Знайсці
07.12.2023 / 22:201РусŁacБел

«Вельмі баюся, што мяне «амністуюць», як і Кухара». Гіркін-Стралкоў распавёў, што будзе рабіць, калі стане прэзідэнтам Расіі 

Былы міністр абароны так званай «ДНР» Ігар Гіркін-Стралкоў праз лісты з турмы даў інтэрв'ю расійскаму парталу Baza, дзе распавёў пра свой стан, стаўленне да Прыгожына і планы ў выпадку перамогі на выбарах прэзідэнта Расіі. Прыводзім самае асноўнае.

Ігар Гіркін-Стралкоў у судзе. Фота: AP

«Я чакаю, што мяне пазбавяць волі на нявызначаны тэрмін. Гэта будзе цікавы прэцэдэнт, бо ў мяне тады не застанецца месца на Зямлі, дзе я б не лічыўся злачынцам. На Захадзе я прызнаны тэрарыстам, а на радзіме, верагодна, мяне чакае сумнеўная слава экстрэміста», — напісаў Гіркін-Стралкоў падчас паштовага інтэрв'ю з расійскім парталам Baza.

На думку праваеннага блогера, які раней быў міністрам абароны так званай «ДНР» і часта крытыкаваў Крэмль за правалы ў вайне супраць Украіны, ягоны арышт быў звязаны з павелічэннем знешняй і ўнутранай нестабільнасці, а таксама з «адчуваннем уладамі нетрываласці свайго становішча».

«Сітуацыя радыкальна пагоршылася, краіна ўступіла ў перыяд вострай нестабільнасці, што прадэманстраваў прыгожынскі мяцеж і спосаб знішчэння яго ініцыятараў. Натужлівыя спробы ўладаў дэманстраваць поўную стабільнасць лішні раз падкрэсліваюць сказанае вышэй», — падкрэсліў Стралкоў.

Ён дадаў, што не радаваўся, але і не тужыў з-за смерці Яўгена Прыгожына, бо не ведаў яго асабіста і лічыў, што караць за мяцеж яго трэба было толькі праз суд. 

Пры гэтым Стралкоў зноў адзначыў, што не верыць у датычнасць расійскага кіраўніцтва да забойства Прыгожына, роўна як і ў афіцыйную версію, што лідар «Вагнера» загінуў выпадкова.

«Больш за ўсё я баюся, што замест звычайнага крымінальнага пакарання мяне «амністуюць» гэтак жа, як і Кухара», — прызнаўся ў сваіх лістах Стралкоў.

У якасці адной з мэт свайго вылучэння на пасаду прэзідэнта Расіі Ігар Стралкоў назваў неабходнасць «данесці хоць крыху праўды» да людзей пра рэальнае становішча спраў у дзяржаве, пра будучыя перспектывы і пра тое, «як пазбегнуць катастрофы, якая набліжаецца».

Ён выказаў упэўненасць, што «ніякага дагаварняка» з Захадам не будзе, а вайна будзе ісці яшчэ доўга да пераможнага канца над адным з бакоў.

«Адбіццё ўкраінскага контрнаступу не адмяняе таго факта, што вайна ідзе ўжо 21 месяц і ніякія мэты Расіі так і не былі дасягнутыя. Гэтая вайна надоўга, і вораг імкнецца паступова знішчыць Расію. Будзь я прэзідэнтам, я б прыняў усе меры, каб перамагчы ў вайне, бо дагаварняка не будзе, а параза прывядзе да катастрофы і смуты», — заявіў Стралкоў.

Апроч гэтага блогер напісаў, што яму прыходзіць мала лістоў з волі, але сярод іх ёсць «грозныя паведамленні ад лібералаў, якія ўсяляк яго праклінаюць». Пішуць Стралкову, з яго слоў, і былыя прыхільнікі Аляксея Навальнага.

У цэлым жа, паводле слоў Гіркіна-Стралкова, бытавыя ўмовы ў яго камеры нармальныя, і ніякага ціску з боку следчых няма. Таксама блогер напісаў, што ў яго ў турме не было ніякіх інцыдэнтаў, якія б паставілі ягонае здароўе пад пагрозу. 

Нагадаем, што заяву пра намер вылучацца ў прэзідэнты Гіркін-Стралкоў рабіў яшчэ ў канцы жніўня, ужо знаходзячыся ў турме. Тады ён вылучыў некалькі «плюсаў», з-за якіх прэзідэнтам РФ павінен быць ён, а не Уладзімір Пуцін.

Напрыклад, Пуцін «надзвычай даверлівы», «занадта добры», у яго «шмат сяброў-мільярдэраў», ён «высокамаральная асоба», а сам Стралкоў «не настолькі спартовы», якім быў Пуцін, таму не будзе знаходзіцца ва ўладзе 20 гадоў.

21 ліпеня Ігар Гіркін-Стралкоў быў затрыманы ў Маскве. Яго падазраюць у публічных закліках да экстрэмізму праз яго ўласны тэлеграм-канал. Крымінальнай справе прысвоілі грыф «цалкам сакрэтна».

Пры гэтым раней паведамлялася, што супраць Стралкова распачатая справа паводле ч. 2 арт. 280 КК (публічныя заклікі да экстрэмізму з выкарыстаннем інтэрнэту). Па гэтым артыкуле яму пагражае пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Выбары прэзідэнта Расіі павінны прайсці 17 сакавіка 2024 года.

Чытайце таксама:

«Гэта магнітныя міны». Што распавёў беларус, затрыманы ў Расіі па справе тэракта на БАМе

«Такі лёс напаткае іншых здраднікаў Украіны». Што вядома пра забойства ўкраінскага прарасійскага палітыка Ківы

«Закрыем гэтую тэму». Музычны прадзюсер з Украіны падчас вайны працягвае працаваць на БТ разам з Бузавай і Прыгожыным

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Навухаданосірыя/адказаць/
08.12.2023
- Злязай з пляшкі, Дзіркін, АМНІСТЫЯ! - Што?! Н-не, я яшчэ трохі пасяджу..
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера