніцтве УСУ і Генштаба — гэта ледзь не расійская інфармацыйна-псіхалагічная спецаперацыя.

Адкуль і калі ў Зяленскага з'явіліся думкі пра замену галоўнакамандуючага? Асноватворныя прычыны гэтага канфлікту ляжаць на скрыжаванні палітыкі і вайны. Сам прэзідэнт у інтэрв'ю выданню The Sun так апісаў прыроду напружання паміж ім і Залужным:

«Калі вы ведзяце вайну, маючы на ўвазе, што заўтра вы будзеце займацца палітыкай ці выбарамі, то на словах і на перадавой вы паводзіце сябе як палітык, а не як вайсковец».

Зяленскі як палітычная фігура глядзеў і глядзіць на вайну не толькі як на праблему бяспекі, але і як на чыста палітычную. Вайна — вызначальны фактар палітыкі, менавіта ад яе выніку будзе залежаць палітычнае аблічча Украіны.

Фота: фэйсбук галоўнакамандуючага УСУ

Зяленскі да апошняга спрабаваў бачыць у Залужным элемент сваёй вертыкалі. Яна павінна была забяспечыць вынік на вайне, які затым прэзідэнт канвертаваў бы ў палітычныя рэйтынгі. Аналагічна Зяленскі глядзіць, дарэчы, і на ўсіх астатніх у сваёй камандзе, незалежна ад таго, гаворка ідзе пра звычайных чыноўнікаў, ці пра сілавікоў, міністраў і дэпутатаў — усе яны павінны працаваць на ягоны вынік.

«З Залужным відавочная рэч ужо даволі доўгі час: Зяленскі не можа ім кіраваць. Залужны проста слухае, робіць выгляд, што пачуў, а потым робіць тое, што сам лічыць правільным.

Калі рыхтавалі контрнаступленне, то такіх гісторый была маса і з размеркаваннем зброі, і з планаваннем, і з чым заўгодна», — тлумачыць адзін з чальцоў каманды Зяленскага.

«Але калі галоўнакамандуючы ўжо адкрыта пачаў займацца палітыкай і пісаць свае калонкі ў заходніх медыя, то стала відавочна, што ён яўна выйшаў за межы чыста вайсковай працы. Менавіта тады ў прэзідэнта вырашылі, што трэба неяк рухацца», — дадае суразмоўца.

Кажучы прасцей, кіраўнічы вайсковы крызіс у адносінах Зяленскага і Залужнага ўзмацніўся накладаннем на чыста палітычную плоскасць. Асабліва калі буйная наступальная аперацыя на поўдні не дала запланаваных вынікаў.

Згодна з непублічным кансэнсусам ва ўкраінскім грамадстве, вайскоўцаў не крытыкуюць за нейкія нерэалізаваныя задумы. Таму, калі абуральныя «аптымістычныя» планы контрнаступлення далі значна больш сціплыя вынікі, узровень падтрымкі УСУ фактычна не зведаў зменаў. А вось палітычная вярхушка спаўна адчула наступствы неадпаведнасці паміж накручанымі ў «марафоне» чаканнямі ад контрнаступлення і яго рэальнымі дасягненнямі.

Згаданыя ва ўступе сацыялагічныя трэнды — стабільная падтрымка ў вайскоўца Залужнага і такое ж стабільнае падзенне ў палітыка Зяленскага — найдакладнейшым чынам ілюструюць гэты тэзіс.

У Офісе прэзідэнта свята перакананыя, што Залужны набывае палітычную вагу на рэсурсах прэзідэнта, а ўвесь негатыў перацякае да Зяленскага. Сітуацыя для апошняга, мякка кажучы, пагрозлівая. І іншага выйсця, як шукаць Залужному замену, на Банкавай не бачаць.

Па стане на час напісання артыкула, паводле звестак «Украінскай праўды», у Зяленскага разглядаюць дзве кандыдатуры на пасаду галоўнакамандуючага. Першая — кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Кірыла Буданаў, другая — камандуючы Сухапутных войскаў Аляксандр Сырскі.

Прызначэнне Буданава, відавочна, лягчэй правесці медыйна. Ён арганізаваў не адну бліскучую дыверсійную аперацыю, але ў замкнёнай сістэме УСУ ніколі не планаваў маштабных аперацый. Таму гэта прызначэнне можа быць успрынята неадназначна.

Затое Сырскі, які даў за жыццё паўтара вялікіх інтэрв'ю, ва Узброеных сілах ужо цяпер камандуе абаронай на велізарных сектарах. Але за камандуючым Сухапутных сіл устойліва замацавалася слава чалавека, для якога выкананне задач важнейшае за колькасць пакладзеных для гэтага жыццяў.

У канфігурацыі з камандай з некалькіх рэальных баявых, прагрэсіўных камбрыгаў прызначэнне Сырскага здаецца больш рэалістычным. Сам жа Залужны, паводле звестак «Украінскай праўды», абвясціў свайму найбліжэйшаму асяроддзю, што ў выпадку адстаўкі збіраецца заняцца сваім здароўем. І, магчыма, пачаць выкладчыцкую дзейнасць.

***

Якімі б урэшце ні былі прычыны патэнцыйнай адстаўкі галоўнакамандуючага Залужнага, галоўнае — якія наступствы яна будзе мець.

Па-першае, ужо цяпер, з-за расцягвання працэсу звальнення на нявызначаныя тыдні, назіраюцца праблемы з прыняццем важных рашэнняў і на ўзроўні Генштаба, і на ўзроўні ніжэйшага камандавання. Армія не ведае, ці выконваць каманды людзей, чый статус цяпер падвешаны, ці варта слухаць тых, хто пакуль галоўным не стаў. У сітуацыі, калі праціўнік аказвае пастаянны ціск на ўсіх франтах, гэткі стан спраў можа стаць фатальным для кіраванасці войскам наогул.

«Сітуацыя вельмі складаная, выдаецца вельмі малая колькасць боепрыпасаў. Генштаб нічога цяпер не хоча вырашаць. А для войскаў гэтая паўза — гэта катастрофа», — скардзяцца «Украінскай праўдзе» суразмоўцы адной з брыгад на Аўдзееўскім кірунку.

Па-другое, палітычны працэс можа зведаць кардынальныя змены. Толькі, у адрозненне ад 2019-га, Уладзімір Зяленскі апынецца не ў ролі таго, хто змагаецца супраць сістэмы, а таго, супраць каго змагаюцца.

Звальненне без тлумачэння самага папулярнага вайсковага камандуючага ў краіне нанясе ўдар па даверы ўсёй улады. І ў перспектыве можа ператварыць Залужнага ў магутную палітычную фігуру.

У выпадку, калі галоўнакамандуючы пойдзе ў палітыку і зможа застацца публічным, гэты фактар будзе настолькі адчувальным, што зможа адразу змяніць статус-кво, стварыўшы новы вялікі полюс палітычнага прыцягнення.

Чытайце таксама:

Чаму Зяленскі хоча зняць Залужнага? Чатыры прычыны

Зяленскі пракаментаваў інфармацыю пра магчымае звальненне Залужнага

Дарадца Байдэна: ЗША не павінны ўмешвацца ў пытанне Залужнага

Украінскія ўлады праінфармавалі адміністрацыю ЗША аб рашэнні звольніць Залужнага — The Washington Post

Заходнія медыя лічаць, што звальненне Залужнага — пытанне часу, і ацэньваюць рызыкі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
16
Панылы сорам
14
Ха-ха
5
Ого
7
Сумна
12
Абуральна
20
5
Anatol Starkou/адказаць/
08.02.2024
911, толькі я спачатку зраблю із цябе баксёрскую грушу і горкі яблык
08.02.2024
гоблен, о как начала корежить латентного
08.02.2024
Anatol Starkou, я гляджу дзядуля любіць садамазахізм
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031