Знайсці
02.12.2023 / 18:387РусŁacБел

Школьны цір — новы трэнд у патрыятычным выхаванні

Раней школа лічылася прэстыжнай, калі мела свой басейн або добра абсталяваны камп'ютарны клас. Цяпер дзеці пераважна маюць свае ноўтбукі і планшэты. Затое ў святле сучасных патрабаванняў да адукацыі у новых школьных будынках праектуюць яшчэ і ціры. А там, дзе ціры былі яшчэ ў савецкія часы, іх рэканструююць і абнаўляюць. 

Фота: newsgomel.by

Складнік праекта сучаснай школы — цір на чатыры агнявыя пункты.

Цяпер у Беларусі будуюцца адразу некалькі навучальных устаноў, дзе цір — элемент архітэктурнага праекта.

«Школа на 1020 месцаў будзе складацца з некалькіх блокаў: двух навучальных і цэнтральнага са сталоўкай, фізкультурна-аздараўленчым цэнтрам, актавай залай на 270 месцаў, бібліятэкай і школьным музеем. Спартовы цэнтр будзе ўключыць спартовую залу, гімнастычную залу, трэнажорную залу, залу харэаграфіі і рытмікі. У падвальнай частцы размесціцца цір на 4 агнявыя кропкі з дыстанцыяй стральбы на 10 і 25 метраў», — так вытворчае аб'яднанне «Мінскбуд» апісвае будынак сярэдняй школы, якую будуюць у вёсцы Лескаўка Бараўлянскага сельсавета — практычна на ўскраіне Мінска.

Праекты тыпавых школ, збудаваных у канцы 1990-х — пачатку 2000-х, ціраў не прадугледжвалі, тлумачыць на ўмовах ананімнасці супрацоўнік архітэктурнага бюро: «Была такая мода яшчэ ў пачатку 1970-х, каб гарадскія школы мелі скляпенне пад цір і бамбасховішча. Потым патрабаванні памяняліся, на першы план выйшлі клопат пра здароўе вучняў і настаўнікаў. Тады ў праектах з'явіліся пакоі для адпачынку педагогаў, настаўніцкія з асобным гардэробам, больш камфортныя прыбіральні, больш сучасныя сталоўкі і спартовыя залы, а ў некаторых школах яшчэ і басейны. Цяпер Міністэрства адукацыі зноўку прасоўвае неабходнасць вайсковай падрыхтоўкі, і гэта адбілася на канцэпцыі архітэктурных праектаў.

Сёлета школы з цірамі ўзводзяць таксама ў сталічных мікрараёнах Лебядзіны і Мінск-Свет. Дарэчы, у апошнім ужо ёсць навучальная ўстанова з цірам — гэта школа №226, якая распачала сваю працу ў верасні мінулага года.

Заняткі ў СШ №226. Фота: minsknews.by

На адкрыцці прысутнічала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, якая заўважыла, што для гэтай школы «адабраны выдатны педагагічны калектыў», і што «сёння вельмі важна, каб у школе дзеці не толькі атрымлівалі веды, але і выхоўваліся патрыётамі сваёй краіны».

Дырэктарка школы №226 Наталля Пшанічная неадкладна ўзялася за ажыццяўленне гэтага наказу — задзейнічаўшы ўсе магчымасці для «ваенізацыі» выхаванцаў.

«Школа з мілітарысцкім ухілам, але выбар у нас невялікі»

Маці адзінаццацікласніка 226-й мінскай школы распавяла пра сутнасць патрыятычнага выхавання ў навучальнай установе:

«У старшакласнікаў абавязковы прадмет — дапрызыўная падрыхтоўка. Сын расказвае, што заняткі ў ціры таксама прадугледжаныя, бо хлопцы вывучаюць зброю і здаюць нарматывы па агнявой падрыхтоўцы. Ёсць і гурткі для ахвотных навучыцца страляць, туды бяруць і хлопчыкаў, і дзяўчынак. Але сын ніколі не казаў, што гэта нешта дужа прэстыжнае — калі ў школе ёсць гэты цір. Ніхто з сяброў яму не зайздросціць, гэта дакладна. І ўвогуле: у нашай школе настолькі актыўна прасоўваюць вайсковую тэматыку, што аж непрыемна. Пастаянна запрашаюць вайскоўцаў — то лётчыкі, памежнікі, то «афганцы», то яшчэ нехта. Тыя распавядаюць пра ворагаў, якія хочуць заваяваць Беларусь. Нібыта гэта навучальная ўстанова з мілітарысцкім ухілам! Але выбару ў нас практычна няма: раён новы, школ побач няшмат. Вялікі плюс у тым, што гэтая побач. Неяк дацерпім да выпускнога!»

Скрыншот з сайта sch226.minsk.edu.by

Вучні сярэдняй школы №226 міжволі сталі закладнікамі ідэалагічнага курсу навучальнай установы: усе яны без выключэння — удзельнікі праекта «Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь — вачыма школьнікаў». Тут дзейнічае і аб'яднанне па інтарэсах «Юны абаронца Айчыны», куды бяруць з 13-ці гадоў, і агнявая падрыхтоўка таксама ўваходзіць у праграму дзейнасці гуртка.

«Мы падтрымліваем сувязі з вайсковымі часцямі і навучальнымі ўстановамі, дзе рыхтуюць будучых афіцэраў, да нас перыядычна прыязджаюць прадстаўнікі сілавых структур, якія расказваюць хлопчыкам і дзяўчаткам пра вайсковую службу, дэманструюць узоры зброі і экіпіроўкі, ладзяць паказальныя выступы па рукапашнаму бою. Сёння вельмі важна фарміраваць у вучняў паважнае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў, маральна-псіхалагічныя і фізічныя якасці», — кажа кіраўнік школы па вайскова-патрыятычным выхаванні, падпалкоўнік запасу, былы спецназавец Сяргей Куніца.

Школы з цірамі будуюць і на перыферыі

Новую школу з цірам — самую вялікую ў Брэсцкай вобласці — нядаўна адкрылі ў Баранавічах. А таксама ў віцебскім мікрараёне Білева-2. У наступным годзе будаўніцтва плануюць завяршыць і ў Магілёве.

«Асаблівы акцэнт плануецца зрабіць на спартовым абсталяванні. На прышкольнай тэрыторыі будзе стадыён, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі… У асобнай прыбудове — басейн. Апрача гэтага, ва ўстанове адукацыі будзе свой цір, які размесціцца ў падвальнай частцы», — распавёў «Настаўніцкай газеце» начальнік Магілёўскага абласнога аддзела адукацыі Аляксандр Корзун.

У новую навучальную ўстанову адбіраюць «правераныя» кадры, распавяла настаўніца з гэтага абласнога цэнтра:

«Кажуць, што будуць ствараць узорную школу па патрыятычным выхаванні з вайсковымі класамі. Паколькі чакаецца, што да яе будзе падвышаная ўвага рознага начальства, настаўнікаў будуць адбіраць вельмі строга, каб ніякі «апазіцыйны элемент» не прасачыўся. А ў новым школьным ціры хочуць зрабіць платныя заняткі для падлеткаў з усяго мікрараёна».

Паводле магілёўскай настаўніцы, цяпер у школах пераабсталёўваюць і старыя ціры, якія былі ў скляпеннях яшчэ савецкіх школ. З той пары, як разваліўся СССР, дзе быў прадмет «Пачатковая вайсковая падрыхтоўка», прайшло шмат часу, і падвальныя памяшканні выкарыстоўвалі як склады для будаўнічых матэрыялаў, спартовага інвентару і гэтак далей. Зараз загадана ўсе ціры «вярнуць у строй» і навучаць школьнікаў «бараніць радзіму».

Заняткі ў СШ №226. Фота: minsknews.by

Цір як «гуманітарны праект»

Свой уласны цір імкнуцца займець не толькі гарадскія школы. Да прыкладу, Дзяржынскі райвыканкам шукае спонсараў для ўвасаблення «Гуманітарнага праекта «Наш лазерны цір», мэта якога — стварыць умовы для ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўнай установы адукацыі «Дварышчанская сярэдняя школа».

Лазерны цір мае стаць альтэрнатывай для школы, дзе няма прыстасаванага для стральбы памяшкання. Але для стварэння гуртка «Трапны стралок» і «папулярызацыі спартова-патрыятычных аб'яднанняў» ён цалкам падыходзяць, лічаць у раёне. Цяпер шукаюць спонсара, гатовага заплаціць за цір «Стралковы трэнажор» 2 250 еўра — пры тым, што райвыканкам дадасць яшчэ 100 еўра ўласных сродкаў.

Вясковая школа просіць грошай толькі на сам трэнажор, а вось сталічная школа №30 «запрашае да супрацоўніцтва ў межах гуманітарнага праекта «Школьны цір» тых, хто гатовы даць на «прыцягненне падлеткаў да здаровага ладу жыцця, заняткаў спортам, страявой падрыхтоўкай, адпрацоўкі навыкаў карыстання зброяй» 10 000 еўра. У гэтую суму ўваходзіць і кошт лазернага ціра «Стралковы трэнажор», і рамонт у памяшканнях, дзе збіраюцца навучаць стралкоў. Сярод мэтаў і задач задачаў гуманітарнага праекта — «папулярызацыя аб'яднанняў патрыятычнай накіраванасці» і нават «прафілактыка асацыяльных паводзінаў і наркаманіі».

Пастановай Міністэрства адукацыі ад 15.07.2021 года ва ўсіх установах адукацыі (уключна з яслямі-садамі, але за выключэннем пачатковых школ, вячэрніх школ, дапаможных школ, спецыялізаваных ліцэяў) уведзена пасада кіраўніка вайскова-патрыятычнага выхавання. Паводле кваліфікацыйных патрабаванняў да «ваенрука», ён павінны мець вышэйшую педагагічную адукацыю з абавязковым досведам вайсковай службы або вышэйшую вайсковую адукацыю. Дастатковым будзе і «засваенне праграм падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і афіцэраў запасу на вайсковых кафедрах грамадзянскіх устаноў вышэйшай адукацыі».

Заняткі ў СШ №226. Фота: minsknews.by

Недахопу ў такіх кадрах няма: сёлета ўвесну начальнік упраўлення галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і моладзевай палітыкі Віктар Доўнар казаў, што беларускія школы ўкамплектаваныя выкладчыкамі гэтага профілю на 93%.

«У 2022 годзе ў школы прыйшлі 2000 кіраўнікоў вайскова-патрыятычнага выхавання, многія з якіх — «людзі ў пагонах» без спецыяльнай педагагічнай адукацыі і адпаведных кампетэнцый», — адзначаюць аўтары даследавання стану беларускай адукацыі пасля 2020 года, якое праводзілася ў рамках праекту «Васьміног». — «Мілітарызацыя адукацыі вядзе да падмены выхаваўчага складніка адукацыйнага працэсу агрэсіўнай мілітарысцкай падрыхтоўкай навучэнцаў».

Чытайце таксама:

Кошт навучання ў ВНУ павысяць ужо з 1 снежня

У гродзенскай гімназіі на ўроку памерла шасцікласніца

«Мне б хацелася, каб існавала адукацыйная сістэма без прывязкі да пэўнай краіны». У чым плюсы школьнага анлайн-навучання?

Андрэй Калачоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Фейга-Лея/адказаць/
02.12.2023
Карэктар, во-во. Магу даць арыенціроўку. СШ ім.Жукава, на тэрыторыі школы захаваўся такі цір, каму цікава адведайце.
02.12.2023
уяўляю карцінку - усе ад малых да старых у камуфляжы спяваюць гімн "Мы, беларусы — мірныя людзі"
0
Чаркашкварка/адказаць/
02.12.2023
У "мазаiчна-псiхiатрычным "выхаваннi". Але эты цiр патрэбен не для таго каб кагосцi выхаваць, а для таго каб зрабiць з беларусау мяса для чарговых расейскiх крывава-пачварных войн
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031