Знайсці
09.11.2023 / 16:331РусŁacБел

«Уж давно собирался я написать Вам письмо, да всё колебался». Адшукаўся невядомы ліст Якуба Коласа

У фондах Дзяржаўнага музея Уладзіміра Маякоўскага ў Маскве адшукаўся невядомы ліст беларускага песняра. Адрасат — не Маякоўскі, а іншая асоба, піша «Звязда».

Эпісталярная спадчына Якуба Коласа заўсёды прыцягвала ўвагу. У сваёй перапісцы паэт быў вельмі шчыры і адкрыты, дзяліўся планамі, марамі і перажываннямі. Пісаў пра розныя жыццёвыя падзеі, аб тым, што непакоіла яго сэрца і хвалявала душу.

Якуб Колас у Ташкенце ў 1942 годзе. Фота: Музей Якуба Коласа ў Мінску

Выяўлены ліст мае асаблівую каштоўнасць, бо быў напісаны з Ташкента ў першыя месяцы знаходжання паэта ў сталіцы Узбекістана, куды была пераведзена Акадэмія навук БССР падчас Вялікай Айчыннай вайны. Паколькі ліст да гэтага часу нідзе не друкаваўся, прыводзім яго цалкам: 

«Дорогая Александра Петровна!

Уж давно собирался я написать Вам письмо, да всё колебался — куда писать Вам, где Вас найти. Никто мне определённо не сказал, где Вы. Но говорят, что Вы в Красноуфимске. Вот сюда и пишу Вам. Что сказать? Ташкент взял с меня большой выкуп. Во-первых, стащили у меня часы, когда ехал во второй раз в трамвае, направляясь в «Правду Востока». Во-вторых, крепко болят зубы, дней десять ходил с повязанной и распухшей щекой. В-третьих, сильно проболела М.[ария] Д.[митриевна] (жонка паэта — камент. аўт.): с месяц лежала, больная крупозным воспалением лёгких. В-четвёртых, недавно перенёс свирепый ташкентский грипп. Живу кое-как. Ресурсы мои приходят к концу. Источники питания иссякли с первых дней выезда из Минска, да так и не наполняются живительной влагой. Хлопочу — скоро два месяца — о восстановлении персональной пенсии — пока безуспешно. Заработки очень скромны. Сейчас подъехали коллеги из Москвы. Разрешаются оргвопросы. М.[ожет] б.[ыть] наладится работа и оживится.

Как бы мне получить хоть несколько моих книжек, изданных гослитиздатом летом текущего года. Писал П.[етру] И.[вановичу] (П. І. Чагін у той час выконваў абавязкі дырэктара Дзяржаўнага літаратурнага выдавецтва — камент. аўт.) телеграфно, просил о подкреплении — г[ослитизда]— т должен мне ещё полторы тысячи за брошюрку «Вождю и народу». Ни авторских, ни денег не выслали. А они мне очень годятся.

Что слышно у Вас? Имеете ли известия о Рюрике? От Юры я давно не имею новостей. Болит душа о нём.

Напишите, дорогая Александра Петровна. Будет возможность, поговорите с П.[етром] Ивановичем, нельзя ли немного получить денег. Ведь я никогда не докучал гослит-издату этим вопросом, а вот сейчас приходится напоминать. Надо всё же принять во внимание, как и с чем выехал я из Минска. Своей сберегательной кассы разыскать не удастся.

Янка, слышал, застрял в Чебоксарах: колесо его брички до Казани не докатилось, как и предсказывали гоголевские мужики. Ни одного письма он мне не прислал. А ведь он не так беспомощен, как я.

Крепко жму руку. Всего наилучшего.

Привет от М.[арии] Д.[митриевны] и от своих сыновей.

Мой адрес: Г. Ташкент, улица 1-го мая, 20. Союз Советских писателей Уз.[бекистана], преданному Вам Якубу Коласу. 4. ХІІ. 1941 г. 

P. S. Мог бы собрать ещё на книжонку материала — строк около 700». 

Свой ліст Якуб Колас адрасаваў загадчыцы аддзела нацыянальных літаратур Дзяржаўнага літаратурнага выдавецтва Аляксандры Пятроўне Рабінінай. Менавіта яе класік называў самай сімпатычнай у свеце рэдактаркай.

З ёй у паэта склаліся цёплыя сяброўскія стасункі. Якуб Колас ліставаўся з Аляксандрай Рабінінай з 1934 года. Аляксандра Пятроўна была вельмі працавітай, магла вырашыць многія пытанні, звязаныя з выхадам з друку кніг, да яе парад і рэкамендацый прыслухоўваліся многія пісьменнікі, у тым ліку і Якуб Колас. 

У гады ваеннага ліхалецця, апынуўшыся далёка ад роднай зямлі, так хочацца пачуць голас родных і знаёмых, даведацца аб іх жыцці, атрымаць у адказ словы сяброўскай падтрымкі. Якуб Колас наўздагад адправіў ліст Аляксандры Пятроўне ў Краснаўфімск, дакладна не ведаючы месца яе знаходжання. Паэт распавядае пра цяжкасці і розныя непрыемнасці свайго жыцця. Крадзеж гадзінніка быў адной з такіх няўдач. Аб гэтым пісаў і малодшы сын Якуба Коласа Міхась, апісваючы складанасці з пошукам жылля для сям’і: «Нехта параіў пакой у прыватным доме, што знаходзіўся на вуліцы Фаменка ў пенсіянераў Андрэевых, але ж далёка ад цэнтру. Дабірацца сюды прыходзілася перапоўненымі трамваямі, дзе працавалі кішэннікі. І аднойчы ў бацькі выцягнулі кішэнны гадзіннік». Якуб Колас заўсёды карыстаўся кішэннымі гадзіннікамі, не насіў наручных. Купіць новыя атрымалася не хутка, толькі праз тры месяцы, аб чым паэт пісаў сваёй жонцы. 

Якуб Колас і Аляксандра Рабініна ў 1952 годзе на пленуме пісьменнікаў БССР. Мінск, 1952 г. Фота: Музей Якуба Коласа ў Мінску

Гарачы ташкенцкі клімат вельмі дрэнна адбіваўся на здароўі спадарожніцы жыцця паэта. Марыя Дзмітрыеўна цяжка хварэла, ляжала ў бальніцы. Нялёгка было і песняру. Ён пісаў, што яму «прыходзіцца мяняць пяро на поварскую лыжку». Жыццё вымагала хадзіць на рынак, гатаваць, мыць падлогу і займацца хатнімі клопатамі. Цяжка хварэў і сам паэт — непакоілі зубы, выбіў з сіл ташкенцкі грып. Хоць часу і не ставала, але паэт не закідваў літаратурную працу. Невялікія заробкі ад апублікаваных вершаў выратоўвалі сям’ю. Паэту яшчэ не аднавілі персанальную пенсію, грошы, якія ўдалося захапіць з Мінска, разыходзіліся вельмі хутка. Старэйшы сын паэта Даніла Міцкевіч успамінаў: «Матэрыяльна жылося нам нялёгка. У мяне невялікі заробак, а ў бацькі толькі ганарары за артыкулы і вершы, якія ён пісаў у Ташкенце і якія не так проста было апублікаваць». Газеты ў ваенны час выходзілі ў сталіцы Узбекістана ў паменшаным памеры, а творы патрэбна было перакласці на рускую мову. 

Якуба Коласа таксама цікавіла, як можна атрымаць некалькі асобнікаў яго кніжак, што выйшлі ў Дзяржаўным літаратурным выдавецтве ў 1941 годзе ў Маскве. Маецца на ўвазе невялічкі зборнічак вершаў паэта ў перакладзе на рускую мову «Родине. Вождю». Ні аўтарскіх асобнікаў, ні ганарар за выданне Якуб Колас не атрымаў. І хоць паэту было няёмка ўзнімаць пытанне аб выплаце грошай, але жыццёвыя абставіны вымушалі пра гэта нагадаць.

Паэт напісаў Аляксандры Пятроўне і аб сваім душэўным болі — адсутнасць вестак з фронту ад сярэдняга сына Юрыя вострым болем адгукалася ў сэрцы беларускага песняра. Аляксандра Рабініна не магла не спачуваць Якубу Коласу, бо яе сын Рурык таксама быў на фронце. Яго лёсам і цікавіўся паэт.

Перажываў ён і аб тым, што сябар Янка Купала не піша. А Коласу ў той цяжкі час так патрэбны былі словы сяброўскай падтрымкі. Купала ў адрозненне ад Коласа не вельмі любіў пісаць лісты. Колас цікавіўся лёсам свайго сябра, ведаў, што да Казані Янка Купала не дабраўся, зламалася яго машына недзе пад Чабаксарамі. Таму ў лісце і выкарыстоўвае цытату з гогалеўскіх «Мёртвых душ», калі мужыкі, разглядаючы брычку Чычыкава, прыйшлі да высновы, што яе колы, калі б спатрэбілася, то да Масквы даехалі б, а вось да Казані — не.

У зборы твораў Якуба Коласа надрукаваны сем лістоў Якуба Коласа да Аляксандры Рабінінай. Чатыры з іх датуюцца сярэдзінай 1930-х гадоў, астатнія — канцом 1940-х — пачаткам 1950-х. Аляксандра Рабініна віншавала Якуба Коласа з прысуджэннем дзяржаўнай прэміі па літаратуры, з 40-годдзем яго літаратурнай дзейнасці. Яна часта сустракалася з класікам у Маскве, наведала паэта ў падмаскоўным санаторыі Барвіха ў 1953 годзе, дзе ён папраўляў сваё здароўе пасля цяжкай хваробы. У тую сустрэчу Аляксандра Пятроўна падарыла паэту кнігу Вальтэра Скота «Роб Рой». Кніга Канстанціну Міхайлавічу спадабалася, аб чым сведчаць радкі, якія ён пакінуў на адной з першых старонак выдання: «Диана Вернон (мой самый любимый литературный образ женщины). 24/ II 1953 г. Якуб Колас».

Выяўлены ліст адкрывае нам невядомыя старонкі жыцця Якуба Коласа ў эвакуацыі ў Ташкенце падчас ваеннага ліхалецця, дазваляе даведацца аб яго клопатах і перажываннях. Спадзяёмся, што шмат адкрыццяў яшчэ чакае нас наперадзе.

Аўтар артыкула шчыра дзякуе калегам з Дзяржаўнага музея Уладзіміра Маякоўскага за прадстаўленыя матэрыялы і дазвол на першую публікацыю.

Чытайце таксама:

«У ягонай хаце ў куце стаяў посах Коласа, на стале — чарка Купалы… Антураж!»

Як выглядаюць дзённікі Язэпа Драздовіча

Пачалі выданне збору твораў Кузьмы Чорнага. Гэтым разам у 12-ці тамах

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
28
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
5
Сумна
5
Абуральна
9
10.11.2023
Cikava.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930