Знайсці
28.11.2023 / 11:051РусŁacБел

Карціна з коцікамі за 1000 еўра і гербарый за 250. Якія лоты прадалі на аўкцыёне, каб сабраць грошы на падарункі дзецям палітвязняў

Беларускі фонд салідарнасці «Байсол» збірае дапамогу для дзяцей палітычных зняволеных. У рамках каляднай акцыі «Падорым дзецям цуд!» прайшоў міні-аўкцыён. Паглядзелі, якія лоты ахвяравалі беларусы на карысную справу.

«У многіх беларускіх дзетак хтосьці з бацькоў (а часам і абое) у гэты час знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах. Многія сем'і вымушаныя будуць сустракаць навагоднія святы ў чужой краіне, у расстанні, не маючы магчымасці зрабіць традыцыйныя падарункі родным. Разам з вамі мы можам зрабіць так, каб палітзняволеныя бацькі падарылі сваім дзецям крыху радасці ў гэтыя дні», — распавядае пра збор «Байсол». У рамках акцыі Фонд плануе сабраць 20 000 еўра — па 100 еўра на падарунак для кожнага дзіцяці.

Да ўдзелу ў аўкцыёне далучыўся Ігар Случак, які раней разам з сям'ёй эвакуіраваўся з Беларусі пры дапамозе «Байсол». Мужчына выставіў на таргі блок рэдкай маркі са сваёй асабістай калекцыі — з карцінай «Ева» мастака Хаіма Суціна. Выява дзяўчыны ў чорным стала адным з сімвалаў пратэстаў 2020 года.

Фота: сацсеткі ўдзельніка аўкцыёна

На старце аўкцыёну кошт марак, выпушчаных Белпоштай ў 2015-м, складаў 100 еўра. За некалькі дзён сума вырасла да 230. У дадатак да асноўнага лота пераможца атрымае прыемныя бонусы. «Разам з Евай будуць яшчэ невялікія падарункі, але мы не скажам якія, каб калядная неспадзяванка была і для пераможца ауцыёну», — напісаў на сваёй старонцы Ігар Случак.

Мастачка Вольга Якубоўская, вядомая карцінамі з коцікамі, напярэдадні сваёй выставы «Жаночы Марш» у Фларэнцыі разыграла на дабрачынным аўкцыёне работу «Festa della Repubblica».

Фота: сацсеткі мастачкі

За лот вялася барацьба. Пачатковы кошт карціны склаў 100 еўра, але ў канцы таргоў лот быў прададзены за 1000 еўра.

Адна з мастачак ахвяравала гербарый з кветак, перавезеных з Беларусі. «Гэтыя кветкі збіраліся і сушыліся ў Беларусі ў 2021 годзе і разам з іншымі нешматлікімі рэчамі выехалі ў эміграцыю ў тым жа годзе напрыканцы лета. То няхай гэтая карціна камусьці прынясе часцінку роднага краю і паспрыяе добрай справе», — распавядае пра свой лот жанчына.

Фота: сацсеткі мастачкі

Самая высокая стаўка за кампазіцыю з кветак склала 250 еўра.

Акрамя аўкцыёну ў межах акцыі адбываюцца і іншыя цікавыя актыўнасці. У аўторак, 28 лістапада, беларускі дабрачынны музычны рух Belarus Outside Sound System і інтэрнэт-тэлеканал UKRAіNATV пры падтрымцы праекта рэзідэнцый і культурнага абмену PerspAKTIV прадстаўляюць 5-гадзінны стрым салідарнасці з удзелам чатырох беларускіх дыджэяў і электроншчыкаў.

Фота: сацсеткі ўдзельнікаў аукцыёну

«Кракаўскія электроншчыкі з Беларусі прадставяць свае часовыя сэты. Падчас стрыму мы будзем збіраць грошы на «Калядны цуд» — падарункі дзеткам, у якіх хтосьці з бацькоў у гэтую гадзіну знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах», — пішуць музыкі ў сацыяльных сетках.

У межах каляднай акцыі «Падорым дзецям цуд!» ужо сабрана больш за 14 тысяч еўра. Заяўкі на дапамогу падалі звыш 115 сем'яў палітвязняў. Унесці свой уклад і далучыцца да збору можна па гэтай спасылцы.

Кацярына Гардзеева

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
крывасмок лекавы/адказаць/
28.11.2023
гербарый прыгожы
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031