Знайсці
04.12.2023 / 00:23РусŁacБел

У трывожных бацькаў дзеці здальнейшыя — вучоныя

Новае даследаванне паказвае, што бацькі, якія знаходзяцца ў злёгку трывожным ці прыгнечаным стане, выхоўваюць дзяцей з меншай колькасцю праблемаў у паводзінах і з лепшымі здольнасцямі.

Ілюстрацыйнае фота. Getty Images.

Даследаванне, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе Frontiers of Psychology, паказвае, што ба́цькі, якія знаходзяцца ў злёгку трывожным ці прыгнечаным стане, выхоўваюць дзяцей з меншай колькасцю праблемаў у паводзінах. Такія дзеці ў 6-8 гадоў паказваюць лепшыя вынікі тэстаў на разумовыя здольнасці.

Вучоныя назіралі за 36 хлопчыкамі і 25 дзяўчынкамі, а таксама іхнімі мацярамі і ба́цькамі з мэтай вывучэння, як звязаны дэпрэсіўныя ці трывожныя сімптомы мужчын, вымераныя падчас цяжарнасці жонак, а таксама калі дзецям было 6-8 гадоў, з кагнітыўнымі здольнасцямі і паводзінамі дзяцей.

Вынікі даследавання абверглі першапачатковую гіпотэзу аб тым, што псіхічны стан бацькі мае неспрыяльныя наступствы для псіха-сацыяльнага развіцця нашчадка.

Вучоныя збіралі звесткі пра стан трывожнасці, стрэс, дэпрэсіўныя сімптомы і сацыяльна-дэмаграфічныя паказчыкі (адукацыя і даход сям'і, спажыванне алкаголю і курэнне), успрыманне бацькоўскіх абавязкаў і індэкс якасці шлюбу бацькі і маці падчас цяжарнасці і праз 24 месяцы пасля нараджэння дзіцяці.

Таксама падчас даследчага візіту, калі дзіцё мела 6-8 гадоў, былі атрыманы звесткі пра псіхічнае здароўе абодвух бацькоў, кагнітыўныя здольнасці дзяцей і іх паводзіны. Акрамя гэтага вучоныя сабралі звесткі пра поўную гісторыю здароўя бацькоў і дзіцяці.

Паводле атрыманых даных, дзіцё, чый бацька паведамляў аб больш высокім узроўні дэпрэсіўных сімптомаў, магло больш працяглы час спакойна сядзець, радзей страчвала самавалоданне і мела лепшую канцэнтрацыю ўвагі. Стандартызаваныя тэсты таксама паказалі больш высокі ўзровень IQ.

Такія вынікі рэзка кантрастуюць з уплывам дрэннага псіхічнага здароўя маці на іх дзяцей. Шмат даследаванняў паказала, што маці з дэпрэсіўнымі ці трывожнымі схільнасцямі выхоўваюць дзяцей з большымі, а не з меншымі праблемамі ў паводзінах і канцэнтрацыі ўвагі.

Як тлумачаць вучоныя, адной з магчымых прычын таго, чаму бацькаўскі стрэс мае супрацьлеглы эфект, заключаецца ў тым, што бацькі, магчыма, мелі лепшую настроенасць на выкананне бацькоўскіх абавязкаў (лепшае ўсведамленне эмоцый свайго дзіцяці і рэагаванне на іх), з мэтай «кампенсацыі» фактараў рызыкі навакольнага асяроддзя, сярод якіх мацярынскія сімптомы дэпрэсіі ці трывогі.

У той жа час, як адзначаюць аўтары, неабходна правесці дадатковыя даследаванні для таго, каб зразумець адпаведныя ролі і сукупны ўклад абодвух бацькоў у развіццё дзіцяці. Вучоныя таксама звяртаюць увагу, што атрыманыя вынікі не могуць быць распаўсюджаны на бацькоў, якія маюць клінічныя ўзроўні дэпрэсіі і трывогі.

Чытайце яшчэ:

Жанчыны, якія перажылі пасляродавую дэпрэсію, расказалі, як адольвалі цяжкі стан

«Бацькі заўсёды казалі, што нарадзілі сястрычку для мяне». Як склаліся адносіны ў сем’ях, дзе старэйшыя дзеці глядзелі малых 

У прапагандысцкім шоу вырашылі, што мужчына можа «абабіцца» ў дэкрэце. А замест «латэ-таты» ёсць Бацька

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера