Знайсці
28.11.2023 / 17:474РусŁacБел

«Дзеці цёмных сялян, якія ўчора хадзілі за плугам, не проста абвясцілі сябе літаратарамі, а ўзяліся за выкананне вялікай місіі»

Роўна сто гадоў таму, 28 лістапада 1923 года, у гэты дзень у Мінску быў створаны легендарны «Маладняк», які пакінуў па сабе значны след у беларускай літаратуры. Будзьма расказвае пра гісторыю першага літаратурнага аб’яднання і пра тое, што было пасля яго.

Маладнякоўцы. 1-ы рад: Я. Падабед, А. Якімовіч, М. Чарот, А. Дудар, Я. Пушча; 2-і рад: А. Бабарэка, Н. Чарнушэвіч, П. Трус, А. Вольны, А. Александровіч, К. Чорны (1925). Крыніца ілюстрацыі: Скарбніца нацыянальнай літаратуры і мастацтва: камплект рэпрадукцый / Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Што было «да»?

Яшчэ з часоў першых беларускіх адраджэнцаў у беларускай літаратуры панавалі ўмоўныя «песні жальбы». Пісалі іх многія, у тым ліку бясспрэчныя нашыя класікі — Якуб Колас, Янка Купала, Цішка Гартны. Старонкі «Нашай Долі», «Нашай Нівы» ды іншых выданняў першых дзесяцігоддзяў XX стагоддзя былі літаральна перапоўненыя плачам па нешчаслівай долі.

Прывяло ўсё гэта ў выніку да таго, што Вацлаў Ластоўскі ў 1913 годзе на старонках «першай беларускай газеты з рысункамі» распачаў дыскусію аб тым, як мела развівацца беларуская літаратура. Маўляў, не ўсё так кепска і ў родным краі трэба шукаць не адно негатыў, але і нешта пазітыўнае. Каб наступным пакаленням было чым ганарыцца.

З таго часу мінула дзесяць гадоў, якія істотным чынам змянілі гістарычны, палітычны і культурніцкі ландшафт Беларусі. Грымнула Першая сусветная вайна, якая стала самай сапраўднай катастрофай для Еўропы. Па выніку яе з мапы свету знікла некалькі імперый, а на іх рэштках утварыліся новыя, ужо нацыянальныя дзяржавы.

Рэвалюцыі, якія адбыліся ў той час па ўсім свеце, да непазнавальнасці мянялі краіны. Расія, Германія, Турцыя паўставалі цяпер у абсалютна новым і нечаканым, раней не бачаным абліччы. Старая культура, што была цесна звязаная з ранейшымі парадкамі, таксама адыходзіла ў нябыт. Баль правілі авангард і мадэрнізм.

Як усё пачыналася?

Познім вечарам 28 лістапада 1923 года ў будынку «Камуністычнага інтэрнацыяналу моладзі», які месціўся ў самым сэрцы тагачаснага Мінска, сабралася 6 чалавек. У выніку паседжання пастанавілі стварыць літаратурнае аб’яднанне, якое б прапагандавала новую рэвалюцыйную культуру.

З тых літаратараў, што прысутнічалі на ім, усе былі яшчэ «зялёнымі» ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Самым маладым быў Андрэй Александровіч, які меў на той момант усяго 17 гадоў. Следам ішоў паэт Алесь Дудар, якому тады было 18 гадоў. Ягоны сябар Анатоль Вольны і яшчэ адзін паэт Язэп Пушча былі ва ўзросце 21 года. Крытык Адам Бабарэка быў троху старэйшы за калегаў — яму было ўжо 24 гады. Ну а самым дарослым і дасведчаным у літаратурнай справе з іх быў Міхась Чарот, якому было 27 гадоў. Таму не дзіва, што менавіта ён і ачоліў наваствораную суполку.

Дзеці цёмных сялян, якія яшчэ ўчора хадзілі за плугам і пасвілі каровы, цяпер не проста абвясцілі сябе літаратарамі, а ўзяліся за выкананне вялікай місіі — зрабіць перамены ў тагачаснай беларускай культуры. Па сутнасці «Маладняк» ад першых дзён свайго існавання быў не проста літаратурным аб’яднаннем, але найперш тусоўкай пасіянарных маладзёнаў, што гуртавалі вакол сябе падобных — найперш авангардных аўтараў. А авангард, як вядома, тады панаваў у Еўропе.

«Бура і націск»

Ідучы следам за нямецкімі рамантыкамі канца XVIII стагоддзя, маладнякоўцы абвясцілі свой уласны, беларускі «Sturm und Drang». Гэта значыць, зацятае змаганне і перафарматаванне айчыннай культуры. Вось што пісаў у тым самым 1923 годзе Кандрат Крапіва ў адным са сваіх вершаў, які так і называецца «Аб «буры і націску»»:

Адзін аж лезе, здэцца, з скуры,
Даводзячы патрэбнасць «буры»
І «націску» ў літаратуры;
Другі баіцца, мусіць, буры:
Даводзіць ён, што лепей крышку
Было б сядзець нам у зацішку;
А трэці проста пустазвоніць —
Ні нападае, ні бароніць.
Узнялі толькі завіруху, —
Тым часам справа ўсё без руху.
Браткі! ці весці гэту спрэчку,
Ці сыпаць вам муку у рэчку,
Як у няведамай старонцы
Калісь рабілі пашахонцы, —
Карысць, бадай-што, тут адна:
Не будзем мець мы талакна.
Чым весці спрэчку гэту дурна,
Было б, па-мойму, лепей крыху
За працу ўзяцца — хто паціху,
А хто няхай бы сабе й бурна.

Малады паэт, які не без іроніі разважаў над літаратурнымі спрэчкамі, што развялі маладнякоўцы, у выніку і сам далучыўся да аб’яднання. Але ў 1926 годзе пакінуў яго, перайшоўшы разам з Адамам Бабарэкам і Кузьмой Чорным у не менш легендарнае «Узвышша».

Першы з'езд маладнякоўцаў, 1925

Чаму «Маладняк» распаўся?

У хуткім часе пасля з’яўлення «Маладняка» пачалася і актыўная праца — у друку з’яўляліся новыя творы маладнякоўцаў, выходзілі іхнія кнігі, з’яўлялася крытыка на іх. Філіі арганізацыі як грыбы пасля дажджу пачалі расці не толькі на Беларусі, але і за яе межамі.

Вядома як мінімум пра дзве такія — адна дзеяла ў Маскве, а іншая ў Празе. Ды і заходнебеларуская моладзь, што цікавілася актуальнай культурай, бачыла ў маладнякоўцах пэўны арыенцір і ўзор для пераймання. Ужо ў 1925 годзе колькасць сяброў аб’яднання перавышала пяць сотняў — гэта быў проста неверагодны рост. Але колькасць далёка не заўжды азначае якасць.

Часцяком у «Маладняк» прымаліся людзі без асаблівых талентаў, якія проста былі неабыякавыя да літаратуры і «пралетарскай» культуры ды маглі быць хаця б нечым карыснымі. Таму тыя, хто ўжо сцвердзіўся на ніве прыгожага пісьменства, і вырашылі адасобіцца ад іх у нешта больш элітарнае. Так і паўстала ўвесну 1926 года «Узвышша» — з адной назвы якога ўжо робіцца зразумела, хто мог стаць сябрам гэтага аб’яднання. Не проста неабыякавы, але таленавіты і здольны. Паміж былымі таварышамі ў прэсе распачалася сапраўдная варажнеча.

У 1928 годзе «Маладняк» фактычна спыніў сваё існаванне, ператварыўшыся ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. Часопіс яшчэ выходзіў 5 гадоў, але гэта было ўжо не тое. Канец 1920-х — пачатак 1930-х стаў фатальным для большасці ўдзельнікаў тагачаснага літаратурнага працэсу — спачатку на карысць адзінага пісьменніцкага саюза былі ліквідаваныя ўсе літаратурныя аб’яднанні, а потым прыйшлі і па іх сяброў. І былыя маладнякоўцы, і былыя ўзвышэнцы зведалі рэпрэсіі цягам 1930-х гадоў.

Чытайце таксама:

Аб чым была першая беларуская літаратурная дыскусія? І была яна на старонках «Нашай Нівы»

Не страляйце ў ластавак

«Ніхто ў свеце ўжо не піша рамантычных твораў». Размова з пісьменніцай Ганнай Кандрацюк, якая сёлета атрымала прэмію Гедройця

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
28.11.2023
Шляхту беларусы маюць ці толькі сялян?
4
Абыякавасць понад усе /адказаць/
28.11.2023
Только 95% на все это глубоко ... Им просто нужны новые лидеры адекватные своему времени: Тихановский, Бабарико, Лукашенко и т д
2
Максим Дизайнер/адказаць/
28.11.2023
Пан

Еще пролетариев. Посмотрите на Минск. Загазованное депрессивное пролетарско-кестьянское гетто.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера