Знайсці
09.11.2023 / 16:062РусŁacБел

Стала вядома, чым будзе займацца экс-міністр лесу, якога пасадзілі на сем гадоў за хабар, але неўзабаве выпусцілі

Віталь Дрожжа, які не адбыў у калоніі яшчэ і паловы тэрміна за хабарніцтва, стаў кіраўніком лесапаляўнічай гаспадаркі. Беларускі расследавальніцкі цэнтр знайшоў гэтую інфармацыю на афіцыйным сайце Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».

Гэту інфармацыю ў самой гаспадарцы таксама пацвердзілі «Медыязоне».

Віталь Дрожжа, які з 5 красавіка 2018 года па 5 мая 2022 года займаў пасаду міністра лясной гаспадаркі, значыцца начальнікам аднаго з падраздзяленняў Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» — лесапаляўнічай гаспадаркі «Выганаўскае». Пры гэтым у красавіку мінулага года чыноўніка затрымалі, а ў студзені гэтага — судзілі за хабар у асабліва буйным памеры. Экс-міністра прыгаварылі да 7 гадоў і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму і пазбавілі права займаць кіроўныя пасады на 5 гадоў.

12 студзеня 2023 года дзяржаўныя СМІ пісалі, што да Віталя Дрожжы прымянілі амністыю — скарацілі тэрмін на адзін год. Акрамя таго, яму залічылі ў тэрмін асноўнага пакарання час, праведзены пад вартай да суда — прыкладна 270 з лішнім дзён. Дзень пад вартай лічылі як паўтара пазбаўлення волі. Гэта значыць, гэта зменшыла тэрмін яшчэ крыху больш чым на год. На момант публікацыі экс-міністру засталося б сядзець яшчэ каля 4,5 года.

Віталь Дрожжа таксама атрымаў штраф 2 000 базавых (74 тыс. рублёў). Як паведаміў журналістам дзяржабвінаваўца, асуджаны «выплаціў даход, атрыманы злачынным шляхам».

Следства казала, што чыноўнік атрымліваў хабар з кастрычніка 2020-га па красавік 2022-га ад заснавальніка і дырэктара замежнай кампаніі за ўказанне падпарадкаваным работнікам Мінлясгаса і лясгасаў купляць сушыльныя комплексы для сушкі пілапрадукцыі толькі ў растэрміноўку. На такіх умовах іх прадавала толькі згаданая вышэй кампанія. Па сцвярджэннях следства, грошы былому міністру перадавалі тройчы — па $ 10 тыс. Яшчэ адну суму — € 9,2 тыс. Дрожжа атрымаць не паспеў.

14 верасня незалежныя СМІ паведамілі, што былы чыноўнік мог выйсці на волю, не адбыўшы тэрмін поўнасцю. Прамых доказаў гэтаму не прыводзілася, аднак крыніца «Белсата» распавяла, што ў калонію, дзе адбываў пакаранне Віталь Дрожжа, прыязджала камісія па памілаванні. Пасля гэтага зняволенага адпусцілі на спатканне. Назад ён не вярнуўся.

Чытайце таксама:

Міністр, асуджаны за хабар на 7,5 года, верагодна, выйшаў праз паўтара — Белсат

Экс-міністра лясной гаспадаркі асудзілі на сем з паловай гадоў калоніі

Стала вядома, у чым вінавацяць былога міністра лясной гаспадаркі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
8
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
15
0
даведка /адказаць/
09.11.2023
Лукашенко далеко не каждому жэстачайшэ позволяет отбывать наказание в экологически заповедных местах.
0
Андрусь/адказаць/
09.11.2023
І гэта не адзінкавы выпадак, калі фігуранты гучных справаў, на якіх прапаганда выбудоўвала бачнасць няшчаднае барацьбы лукашэнкі з карупцыяй, пасля таго, як пра іх падзабываліся ў грамадстве, спакойна вызваляліся і займалі кіроўныя пасады. 
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930