Знайсці
06.12.2023 / 21:161РусŁacБел

Беларускаму футбалісту плацілі па $5 тысяч на месяц, але не выпускалі на поле — абсурдная палітычная гісторыя

Футбаліст Андрэй Хачатуран, які 2 верасня адсвяткаваў 36-годдзе, у сезоне 2023 года на полі не правёў ані хвіліны, але пры гэтым заставаўся адным з самых высокааплатных гульцоў жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ» — і рэч не ў траўме. Клуб не здолеў пазбавіцца ад ветэрана з вялікім акладам, а гуляць яму забараніла Мінспорту, піша Tribuna.

Стаў лідарам «Тарпеда-БелАЗ» і атрымаў палепшаны кантракт

Хачатуран гуляў за «Тарпеда-БелАЗ» з 2016 года. Да сёння ў ягоным актыве 166 матчаў (66 капітанам), ён забіў 16 галоў і аддаў 24 перадачы. Самы прадукцыйны сезон за клуб паўабаронца выдаў у 2020-м: правёў у чэмпіянаце 26 сустрэч, забіў 5 галоў і даў 7 перадач, а галоўнае — дапамог Жодзіну ўпершыню ў гісторыі ўзяць бронзавыя медалі чэмпіянату.

Пры гэтым кантракт у Хачатурана ў снежні 2020-га заканчваўся, але «Тарпеда-БелАЗ» тады было зацікаўлена ў працягу супрацы з капітанам. У студзені-2021 з ім падпісалі новую дамову, прытым аж да канца 2023-га. Яна павышала заробак гульца прыкладна да пяці тысяч даляраў (зверху можна было напрацаваць яшчэ і бонусы). Гэтыя лічбы былі аднымі з самых высокіх у «Тарпеда-БелАЗ».

Але за два наступныя сезоны Хачатуран правёў усяго 27 матчаў, у якіх вызначыўся адным голам, трыма жоўтымі карткамі і дзвюма чырвонымі. Першапрычынай зніжэння гульнявой актыўнасці стала траўма крыжападобных звязак — у 2021-м хаўбек прапусціў праз яе ўвесь другі круг. 

Тым не менш, адмаўляцца ад дасведчанага футбаліста «Тарпеда-БелАЗ» не спяшалася — той заставаўся часткай каманды. Умоваў кантракта таксама ніхто не пераглядаў.

А што здарылася ў 2023-м?

Апошняя на сёння гульня футбаліста ў форме «Тарпеда-БелАЗ» адбылася 12 лістапада 2022 года. У заключным туры вышэйшай лігі жодзінцы прыехалі ў госці да «Іслачы», іх капітанам якраз быў Хачатуран, аднак таго матча ён не дагуляў — на 55-й хвіліне атрымаў чырвоную картку за абразу суперніка. На той момант жодзінцы прайгравалі 0:2, а пасля выдалення капітана прапусцілі яшчэ раз.

Той эпізод, а таксама ў цэлым не самы выдатны ў персанальным плане сезон, абумовіў будучыню паўабаронцы ў Жодзіне. У самым пачатку перадсезонкі-2023, калі каманда выйшла з адпачынку, футбалісту было прапанавана шукаць новую каманду. Хачатурану прапаноўвалі альбо паводле ўзаемнай дамоўленасці разарваць кантракт, які дзейнічаў яшчэ год, альбо сысці ў арэнду.

Паўабаронца быў згодны на скасаванне дамовы, але толькі ў тым выпадку, калі «Тарпеда-БелАЗ» выплаціць увесь заробак да канца дзеяння пагаднення, а гэта амаль 60 тысяч даляраў. Клуб такі варыянт не задавальняў. Хачатурану прапаноўвалі кампенсацыю памерам у месячны заробак, але гэта не зацікавіла гульца. Ад арэнды ён таксама адмовіўся, бо разумеў, што жодзінскага акладу яму больш ніхто не прадублюе. Пры гэтым гульца клікалі ў «Мінск», але безграшовы клуб яго не прывабіў.

У выніку Хачатурана вымушана пакінулі ў клубе, але «спусцілі» ў дубль, дзе ён мог толькі трэніравацца.

Гуляць за моладзь хаўбеку не дазвалялася, прычым не праз пазіцыю клуба з мэтай ціску, а па загадзе зверху — Хачатуран трапіў у «чорны спіс» так званага Мінспорту за ўдзел у відэа супраць гвалту.

Ці то ў выхаваўчых мэтах, ці то каб даць магчымасць заслужыць «прабачэнне» ў лукашыстаў, гульца рэгулярна адпраўлялі ўдзельнічаць у прарэжымных мерапрыемствах. Напрыклад, на фота ніжэй побач з Хачатуранам стаіць паўабаронца Анатоль Макараў.

Каб апраўдацца за асуджэнне гвалту, Макараў быў вымушаны даць пакаяннае інтэрвʼю прапагандыстам, але ў выніку так і не змог гуляць за Жодзіна — і перабраўся ў «Арсенал» (Тула) з расійскага Д2.

Ці атрымалася рэабілітавацца спартоўцу, пакуль невядома.

Аднак у сітуацыі з аўтазаводцамі цікавейшым выглядае іншы момант.

Хачатурана «спусцілі» ў дубль, але пры гэтым не змаглі зрэзаць заробак. Гулец увесь сезон-2023 толькі трэніраваўся з дублем «Тарпеда-БелАЗ», не правёў на полі ні хвіліны ні за моладзь, ні за аснову, але кожны месяц атрымліваў на картку каля пяці тысяч даляраў.

У верасні футбалісту споўнілася 36, і ён мае намер гуляць далей. Хачатуран шукае новае месца і ўжо заявіў пра цікавасць з боку некалькіх беларускіх клубаў. Калі кантракт з адным з іх будзе падпісаны, то можна будзе казаць пра тое, што непрыемнасць з «чорнымі спісамі» залагоджаная.

Чытайце таксама:

Украінска-беларускі футбаліст Арцём Мілеўскі, стан якога хваляваў заўзятараў, апублікаваў свае новыя фоты

У БАТЭ — найгоршыя вынікі за гісторыю. Топ-5 прычын правалу

«Тарпеда-БелАЗ» заваявала бронзу, БАТЭ ўпершыню з 2005 года застаўся без медалёў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
08.12.2023
работа мечты!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031