Знайсці
29.11.2023 / 21:215РусŁacБел

Мінская сям'я стварыла ўнікальны міні-парк каля свайго дома. Атрымалася сапраўдная прыгажосць

У Мінску ёсць вуліца Слабадская ў мікрараёне «Малінаўка» і ёсць прыпынак «Гаражы», на якім можна выйсці і трапіць у мініяцюрны батанічны сад. Віктар Габернік, які тут жыве, расказаў журналісту Blizko.by, чаму ён і ягоная жонка ўжо чатыры гады за свае грошы ўладкоўваюць дваровую тэрыторыю.

Проста ля прыпынку — піхты, елкі, кіпарысы, незвычайныя фігуркі з дрэва, лаўкі ручной працы, на якіх можна адпачыць. Улетку тут — невялікі вадаём. Такое ўражанне, што тут працавалі майстры ландшафтнага дызайну, але, як аказалася, гэта зусім не так.

«Усё пачалося з таго, што чатыры гады таму тут чатыры ялінкі пасадзіў мужчына, у якога сын трапіў у аварыю, — распавядае Віктар Габернік. — Звычайна паміж вуліцай і дамамі садзяць клёны ці нейкія іншыя дрэвы, але чалавек вырашыў адысці ад агульнапрынятай гарадской нормы.

А ў нас з жонкай Аленай дача ёсць, і там проста — хвойны парк. Мы спыталіся ў мужчыны: «Вы не супраць, калі да вашых чатырох ялінак дадамо свае?» Той адказвае: «Ды калі ласка! Зямлі хапае». І мы з жонкай пачалі саджаць тут елкі, піхты, кіпарысы…

Тут наогул быў вэрхал — усё бэзам зарасло. Мы ўсё перакапалі і пачалі саджаць дэкаратыўныя іглічныя расліны, якія ў ландшафтным дызайне будуць ствараць прыгажосць».

Не так даўно Віктар Габернік зрабіў у сваім міні-парку сажалку, а ў наступным годзе запланаваў уладкаваць тут жа невялікі вадаспад на сонечнай батарэі, сумешчаны з паілкай для птушак.

«Удзень птушкам будзе вадзіца падлівацца і не зацвітаць, а ўначы арганізуем падсвятленне, — дзеліцца планамі суразмоўца. — Пакуль што проста зрабіў кармушку для птушак, жонка дзесьці ў інтэрнэце ўбачыла яе фатаграфію. А Юрый, які першы пасадзіў тут елкі, хоча зрабіць іглічна-каменны куток. Хлопцы выразалі яму з дрэва мядзведзяў, трусоў».

Віктар расказвае, што народ захапляецца іх паркам, а некаторыя нават дапамагаюць грашыма.

«То пяць рублёў дадуць, то дзесяць, — кажа Віктар Габернік. — А потым наогул з'явіўся нейкі мясцовы актывіст, які сядзеў каля пад'езда і збіраў грошы на ўладкаванне гэтай тэрыторыі паводле прынцыпу «хто колькі можа».

ЖЭС зрабіў для жыхароў дома асобны лічыльнік на ваду, таму што летам дэкаратыўныя дрэвы трэба паліваць.

«За тыя грошы, што сабралі, купілі лічыльнік, шланг, — працягвае мужчына. — Пад усёй зямлёй у нас пасцелены спанбонд, каб не падымалася пустазелле і нармальна рос травяны газон. На гэта ўсё ўжо сышло больш за 3500 рублёў.

Дарэчы, камунальнікі вельмі добра паставіліся да нашай ініцыятывы. Калі трэба было, прыехаў кран і прыбраў усе непатрэбныя дрэвы, карані. Дапамагалі з камянямі, чарназёмам. Напярэдадні наш праект быў узгоднены з адміністрацыяй раёна, з ЖЭС, электрасеткамі, на ўсё атрымалі дазвол».

Віктар Габернік прызнаецца, што гэта ўжо стала хобі для ягонай сям'і:

«Можна паехаць у выхадныя за горад на шашлыкі, зняць домік ля возера за 300 рублёў і там «патусавацца» ў вольны час, а можна і тут з карысцю час прабавіць. Нашы дзеці жывуць не з намі, але, думаю, будуць радыя таму, што мы ім пакінем».

Мужчына расказвае, што і ён, і ягоная жонка ніколі да гэтага не займаліся ландшафтным дызайнам. Віктар быў самазанятым, жонка працуе кіёскерам.

«Дызайнерам у нас стала Алена, — прызнаецца Віктар Габернік. — Нешта падглядае ў інтэрнэце, нешта пераносіць з асабістага досведу працы на лецішчы. Я дапамагаю больш у плане фізічнай працы. У нас, дарэчы, часам пытаюцца: «Што вы заканчвалі? Гэта ж трэба такую прыгажосць зрабіць!»

А вось гэтага баранчыка з шышак незнаёмы мужчына падарыў. Неяк ён убачыў наш міні-парк, спыніўся і кажа: «У мяне ёсць баранчык, але яго фігурка на дачы ніяк не ўпісваецца ў агульны дызайн. А сюды ён проста просіцца». Баранчыка падарыў, а ў дадатак яшчэ і грыбы пад дрэвы».

Вакол парку збудаваныя невялікія агароджы, а таксама ёсць таблічкі з надпісамі: «Спадарства! Любіце і шануйце прыгажосць», «На акультуранай тэрыторыі забараняецца распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў і курэнне!»

«Людзі прыходзяць проста пасядзець тут на лаўцы, адпачыць, — кажа Віктар. — Часам вечарамі мясцовая моладзь таксама можа сюды зайсці, каб папіць піва і пакурыць, але мы з балкона ўсё бачым, і я часам спускаюся ўніз, каб растлумачыць маладым людзям, што мы ўладкоўвалі гэты парк не для таго, каб яго ператваралі ў забягалаўку».

Не так даўно ў Мінску праходзіў конкурс на найлепшае ўладкаванне жыхарамі прыдамавой тэрыторыі, і міні-парк каля дома па Слабадской, 119 заняў другое месца. «Будзе і першае», — упэўнены Віктар Габернік.

Чытайце таксама:

«Найлепшы сувенір з замежнай паездкі — не магніт ці статуэтка, а насенне». Ляснік з Жодзіна стаў фермерам і пасадзіў лесасад з экзатычнымі дрэвамі

«Я больш люблю вазіць расліны, чым людзей». «Кветкамабіль» брэсцкага садоўніка людзі ўжо пазнаюць на вуліцах

Рэліктавы лес, кібердамы, аздараўленчы турызм. Прадпрымальнік з Мінска з'ехаў у вёску і заснаваў там тры новыя бізнэсы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
гоблен/адказаць/
29.11.2023
Жвір, бу-га-га мля!🤣
1
Максим Дизайнер/адказаць/
30.11.2023
гоблен,

Каком воспитании в засранном пролетарском гетто, обдолбыш?Какая еще на хрен красота среди свалки камней и облезлой ограды из СССРа?
0
даведка /адказаць/
30.11.2023
В доме напротив от меня по периметру уличной сушки для удобства и красоты двора вымостили тротуарной плиткой узкую прямоугольную дорожку, которую ночами по одному кирпичику практически всю растащили.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031