Знайсці
05.11.2023 / 08:141РусŁacБел

Чалавек са зброяй прабраўся на тэрыторыю аэрапорта Гамбурга. Перамовы з ім вяліся ўсю ноч

Узлёты і пасадкі самалётаў у аэрапорце Гамбурга былі прыпыненыя ноччу ў сувязі з пранікненнем узброенага чалавека праз вароты ўнутр аэрадрома. Да паветранай гавані былі сцягнутыя паліцэйскія, піша Deutsche Welle.

Фота: Gregor Fischer/ Getty Images

У аэрапорце Гамбурга ўвечары ў суботу было цалкам спынена авіязлучэнне ў сувязі з паліцэйскімі мерапрыемствамі, паведамляе афіцыйны канал аэрапорта ў сацсетцы Х (былы Twitter).

Гэта адбылося пасля таго, як на тэрыторыю авіявузла прабраўся ўзброены мужчына за рулём аўтамабіля. Інцыдэнт адбыўся прыблізна а 20.00 паводле мясцовага часу (22.00 па Мінску).

Як паведаміў прэс-сакратар федэральнай паліцыі Томас Герберт, кіроўца на прыватным аўтамабілі прарваўся праз вароты і выехаў на перон аэрапорта. У яго была агнястрэльная зброя, і ён двойчы стрэліў з яe ў паветра. Прэс-сакратар сказаў, што жонка мужчыны раней звярталася ў паліцыю наконт магчымага выкрадання іх дзяцей.

У салоне машыны, акрамя кіроўцы, знаходзілася як мінімум адно дзіця. Праваахоўнікі дапускалі, што прычынай дзеянняў мужчыны стала спрэчка аб апецы. Як мяркуецца, мужчына паспрачаўся з былой жонкай з-за апекі над дзіцем і патрабуе, каб яму дазволілі вылецець з дачкой у Турцыю.

У мужчыны былі таксама з сабой два кактэйлі Молатава, якія ён шпурнуў. Узгаранне было патушана. Паліцэйскія атачылі машыну, на месца выклікалі спецназ і перагаворшчыка. Перамовы з мужчынам праходзяць на турэцкай мове.

У прэс-службе аэрапорта Гамбурга заявілі, што ўзлёт і пасадка самалётаў часова немагчымыя «ў сувязі з мерамі федэральнай паліцыі».

Паліцыя эвакуявала з аэрапорта каля 3200 пасажыраў і тых, хто сустракае. Усе рэйсы ў яго і з яго адмененыя. На 6 раніцы па мясцовым часе паліцыя паведамляе, што з падазраваным усё яшчэ вядуцца перамовы.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
9
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
13
0
Baravik/адказаць/
05.11.2023
Шо там перагаворваць. Хоча з'ехаць - на здароўе, баба з возу, не трэба такіх трымаць у краіне. Столькі людзей затрымаліся з-за іх.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера