Знайсці
27.11.2023 / 21:2417РусŁacБел

Хто рызыкуе трапіць у «пенсійную пастку» і чаму ў доктара гістарычных навук пенсія 220 рублёў?

Павелічэнне мінімальнага страхавога стажу для многіх можа стаць праблемай. Эксперт растлумачыў, хто рызыкуе трапіць у «пенсійную пастку».

Жанчына ў Мінску прадае букеты. Фота: «Наша Ніва»

— Так званая «пастка страхавога стажу» з’явілася яшчэ падчас пенсійнай рэформы 2013 года, — патлумачыў «Нашай Ніве» эксперт з Беларускага Хельсінскага камітэта. — Да пачатку 2014 года чалавеку для таго, каб пачаць атрымліваць пенсію, было дастаткова мець усяго 5 гадоў страхавога стажу. А з 1 студзеня 2014 года пачалі патрабаваць ужо 10 гадоў страхавога стажу, з 2015 года — 15 гадоў.

Атрымліваецца, што за вельмі кароткі прамежак часу тэрмін неабходнага страхавога стажу павялічыўся на 10 гадоў. Зразумела што людзі, якія якраз набліжаліся да пенсійнага ўзросту, фізічна не мелі магчымасці адразу атрымаць дзесьці яшчэ 5—10 гадоў страхавога стажу. З-за ўсяго гэтага шмат людзей фактычна засталіся без крыніц даходу: яны не маглі прэтэндаваць ні на працоўную пенсію, ні на сацыяльную.

Трэба адзначыць і тое, што пенсійная рэформа праводзілася без грамадскіх абмеркаванняў — людзі фактычна не мелі ніякай магчымасці паўплываць на тое, як змяняецца заканадаўства. Нехта нават не ведаў, што адбылося, да таго як прыйшоў аформіць пенсію.

Беларусы і па сёння блытаюць два паняцці: агульны працоўны стаж і страхавы стаж.

У агульны працоўны стаж уваходзяць уся сацыяльная дзейнасць: вучоба ва ўніверсітэце, служба ў арміі, адпачынак па доглядзе дзіцяці, догляд састарэлага сваяка ды іншае. Агульны працоўны стаж павінен быць не меншы за 25 гадоў у мужчын і не меншы за 20 гадоў у жанчын.

У страхавы ж стаж улічваецца толькі той перыяд, калі чалавек сам (калі працаваў на сябе) або яго працадаўца рабіў унёскі ў ФСАН. Цікавы момант: чалавек можа нават не ведаць пра тое, што ў нейкі перыяд працадаўца не рабіў за яго гэтыя ўнёскі. Таму карысна перыядычна высвятляць, ці не мае ваш працадаўца запазычанасці перад ФСАН.

Дарэчы, зараз праверыць свой страхавы стаж і тое, ці плаціць ваш працадаўца ўнёскі ў ФСАН, можна праз мабільны дадатак «ФСАН» (дасяжны для спампоўвання ў Google Play і App Store).

Пачынаючы з 2015 года страхавы стаж штогод павялічваецца на паўгода. Цяпер ён складае 19 гадоў (і для мужчын, і для жанчын). У 2025 годзе страхавы стаж дасягне 20 гадоў і больш павялічвацца не будзе.

— З 2016 года ў нас няма прэтэнзій да таго, як павялічваецца страхавы стаж, бо гэта адбываецца паступова. Гэта звычайная практыка для многіх краін, у людзей ёсць час для таго, каб перагледзець свае паводзіны і нешта зрабіць. 

На жаль, у Беларусі існуе стэрэатып, быццам бы застацца без пенсіі можа толькі нейкі гультай, які прынцыпова нічога не рабіў усё жыццё. Але ж гэта не адпавядае рэчаіснасці.

— Найбольш дыскрымінаванай групай аказаліся жанчыны. Менавіта яны ў Беларусі, як правіла, выконваюць сацыяльна карысную дзейнасць: гадуюць дзяцей, даглядаюць людзей з інваліднасцю або састарэлых сваякоў, — адзначае эксперт. — Атрымліваецца, што дзяржава здымае з сябе частку адказнасці за пэўныя катэгорыі грамадзян і нават плаціць нейкія невялікія грошы за гэта, аднак жанчына ў гэты час страчвае магчымасць напрацоўваць страхавы стаж.

Яшчэ адзін важны момант, чаму жанчыны з’яўляюцца больш сацыяльна ўразлівай групай — пасля дэкрэтнага адпачынку цяжка вярнуцца да таго ўзроўню заработнай платы, які быў раней.

— Памер вашай пенсіі залежыць ад памеру афіцыйных заробкаў. Чым больш вы зараблялі, тым большую пенсію можаце атрымаць. Перад тым, як прызначыць пенсію, ФСАН глядзіць памер вашых заробкаў за апошнія 29 гадоў (ці менш, калі вы столькі не працавалі). У кожным годзе асобна параўноўваюць вашу зарплату з сярэдняй па краіне, якая была ў той час. Важны момант: калі вы працавалі на палову ці на чвэрць стаўкі і зараблялі менш мінімальнай зарплаты ў краіне, то вам могуць залічыць у страхавы стаж не ўвесь год, а, напрыклад, толькі 9 ці 10 месяцаў. Пра гэта трэба памятаць, калі вам прапаноўваюць атрымліваць зарплату ў канверце.

Як ні дзіўна, але ж наступная катэгорыя беларусаў, якая трапіла ў «пастку страхавога стажу» — гэта супрацоўнікі ваенізаваных структур: праваахоўных органаў, МНС, Следчага камітэта і гэтак далей.

— У іх была такая сітуацыя, што яны былі павінны дапрацаваць да сваёй прафесійнай пенсіі, якая прызначаецца пасле 20 гадоў працы. А людзі, якія па нейкіх прычынах звальняліся раней, гублялі фактычна ўвесь гэты перыяд, бо ён не залічваецца ў страхавы стаж. У нас быў рэальны кейс, калі мужчына працаваў у міліцыі 19 гадоў, а потым вырашыў сысці. Атрымалася, што гэтыя гады цалкам выкраслены са страхавога стажу. Гэта значыць, што ў саракагадовага мужчыны агульны працоўны стаж складаў 19 гадоў, а страхавы — нуль.

Суразмоўца адзначае, што з цягам часу гэтую сітуацыю крыху выправілі і ўнеслі карэкціроўкі ў закон.

— Шмат людзей звярталася з тым, што ім не хапае страхавога стажу. Тады з’явіўся новы від пенсіі — працоўная пенсія па ўзросце пры няпоўным страхавым стажы. Яе могуць прызначыць мужчынам з 65 гадоў і жанчынам з 60 гадоў, якія маюць страхавы стаж не менш за 10 гадоў.

На жаль, што сацыяльная пенсія, што працоўная пенсія па ўзросце пры няпоўным страхавым стажы — гэта такія сумы, ад якіх не ведаеш смяяцца ці плакаць.

Цяпер сацыяльная пенсія складае 183 рублі 90 капеек штомесяц. Памер пенсій пры няпоўным страхавым стажы складае 73% найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму пенсіянера, устаноўленага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны за два апошнія кварталы. Эксперт выказаў меркаванне, што менавіта пра такую сітуацыю можа ісці гаворка ў сітуацыі з доктарам гістарычных навук, якому прызначылі пенсію ў 220 рублёў.

— Але ненармальна тое, што існуюць пенсійныя выплаты нават меншыя за бюджэт пражытачнага мінімуму (зараз ён складае каля 368 рублёў). Дзяржава не гарантуе людзям нават неабходны для жыцця мінімум — а павінна гэта рабіць згодна с міжнароднымі нормамі і Канстытуцыяй.

Калі казаць пра мінімальную працоўную пенсію, то цяпер яна ў Беларусі складае 395 рублёў 25 капеек.

Эксперт адзначае: з 2020 года з’явілася новая сацыяльна ўразлівая група — гэта палітвязні і людзі, якія страцілі працу па палітычных прычынах.

Зразумела, што людзі, якія па палітычных артыкулах знаходзяцца ў месцах пазбаўлення свабоды, пазбаўлены магчымасці зарабляць той самы страхавы стаж.

Таксама нямала тых, хто страціў працу за сваю грамадзянскую пазіцыю — быў звольнены або за тое, што па палітычных прычынах адсядзеў суткі, або проста паставіў подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата падчас перадвыбарнай кампаніі. Зараз гэтым людзям складана знайсці новую працу. Эксперт кажа, што ёсць выпадкі, калі «палітычнаму» чалавеку складана працаўладкавацца нават з накіраваннем ад цэнтра занятасці.

Нехта са звольненых па «чорных спісах» вымушаны працаваць за невялікія грошы на працы, якая не адпавядае іх узроўню кваліфікацыі і ведаў. І гэта таксама адбіваецца на памеры пенсіі, на якую яны потым змогуць прэтэндаваць.

— У будучым гэта будзе вялікай праблемай. Дэмакратычным сілам Беларусі ўжо зараз трэба пачаць думаць пра тое, што рабіць з гэтай сітуацыяй. Магчыма, трэба абмеркаваць тое, што палітзняволеным і людзям, якія былі звольнены па палітычных прычынах, страчаныя гады павіны быць як-небудзь залічаны ў агульны і страхавы працоўны стаж.

Чытайце таксама:

Пенсіянерцы, якая спаліла два аўтамабілі, прысудзілі «хатнюю хімію»

Доктар гістарычных навук расказаў, якую пенсію яму налічылі

Жывуць на адну пенсію, сутыкаюцца з ашуканцамі, усім задаволены: вынікі апытання беларускіх пенсіянераў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Жвір/адказаць/
28.11.2023
антижир, вы не ў тэме. Бургер-чмургер, гэта збоку, а сам будынак праектнага інстытута, я сёньня адмыслова з'ездзіў, шыльду праверыў. То бок вочы я не заліваў, хіба толькі пахмяліўся крыху. Праверыў сябе алкометрам, амаль цьвярозы - 0.9, г.з. крышталёва чысты, лічы празрысты.
0
антижир/адказаць/
28.11.2023
гумару не разумееце? гэта будынак Белпромпраекта. Мінскпраект за Домам ураду.
"я сёньня адмыслова з'ездзіў" куды вы з'ездзілі? з Ціханоўскай сфоткаліся? вас у Беларусі даўно няма. навошта хлусіць? але хлусня - гэта ваша ўсё. на гэтым усё. не адказвайце. тут тэма іншая. і тэма сур'ёзная
1
Жвір/адказаць/
28.11.2023
антижир, пра залітыя з ранку вочы - во гэта во хлусьня, персанафіцыраваная хлусьня ! І яна не мая. А чыя ? Але, няхай гэта будзе "маё ўсё" (што таксама хлусьня). Умееце вы "гумарыць", "гумар" - гэта вашае ўсё, мае вам аплядысменты.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031