Знайсці
06.02.2024 / 19:091РусŁacБел

Як пераход па спасылцы або прагляд чужога профілю могуць вас выдаць у TikTok 

Вы ведалі, што звычайны пераход па спасылцы або прагляд чужога профілю могуць вас выдаць? А што ўсім па змоўчанні бачныя вашы падпіскі ды лайкі? У другой частцы гайду па тыктоку (першая тут) распавядаем, як зрабіць максімальныя налады прыватнасці ў тыктоку і пастарацца захаваць ананімнасць.

Змест артыкулу:

Спробы захаваць прыватнасць і ананімнасць

Налады канфідэнцыйнасці, ч.1. Рэкамендацыі і спасылкі, якія могуць вас выдаць

Налады канфідэнцыйнасці, ч.2. Бачнасць вашых дзеянняў для іншых

Бяспека акаўнта і «двухфактарка»

Кіраванне персаналізацыяй рэкламы, стужкі ды пошуку

Меркаванні экспертаў пра тыкток

Захаванне прыватнасці і ананімнасці

Тыкток дазваляе захоўваць адносна высокую ступень прыватнасці і пазначыць пры рэгістрацыі няшмат асабістых звестак. Так, дастаткова вашай даты нараджэння, нідзе не бачнай публічна (яе можна выдумаць з галавы), e-mail і імя карыстальніка. Усе гэтыя звесткі можна выдумаць, а электронная пошта можа быць толькі што зарэгістраванай.

Калі вы хочаце захаваць пэўную ступень ананімнасці, то не выкарыстоўвайце ў імені карыстальніка, біяграфіі вашых рэальных звестак. Іх можна заўжды змяніць, калі зайсці ў ваш профіль, націснуўшы профіль у правым ніжнім куце тыктоку і кнопку «Змяніць профіль».

Знешні выгляд профіля ў TikTok

Пасля гэтага вы пабачыце, якія пункты чым запоўненыя. Вы можаце змяніць любы з іх. Імя карыстальніка можна мяняць раз на сем дзён, а астатнія пункты — калі захочаце. Гэтак жа можна замяніць і фота.

Меню «Змяніць профіль» у TikTok

Таксама, як і ў іншых месенджарах і сацсетках, не выдавайце асабістую інфармацыю пра сябе ў каментарах або асабістых паведамленнях.

Уверх ↑

Налады канфідэнцыйнасці, ч.1. Рэкамендацыі і спасылкі, якія могуць вас выдаць

Важна таксама ведаць, што ў тыктоку ёсць шмат наладаў бяспекі, якія выключаныя па змоўчанні. Дзеля таго, каб у іх увайсці, вярніцеся ў меню «Налады і канфідэнцыйнасць». Яно даступнае ў профілі пасля націскання на тры крэскі ў правым верхнім баку — вы заходзілі ў яго, калі чысцілі каментары.

Меню «Налады і канфідэнцыйнасць»

Націсніце «Канфідэнцыйнасць». У першым блоку вы можаце адразу зрабіць акаўнт прыватным — то-бок, ён будзе бачны толькі тым, каму вы дазволіце. Можаце актываваць гэтую опцыю.

Меню «Канфідэнцыйнасць»

Пасля зайдзіце ў пункт «Рэкамендаваць ваш акаўнт іншым». Тут ёсць адна з самых важных наладаў — «Людзі, якія адкрываюць і дасылаюць вам спасылкі». Адключыце яго, бо ён дазваляе даведацца ваш сапраўдны акаўнт у тыктоку, проста скінуўшы вам спасылку на відэа. Астатнія пункты таксама можна адключыць у мэтах бяспекі.

Тут можна абраць, ці рэкамендаваць ваш акаўнт іншым. Гэта небяспечная налада і мы раілі б выключыць усе пункты з яе.

Вярніцеся і перайдзіце ў пункт «Сінхранізацыя кантактаў і сяброў з Facebook». Падумайце, ці хочаце вы, каб людзі з вашай кантактнай кнігі або фрэндліста фэйсбука маглі знайсці вас у тыктоку. Адключыце гэтую опцыю.

Сінхранізацыя сяброў і кантактаў. Калі вы ў Беларусі, яе таксама лепей выключыць.

Уверх ↑

Налады канфідэнцыйнасці, ч.2. Бачнасць вашых дзеянняў для іншых

Вярніцеся ў пункт «Канфідэнцыйнасць» і прагартайце троху ніжэй да блока «Узаемадзеянні».

Пункт меню «Узаемадзеянні» ў наладах канфідэнцыйнасці.

Спачатку націсніце на пункт «Прагляды публікацый». Гэтая налада дазваляе зрабіць так, каб людзі, на якіх вы падпісаныя, бачылі, што вы праглядзелі відэа. Яе варта адключыць у мэтах бяспекі — гэта можа паспрыяць вашай дэананімізацыі.

«Прагляды публікацый» у TikTok. Мы раім адключыць гэтую опцыю ў мэтах бяспекі.

Далей націсніце «Прагляды профілю». Гэты пункт дазваляе людзям бачыць, што вы праглядалі іхні профіль. Мы раім адключыць яе ў мэтах бяспекі.

«Прагляды профілю» ў TikTok. Мы раім адключыць гэтую опцыю ў мэтах бяспекі.

Вярніцеся і абярыце пункт меню «Падпіскі». У ім мы раім абраць пункт «Толькі я».

Пасля націскання на меню «Падпіскі» з'явіцца меню выбару. Абярыце «Толькі я».

Далей націсніце пункт «Упадабаныя відэа». Адкрыецца меню, якое дазваляе абраць, хто бачыць, ці ставілі вы лайк пад нейкім відэа. Тут мы таксама раім абраць опцыю «Толькі я», бо гэта не дазволіць сілавікам і выпадковым наведвальнікам вашай старонкі бачыць відэа, якія вы ўпадабалі.

Меню «Упадабаныя відэа». У пункце «Упадабаныя відэа» мы раім абраць опцыю «Толькі я»

Далей зайдзіце ў пункт «Каментары». Адкрыецца акно меню. Калі вы націсніце «Каментары», то можаце абраць, хто можа пакідаць каментары пад вашымі відэа. Пасля таго, як вы гэта абралі, можаце ўключыць пункт «Фільтраваць усе каментары», які дазволіць вам уручную мадэраваць іх — то-бок, калі нехта пакіне каментар, ён не з'явіцца пад допісам, пакуль вы яго не зацвердзіце.

Пункт «Каментары», дзе вы можаце абраць, хто можа пакідаць каментары пад вашымі відэа.

Далей вярніцеся да меню «Канфідэнцыйнасць» і абярыце пункт «Асабістыя паведамленні». Спачатку можна адключыць пункт «Статус «Прачытанае»». Гэта дазволіць зрабіць так, каб суразмоўцу было незразумела, ці прачыталі вы паведамленне.

Пункт меню «Асабістыя паведамленні». Тут можна адключыць магчымасць іншым бачыць, ці прачыталі вы іхнія паведамленні.

Далей націсніце «Асабістыя паведамленні». Тут вы можаце абраць, хто можа слаць вам паведамленні ўвогуле. Сярод опцый ёсць рэкамендаваныя кантакты, людзі, на якіх вы падпісаныя, і тыя, каму вы пісалі, і «Ніхто».

Меню «Асабістыя паведамленні», дзе можна абраць, хто можа вам напісаць. Абярыце тую опцыю, якая найбольш пасуе мэтам вашай бяспекі.

Далей вярніцеся і абяріце пункт «Гісторыя». Тут вы можаце пазначыць, ці могуць іншыя карыстальнікі дадаваць вашы відэа ў свае гісторыі і, калі так, хто можа гэта рабіць.

Пункт наладаў канфідэнцыйнасці «Гісторыя». Тут можна пазначыць, ці могуць карыстальнікі дадаваць вашы відэа ў гісторыі.

Далей увайдзіце ў пункт «Узгадкі і адзнакі». Тут можна абраць, хто можа згадваць вас у відэа і адзначаць на відэа. Для кожнага пункта ёсць асобнае меню, якое выглядае так:

Пункт наладаў канфідэнцыйнасці «Узгадкі і адзнакі». Тут можна пазначыць, ці могуць карыстальнікі згадваць вас у відэа або адзначаць на іх.

Такім жа чынам можна абраць, ці могуць іншыя карыстальнікі ствараць з вамі дуэты, рабіць стыкеры з вашых відэа, загружаць вашы відэа і бачыць вашы абраныя гукі.

Уверх ↑

Бяспека акаўнта

Вярніцеся ў меню «Налады і персаналізацыя». Націсніце «Бяспека».

Пункт меню «Налады і персаналізацыя»

Націсніце пункт «Двухэтапная верыфікацыя», калі яна ў вас адключаная. Гэта дазволіць вам не згубіць акаўнт, калі «ўцячэ» ваш пароль.

Пункт меню «Бяспека» ў TikTok

Калі вы ў Беларусі, то лепш не абіраць мабільны нумар у якасці опцыі — можаце, да прыкладу, абраць e-mail і пароль або аўтэнтыфікатар. Націсніце «Уключыць» і закончыце наладжванне.

Пункт меню «Двухэтапная верыфікацыя»

Далей вярніцеся і зайдзіце ў меню «Вашы прылады». Спраўдзіце, што там няма іншых прыладаў, акрамя тых, якія вы сапраўды выкарыстоўваеце. 

Пункт меню «Кіраванне прыладамі»

Наступны пункт — «Апавяшчэнні сістэмы бяспекі». Праверце, ці ёсць там падазроныя дзеянні, якіх вы не здзяйснялі.

Пункт меню «Апавяшчэнні сістэмы бяспекі»

Напрыканцы перагляньце пункт «Кіраванне дазволамі для праграмаў». Праверце, каб там не было падазроных праграмаў, пра дазвол якім вы нічога не памятаеце.

Пункт меню «Кіраванне дазволамі для праграмаў»

Уверх ↑

Кіраванне персаналізацыяй рэкламы, стужкі ды пошуку

Гэты пункт можа быць важны для тых, хто перажывае за бяспеку звестак, якія пра вас захоўвае TikTok. Тыкток змушаны падпарадкоўвацца заканадаўству тых краінаў, у якіх ён працуе, таму вы можаце абмежаваць колькасць звестак, якія пра вас збірае платформа.

Спачатку ўвайдзіце ў налады і абярыце пункт «Рэклама». Тут вы можаце адключыць персаналізаваную рэкламу для вашага акаўнта — рэкламадаўцы TikTok больш не здолеюць збіраць пра вас звесткі.

Калі вы адключыце паўзунок «Персаналізаваная рэклама», то тыкток перастане збіраць вашы звесткі для падбору рэкламы

Таксама вы можаце выдаліць усю інфармацыю, якую пра вас сабраў тыкток для персаналізацыіі рэкламы. Для гэтага націсніце «Ачысціць дзеянні» і абярыце «Пацвердзіць» у меню, якое адкрыецца пасля.

Тут націсніце «Пацвердзіць», каб звесткі рэкламадаўцаў пра вас назаўжды выдаліў TikTok — прынамсі, кампанія дэкларуе такую магчымасць.

Пасля гэтага вярніцеся ў меню «Налады і канфідэнцыйнасць». Абярыце пункт «Кантэнт, якому вы аддаеце перавагу».

Абярыце пункт «Кантэнт, якому вы аддаеце перавагу»

Далей абярыце пункт «Персаналізаваны пошук».

Пункт меню «Кантэнт, якому вы аддаеце перавагу»

Вы можаце націснуць «Выключыць» у пункце, каб тыкток не прапаноўваў вам опцыі на аснове прагледжанага кантэнту.

Пункт меню «Персаналізаваны пошук». Тут вы можаце абраць, ці будзе TikTok аналізаваць вашы запыты ў пошуку.

Вярніцеся ў меню «Кантэнт, якому вы аддаеце перавагу». Абярыце пункт «Персаналізаваная стужка». Калі вы адключыце гэтую функцыю, то TikTok перастане падбіраць стужку, засноўваючыся на вашых мінулых праглядах.

Пункт меню «Персаналізаваная стужка». Тут вы можаце абраць, ці будзе TikTok аналізаваць вашы мінулыя прагляды для падбору кантэнту.

Вярніцеся і звярніце ўвагу на пункт «Скінуць стужку рэкамендацый». Калі вы націсніце «Працягнуць», то можаце цалкам скінуць усе вашы мінулыя рэкамендацыі на аснове звестак, якія назбіраў пра вас тыкток.

Пункт меню «Скінуць стужку рэкамендацыяў». Тут вы можаце выдаліць звесткі, якія назбіраў пра вас TikTok падчас аналізу вашых мінулых праглядаў.

Вярніцеся ў меню «Кантэнт, якому вы аддаеце перавагу». Абярыце «Бяспечны рэжым». Тут вы можаце абраць, ці будзе тыкток фільтраваць за вас «небяспечныя» матэрыялы. Каб адключыць рэжым, націсніце «Выключыць» (або «Уключыць», калі хочаце, каб не вырашаў).

 

Пункт «Бяспечны рэжым». Націсніце «Уключыць», каб TikTok фільтраваў небяспечны з ягонага пункту гледжання кантэнт, або «Выключыць», каб ён гэтага не рабіў.

Уверх ↑

Меркаванне экспертаў пра тыкток

«Кіберпартызаны» кажуць, што TikTok — гэта публічная сацсетка. «З тэхнічнага пункту гледжання ён такі ж бяспечны, як і іншыя сацсеткі. Там прапануецца опцыя сінхранізацыі кантактаў з тэлефоннай кнігі і з вашага Facebook-профілю.

Калі зрабіць налады прыватнасці максімальна прыватнымі і стварыць акаўнт для прагляду палітычнага кантэнту, то ім можна карыстацца, як і астатнімі сацыяльнымі сеткамі. Калі ж вы знаходзіцеся ў Беларусі і ў вас там не ананімны акаўнт, то не лайкайце, не каментуйце і не падпісвайцеся на «экстрэмісцкія» рэсурсы, таму што асноўнай пагрозай будзе праверка вашага акаўнта ў момант надгляду тэлефона.

Адзінае адрозненне TikTok ад іншых месенджараў у тым, што ён знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Кітая. І калі імавернасць супрацоўніцтва з Беларускімі спецслужбамі такіх сетак як Facebook ці Instagram амаль нулявая, то ў TikTok яна можа быць некалькі вышэйшая», — падсумоўваюць актывісты ініцыятывы.

У ініцыятыве CyberBeaver расказалі, што TikTok у плане бяспекі выклікае ў іх сумневы. Напрыклад, яны нагадваюць, што іх вінавацілі ў сачэнні за журналісткай і абмяжоўвалі кантэнт для іншых краінаў.

@nashaniva Як захаваць прыватнасць і ананімнасць у тыктоку? Расказваем #беларусь#беларускіцікток#беларускітыкток#безопасность#безопасностьвсети#нашаніва♬ оригинальный звук - Наша Ніва. Навіны

Уверх ↑

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0
06.02.2024
Занадта складана. Цікток можна глядзець без рэгістрацыі ў Ціктоку.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера