Знайсці
02.12.2023 / 18:075РусŁacБел

Да спробаў вызвалення палітвязняў далучалі Аўстрыю, Швейцарыю і Чырвоны Крыж — Вячорка

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падчас слуханняў, якія праходзяць 2-3 снежня ў Каардынацыйнай радзе, заявіў, што да спробаў вызвалення палітвязняў спрабавалі падключаць замежных чыннікаў, у прыватнасці, Аўстрыю і Швейцарыю, аднак безвынікова. Пра гэта піша Reform.by.

Франак Вячорка. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Вячорка ў якасці галоўнай праблемы бачыць тое, што рэжым не дэманструе ніякай гатоўнасці да вызвалення палітвязняў:

«Для нас з вамі палітвязні з'яўляюцца праблемай. Для Захаду з'яўляюцца, але меншай. Для Лукашэнкі сёння гэта не галоўная праблема. І ён не ставіць і не лічыць, што гэтым вызваленнем ён можа дасягнуць нейкіх палітычных мэтаў. Плюс ёсць моцны эмацыйны складнік, калі ён проста помсціць за падзеі 2020 года. Наша задача зрабіць, каб гэта стала для яго таксама праблемай», — заявіў ён.

З інструментаў ціску ён назваў Алімпійскія Гульні, санкцыі, пагрозу закрыцця транзіту на гандаль, Міжнародную арганізацыю працы, званкі замежных лідараў, тэму палітвязняў, якая ўплывае на грамадства ў заходніх краінах.

Ён адзначыў, што дэмсілы могуць уплываць на санкцыі, каб у тым ліку яны ўводзіліся за рэпрэсіі, за палітвязняў.

«Больш за паўтара года не было ніякіх моцных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Апошні пакет у жніўні — ён проста закрываў тыя прадпрыемствы, якія ўжо былі пад санкцыямі, паўтарагадовай даўніны, і маюць сімвалічны характар. І больш за два гады не было санкцый за рэпрэсіі і за палітвязняў. Таму наша задача, каб пытанне палітвязняў ставілася перад заходнімі партнёрамі, у тым ліку як аргументацыя ў санкцыйнай палітыцы», — прапанаваў ён.

Па словах Вячоркі, дэмсілы падключалі да вырашэння праблемы замежных чыннікаў, у прыватнасці, Аўстрыю і Швейцарыю.

«Мы падключалі замежныя арганізацыі. У прыватнасці, — я думаю, што можна называць — гэта Аўстрыя і Швейцарыя, якія займаюць адносна нейтральныя пазіцыі, у прынцыпе заўсёды спрабавалі шукаць нейкія агульныя падыходы з рэжымам. Але ні ў тым, ні ў іншым выпадку гэта не дало плёну, хоць яны прыклалі вельмі шмат намаганняў для гэтага.

Падключалі і Міжнародны Чырвоны Крыж, але цяпер мы бачым, як Чырвоны Крыж разышоўся з Чырвоным Крыжам беларускім, як у моры караблі. І нават спрабавалі, верылі, што Гуманітарны дыялог, які працуе ў Мінску, можа дапамагчы. ( … ) Але Гуманітарны дыялог проста зросся з МЗС Лукашэнкі і стаў паўтараць, што гэта не палітвязні, а тэрарысты», — адзначыў прадстаўнік Офіса.

«На нашую просьбу былы фінскі міністр замежных спраў неаднаразова пісаў [Уладзіміру] Макею і пра палітвязняў, і іншыя нашы агульныя пазіцыі перадаваў. Пісаў прэзідэнт Парламенцкай асамблеі АБСЕ — і Макею, і іншым. Адказ быў, што яны злачынцы і ніякага вызвалення не будзе», — расказаў Вячорка.

Ён запэўніў, што каналаў камунікацыі з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі «хапае».

«Гэтыя каналы ёсць ва ўсіх дыпламатычных місіях, якія знаходзяцца ў Беларусі. І для гэтага прысутнасць паслоў не трэба, ніякім чынам яно на гэта не ўплывае. Але перамовы, нават калі яны адбываюцца, размовы — яны любяць цішыню. Таму калі гэта не гучыць у публічным дыскурсе або справаздачах пасля сустрэч Святланы Ціханоўскай, гэта не значыць, што спробаў пагаварыць пра гуманітарны спіс, пра вызваленне палітвязняў не было», — падкрэсліў ён.

Аргумент «калі б не санкцыі, то палітвязняў ужо даўно пачалі б вызваляць», на думку Вячоркі, не працуе. «Калі б гэта была пазіцыя, мы б чулі ўмовы ад рэжыму», — адзначыў ён.

«Давайце рабіць гэта тэмай нумар адзін, выкарыстоўваць нашы кантакты. Санкцыйны ціск не пярэчыць стратэгіі перамоваў, санкцыйны ціск — гэта ўзмацненне нашай пазіцыі на магчымыя перамовы, на любы дыялог.

Санкцыйны ціск — гэта той інструмент, які мы можам рэальна задзейнічаць пры ўмове, калі нашы замежныя партнёры таксама будуць бачыць палітвязняў праблемай. А для гэтага патрэбныя вельмі актыўныя дзеянні беларускай дэмакратычнай супольнасці, патрэбныя дзеянні беларускай дыяспары», — заклікаў ён.

Чытайце таксама: 

Сяргей Алейнік у Нью-Ёрку паціснуў руку Франку Вячорку

Ціханоўская ляціць у ЗША

Ціханоўская парэкамендавала, што рабіць у «адзіны дзень галасавання»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
так /адказаць/
03.12.2023
Маё імя, звычайна гэта становіцца вынікам перамогі. Ці як частка працэсу абмену. А ці ёсць у праціўнікаў Лукі абменны фонд? 
1
умка/адказаць/
03.12.2023
а які ў Вячоркі плафон? хто скажа? а-то я не разбіраюся
0
Маё імя/адказаць/
03.12.2023
так , дык трэба перамагаць, а не скуліць, што трэба супрацоўнічаць з рэжымам і здымаць санкцыі. Украінцы ваююць ужо амаль дзесяць год, і тыя, хто заклікае там ісці на перамовы з агрэсарам, бо, маўляў, "людзі ж гінуць і ў палоне сядзяць", падвяргаюцца абструкцыі. У нас мусіць быць такая ж рэякцыя на тых, хто абвяшчае пра "вызваленне палітвязняў любой цаной".
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера