Знайсці
23.11.2023 / 17:31РусŁacБел

У Мінску ставяць кантэйнеры для збору ўпакоўкі ад чыпсаў і сухарыкаў. Як гэта працуе і што потым зробяць з гэтым смеццем?

У мінскіх крамах сталі з'яўляцца кантэйнеры для збору ўпакоўкі ад чыпсаў і сухарыкаў. Для чаго гэта трэба і як працуе? Blizko.by вывучыў кантэйнер і высветліў, наколькі гэта карысная справа.

Што прыдумалі?

Гэта такая рэкламная акцыя, якую праводзіць вытворца чыпсаў, снэкаў і сухарыкаў. Але карысць ад яе нашмат большая, чым проста камерцыйны эфект.

Вы прыносіце ў кантэйнер упакоўку ад чыпсаў — а вытворца адправіць яе на перапрацоўку. Акцыя праводзіцца з 1 лістапада, але кантэйнеры для збору з'явіліся не паўсюль за адзін раз, а паступова. На гэтым тыдні быў заўважаны кантэйнер у краме «Санта» на праспекце Газеты «Праўда» на паўднёвым захадзе.

Што гэта за кантэйнеры

Кампанія называе свой кантэйнер словам «пачкамат», чым уносіць некаторую блытаніну ў тэрміналогію. У іх разуменні пачкамат — гэта скрынка для збору пачкаў ад чыпсаў. Між тым, гэтае ж слова ўжо на ўсю моц выкарыстоўваецца ў рускай мове для абазначэння аўтаматаў для атрымання пасылак у Польшчы: Paczkomat, ён жа automat paczkowy. Хоць у нас, у самой Беларусі, а таксама ў іншых краінах, дзе руская мова выкарыстоўваецца вялікай колькасцю людзей, такія аўтаматы для пасылак называюць «паштамат» або, радзей, «пастамат» (Postamat).

Блытаніна не толькі ў тым, што слова выкарыстоўваецца дзесьці сярод рускамоўных людзей у Польшчы. Сам тэрмін, як і іншыя роднасныя яму (той жа паштамат або банкамат), утвораны зліццём двух асноў: першай («пачак», «пошта», «банк») і другой («мат»). І вось гэтая другая аснова «мат» — гэта частка слова «аўтамат» і сведчыць пра тое, што прылада працуе ў аўтаматычным рэжыме: паштамат сам, без касіра, выдае вам пасылку, а банкамат сам, без банкіра, выдае вам грошы.

У выпадку ж з чыпсавым пачкаматам нічога аўтаматычнага ў начынні няма: гэта проста пластыкавы кантэйнер, ці проста скрыня.

Як карыстацца гэтым «пачкаматам»?

На самой скрыні прыведзена нескладаная інструкцыя, як карыстацца «пачкаматам». Вазьміце пачак (пакет) ад чыпсаў або сухарыкаў, складзіце два разы напалову і прасуньце ў шчыліну — так і адбываецца «запраўка пачкамата», кажучы словамі арганізатараў.

Паколькі гэта рэкламная акцыя, то мяркуецца, што пакупнікі стануць укідваць у «пачкамат» упакоўку толькі ад фірмовых чыпсаў-снэкаў-сухарыкаў арганізатара ўсёй задумы. Тым больш, што ў некаторых месцах Менска гэтыя пустыя фірмовыя пачкі можна абмяняць на авоську, шклянку або міску.

Але гэтых пунктаў выдачы прызоў два дзясяткі на Мінск, а кантэйнераў — удвая больш. Адпаведна, каля кожнага другога такога кантэйнера ніякіх падарункаў не выдаюць. Але гэта не падстава не прыносіць сюды ўпакоўку ад чыпсаў — каб зрабіць горад і планету чысцейшымі, можна і пра падарункі забыцца.

Пры гэтым правіламі не забаронена кідаць у кантэйнер упакоўку ад чыпсаў іншых вытворцаў — ці ўвогуле не ад чыпсаў. Журналісты Blizko.by, напрыклад, выкінулі дзве ўпакоўкі ад сухарыкаў розных вытворцаў і адну — ад вафляў. Бо вырабленыя яны ўсе паводле аднолькавага прынцыпу: слаі металу і поліпрапілену злепленыя паміж сабой у своеасаблівы «бутэрброд».

Што будзе далей з гэтымі ўпакоўкамі?

Вытворца паведамляе:

«Наша каманда збірае з дапамогай пачкаматаў упакоўку ад снэкаў і адпраўляе на адзін з заводаў у Заходняй Еўропе на перапрацоўку. Такім чынам, упакоўка набывае другое жыццё ў якасці будаўнічых матэрыялаў, штучных футбольных палёў, іншых вырабаў і больш не шкодзіць планеце».

Ці ёсць у гэтым нейкі сэнс?

Дзяржаўная ўстанова «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» на сваім сайце экалагічнай ініцыятывы target99.by піша:

«Упакоўка ад чыпсаў

Выкідаць трэба ў шэры кантэйнер

Упакоўка ад чыпсаў на сённяшні дзень не перапрацоўваецца».

Таксама гэтая ўпакоўка называецца «самай зладзейскай, якую складана перапрацаваць». І разам з тым, на гэтым жа сайце пра пакеты ад чыпсаў сказана: «У невялікай колькасці ўпакоўку з камбінаваных шматслойных матэрыялаў выкарыстоўваюць без падзелу на слаі ў вытворчасці тратуарнай пліткі, люкаў, будаўнічых матэрыялаў. Але гэта — кропля ў моры».

Дык усё ж такі як: перапрацоўваецца ці не?

Адказ — так, перапрацоўваецца, але сапраўды ў вельмі невялікіх аб'ёмах. Яшчэ ў 2017 годзе навінавыя агенцтвы паведамлялі, што на прадпрыемстве «Гродзенскі завод па ўтылізацыі і механічным сартаванні адходаў» з такога і іншых відаў пластыку, які не перапрацоўваецца, навучыліся рабіць палімер-пясчаную тратуарную плітку; таксама з выкарыстаннем рознай шалясткой упакоўкі робяць насцілы для фермаў і чыгуначных пераездаў.

Але, вядома, няма ніякай гарантыі, што ваш пакет ад чыпсаў, выкінуты ў кантэйнер для пластыку ў Мінску, паедзе ў Гродна для ператварэння ў тратуар. Таму, калі заяўленая вытворцам чыпсаў «перапрацоўка на адным з заводаў Заходняй Еўропы» сапраўды будзе выкананая, — то гэта невялікі, але ўсё ж уклад у экалогію краіны. У такім выпадку ідэю са зборам пакетаў ад чыпсаў можна разглядаць як карысную.

Чытайце таксама:

Чаму беларускі едуць нараджаць у Аргенціну і колькі гэта каштуе

«У месяц — больш за 2 тысячы еўра». Дальнабойніца з Мінска расказала, як можна зарабіць такія грошы, пра сямейны тандэм і прыгоды ў Еўропе

«Жанчына, вазьміце фейхоа!» Што і па якіх цэнах прадаюць на сельскагаспадарчых кірмашах Мінска

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031