Знайсці
06.02.2024 / 16:194РусŁacБел

«І так і будзе, пакуль будзе існаваць гэты «беларускі парадак». Лявон Вольскі пра закрыццё выставаў Быкава і Малевіча

«Бо вальнадумства — гэта не толькі бел-чырвона-белы сцяг на карціне», піша Лявон Вольскі на сайце Будзьма.

Карціна Казіміра Малевіча «Скача чырвоная конніца» 1932 года

«Абстракцыянізм — як вораг чалавека і чалавечнасці» 

Так называўся артыкул у часопісе «Юны мастак», які я выпісваў у дзяцінстве. Выпісваў, бо хацеў быць мастаком. І вось у гэтым «разгромным» артыкуле былі рэпрадукцыі карцінаў гэтых варожых аўтараў — Джэксана Полака, Энды Ўорхала, Піта Мандрыяна. І мне, юнаму мастаку, чамусьці гэтыя працы падабаліся значна болей за савецкія карціны з серыі «Сельская раніца» ці «Рабочы поўдзень»…

Каб зразумець такі жывапіс, трэба самаадукоўвацца 

Я вырас, пасталеў і аднаго разу патрапіў у госці, дзе сабраліся розныя ўплывовыя людзі. І адзін з іх, банкір, раптам пачаў горача прамаўляць пра тое, што Малевічаў квадрат — гэта поўная лухта. Маўляў, такое любы лёгка намалюе, а вось як Шышкін ці то Айвазоўскі — дык трэба талент і ўменне. Я нават не пачаў яго аспрэчваць. Які сэнс?

Чалавек жыве паводле сваёй сістэмы каардынатаў, і там няма месца Малевічу, Кандзінскаму ці то Суціну. Для гэтага чалавека мастацтва — гэта калі прыгожа і зразумела. Ён так і скажа: гэта — прыгожая карціна. Вось — дрэвы, вось — неба, вось — мядзведзікі. Прыгожа. А якісьці Лёнік Тарасевіч ці то Джэксан Полак — гэта нешта малазразумелае, «калякі-малякі». 

Каб зразумець такі жывапіс, трэба самаадукоўвацца, быць «у тэме», чытаць і наведваць выставы. А навошта? 

І так жа ж ясна: вось гэта — прыгожая карціна, на ёй мора, карабель пад ветразямі і заход сонца. Добра намалявана, як на фотаздымку. А вось гэта — абы-што — нейкая пачварка нема крычыць на мосце, абхапіўшы далонямі галаву. Гэта непрыгожая карціна.

Дыктатура не разумее «прасунутых» плыняў

Таталітарным краінам не падабаецца сучаснае мастацтва. Любое — жывапіс, музыка, літаратура. Дыктатура не разумее розных там «прасунутых» плыняў — авангард ці арт-рок. Дыктатуры трэба, каб усё было проста й зразумела. Калі жывапіс — нацюрморт, пейзаж, жанравая сцэнка. Калі музыка — песня з простай гармоніяй і тэкстам пра каханне (толькі без эротыкі!) ці родную зямлю. Калі літаратура… вось тут — праблема, бо чытаць лянота (ды й часу няма). Але калі па-беларуску — гэта ўжо само па сабе падазрона. 

І яшчэ раздражняе, што ва ўсяго гэтага, як казалі нацысты, «дэгенератыўнага мастацтва» ёсць свая публіка, розныя фанаты й заўзятары. «Дык што гэта, — думае дыктатура, — гэтая публіка — гэта ж мой народ, мой, можна сказаць, электарат, мае падначаленыя! І што, ім сапраўды падабаецца вось гэта?! Яны хочуць сказаць, што разбіраюцца ва ўсім лепей за мяне? Не, такога быць не мусіць. Гэта няправільна. Гэта трэба забараніць!».

І забаранялі. І рэпрэсавалі. І нават знішчалі незразумелых творцаў. І змагаліся з Entartete Kunst у Нямеччыне, і граміў Хрушчоў выставу авангардыстаў і крычаў: «І на радыё, і на тэлевізіі, і ў друку ўсіх прыхільнікаў гэтага выкарчаваць!». І абвясцілі вайну ў СССР абстракцыянізму й фармалізму. І змагаліся з джазам, а потым — з рокам… З усім, што не ўпісвалася ў інтэр’ер савецкай казармы, дзе ўсе мусяць быць апрануты па форме і мець кароткія акуратныя фрызуры.

Як забаранялі і забараняюць у незалежнай Беларусі

У незалежнай Беларусі забаранялі (і забараняюць) усё сучаснае мастацтва — рок-музыку і бардаўскую песню, паэзію, прозу і публіцыстыку, драматургію, кіно, выяўленчае мастацтва. Нават фота забараняюць. 

Вось, напрыклад, шматпакутнае слова — «выстава». Чаму шматпакутнае? Таму што ў Беларусі практыка забаронаў, звязаных з рознага кшталту выставамі, проста неверагодная. Цэнзуравалі, здымалі асобныя карціны, складалі чорныя спісы мастакоў, якім не дазволена выстаўляцца ў гэтых «святых сценах». Забаранялі фотавыставы, выставу «Машына дыхае, а я не», прысвечаную барацьбе беларускіх медыкаў з COVID (а потым «паводле рашэння МНС зачынілі й арт-прастору «Месца», дзе адбывалася экспазыцыя), зачынялі выставу скульптуры ў Гародні (а потым — і галерэю, у якой праходзіла выстава), праз два дні пасля адкрыцця забаранялі мастацкую выставу «Лес» у менскай арт-прасторы VERSHY, заўчасна прычынялі выставу «Першапачатак» у гістарычным музеі (яна была прысвечаная 80-годдзю Саюза беларускіх пісьменнікаў), у Заслаўі забаранялі выставу «Заходнебеларуская Атлантыда», зачынялі праз таямнічае тэлефанаванне галерэю ў фальварку «Добрыя мыслі»… І гэта ўсё адбывалася не толькі пасля 2020 года, калі градус рэпрэсіяў узмацніўся, але й значна раней. Галерэю ў «Добрых мыслях», напрыклад, прыкрылі ў далёкім 2011-м.

А з нядаўняга — заўчасна перарвалі выставу, прысвечаную стагоддзю Васіля Быкава (планавалася — да 5 траўня, але пратрымалася толькі 10 дзён) і прыпынілі мастацкую выставу «1,10 квадрата» (110 гадоў «Чорнаму квадрату» Казіміра Малевіча). Папрацавала толькі тры дні. Напісалі: «З тэхнічных прычынаў часова не працуе». Але ўсе разумеюць, што такое «тэхнічныя прычыны» і што такое «часова».

І так і будзе, пакуль будзе існаваць гэты «беларускі парадак». Таму што вальнадумства — гэта не толькі бел-чырвона белы сцяг на карціне. І не толькі партрэт антысаветчыка Аўгена Жыхара. І не толькі рукапісы Васіля Быкава, які (узаемна!) не любіў гэтую ўладу. І не толькі фотаздымкі, якія адлюстроўваюць сапраўдную беларускую рэчаіснасць. Гэта і «Чорны квадрат» Малевіча — гэткі лаканічны, таямнічы і прыцягальны. Ён разбэшчвае, правакуе на розныя непатрэбныя думкі, зацягвае ў сябе…

І ад гэтага нездаровага ўплыву нашую публіку лепей ізаляваць. І замяніць Малевіча з Кандзінскім на Шышкіна і Хруцкага (нашага суайчыньніка, дарэчы!), апальныя рок-гурты — на «Вараваек» і Лепса, а беларускую экстрэмісцкую літаратуру — на Пушкіна. Так, на аднаго Пушкіна, ён быў плённы аўтар — і паэзію пісаў, і прозу, і драматургію. Чытаць — не перачытаць!

Чытайце таксама:

Выставу да юбілею Быкава згортваюць праз 10 дзён пасля адкрыцця

Выставу, прысвечаную Малевічу, закрылі праз тры дні: «тэхнічныя прычыны»

Лявон Вольскі: Колькі расійскіх фанатаў выйдзе на Красную плошчу з плакатам «Свабоду Бі-2»?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
30
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
12
Абуральна
11
5
Цікава /адказаць/
06.02.2024
> У незалежнай Беларусі забаранялі (і забараняюць) усё сучаснае мастацтва

Лолшто? Гэта цяперашнюю губернію з губернскім народцам і губернскай адміністрацыяй Лявон называе незалежнай Беларуссю з "беларускім парадкам"? Цікавая ў яго карціна свету. 
13
Критик/адказаць/
06.02.2024
Малевича в советское время никто не запрещал, его картины были в экспозициях Москвы и Ленинграда. А этому Зейдэлю-Вольскому понятно не нравилось всё советское и рабоче-крестьянское. Ворхал ему ментально ближе, хотя, к примеру, многие известные критики не считают его работы достойными восхищения, например выдающийся Роберт Хьюз. Чтобы понять почему Вольского-Зейдэля тянет к Ворхалу достаточно перечитать биографию последнего. Рыбак рыбака чувствует издалека.
2
Лол/адказаць/
06.02.2024
Гэта не беларускі, а лукашысцкі парадак. Прашу не блыць.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера