Знайсці
28.11.2023 / 21:513РусŁacБел

Сем гадоў за пяць антываенных цэтлікаў у краме

Гісторыя Сашы Скачыленка з Санкт-Пецярбурга паказвае, што існуе і іншая Расія. Але паказвае і ступень маральнай дэградацыі рэжыму Пуціна. І ступень няўпэўненасці яго ў сваёй падтрымцы. 

Саша Скачыленка ў судзе. Фота: AP Photo / Dmitri Lovetsky

«Я сюды ішоў не для гэтага. Я ўсё разумею, але займацца больш гэтым не хачу», — так патлумачыў сваё звальненне следчы, які вёў справу 33-гадовай Аляксандры Скачыленка. Гэты крок не перашкодзіў пракурору запатрабаваць турэмнага зняволення, а суддзі — даць дзяўчыне сем гадоў.

Цэтлікі ў крамах з антываеннымі надпісамі, за якія Сашу Скачыленка пасадзілі на сем гадоў. Фота istories.media

Хто такая Саша Скачыленка

Як расказвала сама Скачыленка ў адным з інтэрв'ю ў 2020 годзе, свой першы музычны гурт яна стварыла разам з сяброўкай у 14 гадоў. Пасля школы дзяўчына паступіла ў Тэатральную акадэмію на факультэт рэжысуры кіно і тэлебачання.

У 2011-2012 гадах падчас пратэстаў пасля маштабных фальсіфікацый на выбарах у Дзярждуму Скачыленка здымала рэпартажы з мітынгаў і з выбарчых участкаў для пецярбургскай «Бумагі». На адным з такіх мітынгаў яна патрапіла ў самы эпіцэнтр падзей.

«У некаторыя моманты мне здавалася, што гэта мае апошнія здымкі», — расказвала мастачка пазней у сацсетках.

На пятым курсе Скачыленка не стала абараняць дыплом і забрала дакументы. Паводле яе слоў, гэта было зроблена для таго, каб атрымаць яшчэ адну адукацыю бясплатна.

У 2013 годзе Саша Скачыленка паступіла ў Смольны інстытут на факультэт свабодных мастацтваў і навук і вывучала там антрапалогію. Адну са сваіх курсавых работ, паводле слоў аднаго з яе сяброў, Скачыленка напісала пра візуальную эвалюцыю навагодніх зваротаў прэзідэнтаў Расіі: Ельцына, Пуціна, Мядзведзева і зноў Пуціна.

Смольны інстытут Скачыленка скончыла з чырвоным дыпломам, але не стала працаваць па спецыяльнасці. Яна здымала і манціравала відэа на заказ, працавала ілюстратарам і фатографам, супрацоўнічала з некамерцыйнымі арганізацыямі, падзарабляла курʼерам і няняй, і нават займалася рамонтамі кватэр.

Адным з найважнейшых для Скачыленка праектаў апошніх гадоў былі «Вольныя джэмы». У іх без крытыкі і ціску з боку музыкаў, якія лічаць сябе прафесійнымі, маглі прыняць удзел усе ахвочыя. Кожны мог свабодна выбраць інструмент і граць на ім без ацэнак, крытыкі, парад і выпраўленняў. Для дзяўчыны галоўнымі былі «негвалтоўнасць» і рэалізацыя свабоды самавыяўлення.

У Скачыленка з дзяцінства праблемы са здароўем. У яе цэліякія — генетычная непераноснасць глютэну і парок сэрца. Акрамя гэтага, дзяўчына мае праблемы з псіхікай. У 2007 годзе яна практычна гвалтоўна была шпіталізаваная ў псіхіятрычную бальніцу. Пасля выхаду з яе Саша працяглы час праходзіла некалькі курсаў псіхатэрапіі.

Фота: старонка Сашы Скачыленка ў фэйсбук

У 2014 годзе Скачыленка распавяла пра свой досвед у «Кнізе пра дэпрэсію», якую выклала ва «УКантакце». Публікацыя стала віруснай: у наступныя некалькі гадоў кнігу пераклалі на англійскую, іспанскую і ўкраінскую мовы, а мастачку сталі клікаць на фестывалі, прэзентацыі і інтэрвʼю.

Пазней яна намалявала яшчэ некалькі кніг-коміксаў аб праблемах душэўнага здароўя.

Зімой 2019—2020 гадоў Саша Скачыленка ездзіла ва Украіну выкладчыцай у дзіцячую кінашколу, арганізаваную Святланай Пагасій. У якасці вучэбнай працы дзеці з яе дапамогай знялі і змантавалі музычны кліп па матывах «Вечароў на хутары паблізу Дзіканькі» Гогаля.

«Саша казала, што яна ў шоку, што за час яе знаходжання ў Карпатах ёй ніводны чалавек не сказаў нічога ў духу: «Ты чаго прыперлася», — успамінала пазней Святлана Пагасій.

Гісторыя затрымання

Калі пачалося ваеннае ўварванне ва Украіну, Скачыленка выйшла на пратэсты ўжо не ў якасці аператаркі, а ўдзельніцы. 24 лютага яна напісала ў сацсетках: «Я вучыла ва Украіне дзяцей у дзіцячым лагеры здымаць відэа, памятаю кожнага з іх у твар. Яны нічым не адрозніваюцца ад дзяцей, якіх я бачу ў Расіі. І мне страшна, мне балюча, мне жудасна, што сёння на іх падаюць бомбы».

На акцыі пратэсту, якая прайшла 4 сакавіка, Сашу затрымалі. Праз некалькі дзён яна напісала: «У Расіі вельмі страшна. <…> Самае страшнае, што некаторыя нашы суайчыннікі сапраўды не разумеюць каштоўнасці чалавечага жыцця, падтрымліваюць гвалт і знаходзяць у ім каштоўнасць».

У сакавіку і красавіку 2022-га Скачыленка ў якасці антываеннага пратэсту арганізавала музычныя «Джэмы міру», куды маглі прыйсці ўсе ахвочыя.

У красавіку 2022 года Саша была затрыманая ўжо па абвінавачанні ў «фэйках» аб расійскім войску. Заяву напісала 72-гадовая пенсіянерка. Яе абурыў надпіс «Расійскае войска разбамбіла маст. школу ў Марыупалі. Каля 400 чалавек хаваліся ў ёй ад абстрэлаў», якую яна ўбачыла ў краме «Перекрёсток» у Санкт-Пецярбургу.

«Я вельмі перажываю за расійскіх салдат на Украіне, гляджу ўсе навіны пра гэта», — цытавала яе словы падчас допыту выданне «Бумага».

Акрамя паведамленняў аб дзеяннях расійскіх вайскоўцаў у Марыупалі, у цэтліках была інфармацыя аб тым, што Расія адпраўляе ваяваць ва Украіну салдат тэрміновай службы, што Уладзімір Пуцін неаднаразова не трымаў свае абяцанні, дадзеныя насельніцтву, і што неабходна спыніць вайну, распачатую Расіяй.

Сутнасць абвінавачання

Справа Сашы Скачыленка была адной з першых, заведзеных пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Яна вылучаецца яшчэ і тым, што большасць абвінавачаных па артыкуле аб «фэйках» аб расійскай арміі — журналісты, блогеры, аглядальнікі — людзі, якія і так распаўсюджваюць інфармацыю. Такіх людзей судзілі за словы ў інтэрнэце. У выпадку Сашы гэта была своеасаблівая мастацкая акцыя.

Прапанова мяняць цэтлікі ў расійскіх супермаркетах на падобныя па дызайне ўлёткі з антываеннай агітацыяй зʼявілася ў сярэдзіне сакавіка 2022 года ў тэлеграм-канале «Фемінісцкі антываенны супраціў». Там жа крыху пазней выклалі гатовы для друку звярстаны дызайн-макет.

Антываенны цэтлік у краме ў Казані. Фота: telegra.ph

Ідэю акцыі суправаджалі рэкамендацыі па бяспецы: напрыклад, не стаяць проста пад камерамі і расплачвацца толькі наяўнымі, — аднак хутка высветлілася, што гэтыя меры не здольныя забяспечыць ананімнасць удзельнікам акцыі.

Усяго за два месяцы за замену цэтлікаў былі затрыманыя сем чалавек. Але толькі на Скачыленка і яшчэ аднаго чалавека завялі не адміністрацыйную справу аб дыскрэдытацыі Узброеных сіл Расіі, а крымінальную справу аб «распаўсюджванні загадзя лжывай інфармацыі». Гэта тлумачыцца тым, што ў іншых актывістаў былі проста выказванні супраць вайны, а ў Сашыных — інфармацыя аб дзеяннях Узброеных сіл Расіі.

Судовая справа

Для прызнання віны была прызначаная лінгвістычная экспертыза, якая прыйшла да высновы, што ў змесце цэтлікаў, аўтарам якіх зʼяўляецца Скачыленка, нібыта прысутнічаюць прыкметы нянавісці і варожасці. Эксперты заявілі, што інфармацыя на цэтліках зʼяўляецца фэйкавай.

Але падчас судовага допыту адзін з аўтараў экспертызы заявіў, што на самай справе Скачыленка не магла ведаць пра тое, што інфармацыя, якую яна размясціла, лжывая. Таму і не магла наўмысна распаўсюджваць ілжывую інфармацыю.

Справа доўжылася паўтара года, і ўвесь гэты час дзяўчына знаходзілася ў СІЗА, нягледзячы на свае захворванні. Такі доўгі час разгляду некаторыя эксперты тлумачаць тым, што артыкул, па якім было выстаўлена абвінавачанне, быў новым, і судовыя органы не да канца разумелі, як весці справу.

Суд завяршыўся 16 лістапада гэтага года. Дзяўчыну прыгаварылі да сямі гадоў пазбаўлення волі. Як гавораць адвакаты, такі вялікі тэрмін абумоўлены тым, што справа атрымала вялікі рэзананс. А па словах самой Сашы, у справе заўважная «карʼерная зацікаўленасць» пракурора.

У той жа час следчы, які вёў справу, звольніўся адразу пасля завяршэння расследавання. Па словах карэспандэнта Бі-Бі-СІ Насты Голубевай, следчы звольніўся са словамі «Я сюды ішоў не для гэтага. Я ўсё разумею, але займацца больш гэтым не хачу».

«Называйце гэта як хочаце — я памылялася ці мне запудрылі мазгі… Я застануся пры сваім меркаванні і пры сваёй праўдзе. Нягледзячы на тое, што я знаходжуся за кратамі, я вальнейшая за вас. Я магу прымаць уласныя рашэнні, магу казаць усё, што думаю, магу звольніцца з працы, калі мяне прымушаюць рабіць нешта, чаго я не хачу. У мяне няма ворагаў, мне не страшна застацца без грошай ці нават без даху над галавой», — сказала ў сваім апошнім слове Саша Скачыленка.

Па словах сястры дзяўчыны, Сашу судзяць і да яе прычапіліся таму, што яна ўвасабляе сабой усё тое, што ўлады Расійскай Федэрацыі не любяць і абвяргаюць. Па-першае, яна мастачка, нефармальная, яркая, фантазійная. Па-другое, яна лесбіянка. Па-трэцяе, пацыфістка і антываенная актывістка. Па-чацвёртае, у яе ўкраінскае прозвішча. Па-пятае, яна займаецца грамадскай дзейнасцю, якая расійскай дзяржаве падаецца дзіўнай і чужароднай.

Палітычнаму рэжыму, які існуе ў Расіі, патрэбны людзі, якія будуць упісвацца ў сістэму, а тым, якія не ўпісваюцца, можна знайсці месца ў калоніі.

Па словах адваката Скачыленка, удзельнікі акцыі па замене цэннікаў у іншых рэгіёнах Расіі атрымалі толькі штрафы. Другі абвінавачаны па крымінальным артыкуле змог з'ехаць з краіны падчас знаходжання пад хатнім арыштам.

Чытайце яшчэ:

Расійскай мастачцы, якая мяняла цэннікі ў краме Пецярбурга на антываенныя ўлёткі, запрасілі восем гадоў калоніі

Мастачка з Пецярбурга замяніла цэннікі ў краме на ўлёткі пра Марыупаль. Ёй пагражае да 10 гадоў

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
28.11.2023
«Па словах сястры дзяўчыны, Сашу судзяць і да яе прычапіліся таму, што яна ўвасабляе сабой усё тое, што ўлады Расійскай Федэрацыі не любяць і абвяргаюць. Па-першае, яна мастачка, нефармальная, яркая, фантазійная. Па-другое, яна лесбіянка. Па-трэцяе, пацыфістка і антываенная актывістка. Па-чацвёртае, у яе ўкраінскае прозвішча. Па-пятае, яна займаецца грамадскай дзейнасцю, якая расійскай дзяржаве падаецца дзіўнай і чужароднай.»
0
Стоп /адказаць/
28.11.2023
[Рэд. выдалена]
0
даведка /адказаць/
28.11.2023
КГБшные режимы Лукашенко и Путина падут синхронного, падение одного вызовет цепную реакцию для другого.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031