Знайсці
06.12.2023 / 21:45РусŁacБел

«Не хвалюйся, мы цябе падымем, ты толькі ў запой не сыходзь». Як магілёўскі мужчына не страціў веры ў свае сілы пасля ампутацыі ног

У пачатку ліпеня 2023-га ў сацыяльных сетках выставілі відэаролік, на якім мужчына без ног рамантаваў пандус ля пад'езда магілёўскага шматпавярховіка. Сюжэт выклікаў хвалю абурэння: як такое магчыма — бязногі працуе! Але ён сам ніякіх прэтэнзій нікому не выстаўляў, а наадварот, запэўніваў, што рамантуе пандус на ўласнае жаданне, піша Magilev.by.

Мікалай Мураўёў у лістападзе 2023 года

Магілёвец Мікалай Мураўёў да 45 гадоў быў здаровым, поўным жыццёвых сіл і планаў. Ніколі не злоўжываў спіртным, не было ў яго праблем з лішняй вагой, на здароўе не скардзіўся і нічога не чуў пра закаркаванне сасудаў ніжніх канцавінаў. Але менавіта такі дыягназ стаў прычынай ампутацыі ягоных ног.

З будаўнікоў у токары

Родам Мікалай Фёдаравіч з вёскі Пароеўка Чавускага раёна. Пасля 8 класаў бацька адвёз яго ў Мсціслаў — ён жа нараіў сыну асвоіць прафесію кранаўшчыка. Але прыехалі яны, калі навучальны працэс ужо пачаўся, а група кранаўшчыкоў была ўкамплектаваная — таму пайшоў вучыцца на будаўніка.

Адразу пасля атрымання дыплома маладога спецыяліста забралі ў войска — служыў у Германіі. Вярнуўшыся, уладкаваўся на завод «Строммашына» — там была магчымасць і гарадскую прапіску атрымаць, і інтэрнат.

— Пачынаў вучнем токара ў цэху №5, потым здаў на разрад, заробак пачаў расці. Там з будучай жонкай пазнаёміўся, дзве дачкі ў нас. Там і кватэру мы атрымалі — на 7 паверсе: хто ж тады думаў, што такое можа здарыцца, — расказвае пра сябе Мікалай Фёдаравіч.

Мікалай Мураўёў з жонкай. Магілёў, канец 1970-х. Фота з сямейнага архіва Мураўёвых

У 90-я ўжо высокакваліфікаваным токарам ён перайшоў на ЗІВ імя Куйбышава ў рамонтна-механічны цэх — праца спакайнейшая і заробак вышэйшы. У выхадныя ездзіў у родную вёску да бацькоў: дапамагаў бацьку будаваць хату, па гаспадарцы — працы заўсёды хапала, але пры любой запарцы выкройваў час схадзіць у ягады або грыбы — аж надта ён любіў пабадзяцца па лесе.

Мікалай Мураўёў з сябрам на экскурсіі. Фота 1980-х з сямейнага архіва Мураўёвых

У адну з такіх пабывак на вёсцы падчас працы яго ў нагу стукнуў конь, зламаўшы костачку. Праз гады, калі ў палаце мінскай бальніцы дзясятую ноч запар ён не зможа звесці вачэй, думаючы, як будзе жыць далей, ён успомніць пра траўму, да якой адразу не паставіўся сур'ёзна.

— Хоць хто яго ведае, з-за чаго ўсё здарылася, — па-філасофску разважае сёння Мікалай Фёдаравіч. — Можа, конь тут зусім ні да чаго, прычына такой хваробы — не толькі траўма. Але менавіта пасля ўдару на пальцах левай нагі ўтварыўся грыбок. Пры звароце па дапамогу лекары паціскалі плячыма.

А калі з'явілася трафічная язва, загаварылі пра застой крыві ў нагах — ёсць такая варыкозная хвароба. У Мінску рабілі шунтаванне — усяго дзесяць аперацый перанёс, але нічога не атрымалася, і ў 45 гадоў мне ампутавалі левую нагу, — успамінае Мікалай Фёдаравіч падзеі 20-гадовай даўніны.

Левую нагу спачатку ампутавалі да калена. Духам стараўся не падаць — сам змайстраваў сабе драўляную мыліцу: лёгкую, зручную. Тыя, хто не ведаў пра ягоны дыягназ, і не здагадваліся, што перад імі інвалід.

З мыліцай ён нават у грыбы ў лес хадзіў і на вяселлі скакаў усім на здзіўленне. Але хвароба не адступіла — праз два гады ампутавалі і другую нагу.

«Фёдаравіч, не хвалюйся, мы цябе падымем»

— Выпісалі, дадому прывезлі, а як жыць, што рабіць? Раны не гояцца — усё баліць, душа — разрываецца. Я пасля аперацыі да хірурга Яфімава пад назіранне трапіў — ён тады ў нашай сёмай паліклініцы працаваў. Гэта лекар ад бога, хоць і грубаваты, але ён не даў раскіснуць, махнуць на сябе рукой. Дадому прыходзіў, лячэнне прызначаў і ўсё казаў: «Фёдаравіч, не хвалюйся, мы цябе падымем, ты толькі ў запой не сыходзь».

У бальніцы я наслухаўся столькі гісторый пра тое, як людзі співаюцца, застаўшыся без адной нагі, а я без дзвюх… Ад аднаго жонка сышла, ад іншага дзеці адвярнуліся… І без даху над галавой заставаліся… Першы час у самога ўсё халадзела ўнутры, калі думаў, што будзе, калі вярнуся дадому, — дзеліцца перажытым Мікалай Фёдаравіч.

Мікалай Мураўёў з жонкай Галінай Мікалаеўнай і дочкамі — Лінай і Дыянай на лістападаўскай дэманстрацыі ў Магілёве. Фота 1980-х з сямейнага архіва Мураўёвых

І прызнаецца, што спачатку без ста грамаў на вуліцу выехаць не мог — інакш не вытрымаць запытальных поглядаў суседзяў, знаёмых, ды і проста мінакоў.

— Жонка лаялася, але чарку налівала. У такім стане мне лягчэй было сярод людзей знаходзіцца, а потым прывык, цяпер нават калі дзеці падыходзяць і разглядаюць мяне, спакойна рэагую. Амаль спакойна…

Без ног, але не без рук жа…

— Больш за ўсё гняце нямогласць?

— А ён ніколі не быў нам клопатам. І ў бальніцы на наступны дзень пасля аперацыі ён не дазволіў нікому за сабой судны выносіць. Медсёстры яго ў прыклад ставілі: «У чалавека ног няма, дык ён рукамі ўсё, што трэба, зробіць». За гэтыя дваццаць гадоў столькі розных прыстасаванняў прыдумаў, каб самастойна і прыбіральняй карыстацца, і ваннай, — умешваецца ў размову жонка Галіна Мікалаеўна. —

Ён сам, напрыклад, на лецішчы косіць — 17 сотак, сам градкі перакопвае: рыдлёўку зрабіў з кароткім трымальнікам, перасаджваецца на спецыяльнае прыстасаванне, якое рухаецца па зямлі, і капае.

Ды што там градкі. Ён унучку маленькую сам купаў у ваннай, карміў, яны разам і гуляць на вуліцу, і на базар, і на лецішчы — не разлі вада. Пратэзамі не змог карыстацца, але на інвалідным вазку перасоўваецца ўсюды віртуозна.

І наогул, Коля з тых, хто без справы не любіць сядзець — за ўсё бярэцца: і гадзіннік паправіць, і тэлевізар. У кватэры любіць прыбіраць, асабліва падлогі мыць — лепш, чым у мяне атрымліваецца. Ён сам рамонт у кухні зрабіў, а з балкона — кабінет для сябе.

— А як чалавек без ног да сцёгнаў можа сам рамонт рабіць у кватэры?

— Ён без ног, але не без рук жа, ды і галава на плячах ёсць. На тумбу з коламі ад швейнай машыны прымайстраваў тумбачку, залазіў на яе і аббіваў столь: зробіць участак, перакачу да наступнага, — дзеліцца вопытам Галіна Мікалаеўна.

Мікалай Мураўёў з жонкай Галінай Мікалаеўнай. Магілёў, лістапад 2023-га

Яна з гонарам расказвае, як муж у дачкі ўвесь дом атынкаваў, на дачы — гараж перарабіў, паказвае на балконе шафкі і палічкі, зробленыя яго рукамі. На швейнай машыне шые: унучкам і сарафанчык, і фартух.

Мікалай Фёдаравіч бурчыць:

— Я проста герой нейкі па тваіх словах, хопіць ужо.

— Цяжка яму было, яму і цяпер цяжка, але заўсёды трымаўся. Дочкі давалі яму зразумець, што ён па-ранейшаму для іх апора, — працягвае Галіна Мікалаеўна. — Памятаю, Ліна, старэйшая наша: «Тата, давай кухню купім, давай плітку купім, зрабі гэта, папраў тое». А ён заўсёды дачок любіў, адмовіць не мог.

«У нас усе ў сям'і мурашкі…»

— Але каб так працаваць, сілы патрэбныя, а ён жа ў інвалідным вазку? — спрабуе журналістка зразумець, адкуль чэрпае сілы гэты чалавек.

Зроблены ўласнаручна Мікалаем Фёдаравічам прыёмнік, які дапамагае бавіць час і падтрымлівае настрой

— Галоўнае — не паддавацца паніцы і знайсці апору. Для мяне гэта мая сям'я: жонка, дзве дачкі і тры ўнучкі. Дзень пачынаецца з зарадкі: я 40 разоў адціскаюся, магу і больш, але стараюся без надрываў. Падцягваюся на турніку 15 разоў. Любую працу па хаце раблю, калі пры справе, зусім іншы настрой. Для мяне важна хоць чымсьці займацца — у нас усё ў сям'і мурашкі, — расказвае пра свае будні Мікалай Фёдаравіч.

Жонка дапаўняе:

— Мы ж на лецішча на дызелі ездзім, і дапамогі ні ў каго не просім: ён сам з інваліднага крэсла — на прыступкі і ў вагон.

Тры гады запар да старэйшай дачкі на поўдзень ездзілі на ўсё лета — у цягніку. Ён без суправаджэння на вуліцу гуляць выязджае. Ёсць, праўда, складанасці на зваротным шляху — самому не падняцца на 1 паверх да ліфта з-за крутасці дашчанага насцілу, што апускаецца на прыступкі, які ён сам і зрабіў, і ўсталяваў.

А ў астатнім — няма праблем. У краму толькі не ходзіць, але не таму што не можа — не хоча.

Адрамантаваны Мікалаем Мураўёвым пандус каля пад'езда

«Што ты, бамжара п'яны, тут робіш?»

— Гэта пасля гісторыі, калі мяне з крамы выгналі — тлумачыць Мікалай Фёдаравіч. — «Што ты, бамжара п'яны, тут робіш?», — крычаў уладальнік. Так крыўдна стала. Я ў адказ яму стаў таксама крычаць пра тое, што ў краму маю права заходзіць, калі захачу. Разнерваваўся, слёзы душаць, ад злосці кулакі сціснуў…

Давай выганяць мяне, а я рукой зачапіў вітрыну — разбіў шкло. Ён міліцыю выклікаў. Потым разабраліся, што ды як.

Ён апраўдваўся: маўляў, за бамжа мяне прыняў, а я цвярозы быў, ахайна апрануты, толькі ў інвалідным вазку. Уладальнік крамы потым прапаноўваў усё забыцца, міравую выпіць — я адмовіўся. Час прайшоў, але асадак застаўся: і ў крамы я цяпер не хаджу.

Галіна Мікалаеўна адзначае, што гэтым з задавальненнем сама займаецца. А ў мужа сваіх спраў хапае: трэба, напрыклад, на канапе ў кухні абіўку памяняць — неўзабаве дочкі ў госці прыедуць.

Чытайце таксама:

Беларус адправіўся на вайну пасля выпадковай сустрэчы з Някляевым. У 23 гады ў баі ён страціў нагу. Вось што ён робіць цяпер

«Біпалярачка» — гэта не модна і не рамантычна». Беларуска расказала, як жыць з біпалярным афектыўным разладам

«Тут сапраўды выглядае так, што настаўнікі любяць дзяцей». Беларуска расказала, як вучыць у Польшчы дачку з аўтызмам

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
26272829