Знайсці
04.11.2023 / 15:2846РусŁacБел

Трыа Сахашчык, Пракоп'еў і Ягораў паехала ў турнэ. Пра што гавораць на сустрэчах з беларусамі

Сустрэчы прайшлі ва Уроцлаве, Познані і Варшаве. Падчас апошняй гаварылася пра мэту паездак — аб'яднаць беларусаў у масавую арганізаваную структуру, якая павінна стаць апірышчам для дэмакратычных пераменаў у Беларусі без Лукашэнкі, і пра выбары ў Каардынацыйную раду, якія маюць адбыцца ў пачатку наступнага года.

Вадзім Пракоп'еў: «Каб беларускія вайскоўцы сталі на абарону пратэстоўцаў»

Раней вядомы мінскі рэстаратар, а цяпер грамадскі дзеяч ў выгнанні Вадзім Пракоп'еў распачаў сустрэчу ў Варшаве з пераліку магчымасцяў, якія страціла беларуская апазіцыя «Доўгатэрміновая стратэгія, паводле якой трэба чакаць, пакуль зменіцца свядомасць людзей, усе вывучаць беларускую мову, сфармуецца высокі ўзровень палітычнай культуры ў грамадстве, а потым раптам адкрыецца «акно магчымасцяў», сябе не апраўдвае. За гэты час частка людзей загіне ў турмах, іншыя з'едуць з Беларусі, каб ніколі туды не вярнуцца.

Ці былі кароткія шляхі да перамогі, якімі беларусы не скарысталіся? Напрыклад, каб беларускія вайскоўцы сталі на абарону пратэстоўцаў у 2020 годзе. Але гэтага не адбылося. Кароткім шляхам можна было б дайсці да перамогі, пакуль Масква была шакаваная беларускімі пратэстамі, а тутэйшыя ўлады былі ў разгубленасці. Аднак і гэтым мы не скарысталіся.

Далей — драма ўкраінскай вайны, калі ва Украіну памкнуліся людзі, якія хацелі аб'яднацца звонку, узяць у рукі зброю і здабыць перамогу для Беларусі. Але Украіна абрала сабе «танцавальнага партнёра» не з апазіцыі.

Быў яшчэ адзін кароткі шлях, калі ў 2020 годзе ў Вільні апынулася Святлана Ціханоўская, «галоўны козыр» за ўсе 30 год супрацьстаяння. Аднак беларуская нацыянальная інтэлігенцыя і ўсе апазіцыйныя структуры не аб'ядналіся вакол яе. Ці засталіся яшчэ кароткія шляхі да нашай перамогі?»

Адказваючы на ўласнае пытанне, Вадзім Пракоп'еў пералічыў «вокны магчымасцяў» — спосабы, якімі можна будзе скарыстацца, калі складуцца адпаведныя ўмовы.

Першае «акно» — гэта перамоўны працэс ва Украіне, дзе абавязкова будуць абмяркоўваць пытанне наконт Беларусі. Вынік непрадказальны: магчымы варыянт, што Беларусь аддадуць Крамлю. Другое — электаральная кампанія 2025 года. Трэцяе — фізічнае здароўе Лукашэнкі. Калі яго раптам не стане, можа адбыцца ўсё што заўгодна. Як на карысць дэмакратыі, так і наадварот. Чацвёртае — з'яўленне «новых эліт» у Расіі.

Паводле Пракоп'ева, яны «не будуць падобныя да Гарбачова — гэта будуць не дэмакраты, а людажэры». Але ў гэтых людажэраў ёсць уласнасць, і ім трэба неяк выйсці з-пад трыбунала, павесіць усіх сабак на Пуціна, і ім будзе патрэбная падтрымка Захаду. Тут зноў паўстане пытанне пра Беларусь. Або — не паўстане. І да адкрыцця ўсіх гэтых імаверных «вокнаў магчымасцяў» беларусам неабходна быць гатовымі, мяркуе Вадзім Пракоп'еў.

Для гэтага трэба мець палітычны «цэнтр сілы», заўважны і ў Мінску, і ў замежжы. Патрэбныя саюзнікі, якіх цяпер у Беларусі няма, лічыць Пракоп'еў, бо Беларусь для іх — гэта прыдатак Расіі. Яшчэ патрэбныя незалежныя грошы — не гранты, выдадзеныя на нейкіх умовах, а ўласны капітал. А яшчэ — праект на будучыню, канкрэтны і зразумелы. У Лукашэнкі такога праекта няма. Але яго, на думку Пракоп'ева, няма і ў апазіцыі. 

Валерый Сахашчык: «Мы мусім быць гатовымі ўзяць сітуацыю ў свае рукі»

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык падтрымаў выснову Вадзіма Пракоп'ева пра тое, што беларуская апазіцыя не прадэманстравала канкрэтных планаў у тых выпадках, калі сітуацыя пахіснулася — ні ў выпадку відавочнага нездароўя Аляксандра Лукашэнкі сёлета ў траўні, ні ў выпадку мяцяжу Прыгожына. Таму, ён лічыць, ёсць вялікая небяспека, што адкрыццё таго самага «акна магчымасцяў» можа застацца не скарыстаным.

«Мы мусім быць гатовымі ўзяць сітуацыю ў свае рукі, — падкрэсліў Валерый Сахашчык. —

Я ўпэўнены, што Крэмль мае канкрэтны план, падмацаваны рэсурсамі і сродкамі, на такі выпадак. І кіраўіцтва Лукашэнкі такі план мае. Мы — не. Пры гэтым я бачу, што ў замежжы зараз жывуць вельмі актыўныя, адукаваныя, здольныя беларусы, патэнцыял якіх не скарыстаны».

На думку Сахашчыка, памылка ў тым, што чаканне перамен беларусы як у эміграцыі, так і на радзіме звязваюць «з асобамі, якія з'ехалі з Беларусі 30 год таму, 20 год таму, 3 гады таму, няхай яны таленавітыя і выдатныя». Паводле ягонага меркавання, прыйшоў час разлічваць на супольны патэнцыял беларусаў, які мусіць стаць апірышчам.

«На тым баку, у Беларусі, таксама няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, хаця Лукашэнка запэўнівае ў зваротным. І ў сілавікоў, і ў чыноўнікаў безліч пытанняў, і самае галоўнае — што будзе заўтра? Краіна абкладзена санкцыямі, прызнацца ў падтрымцы рэжыму — ганьба, выехаць за мяжу немагчыма. Таму шмат хто ў Беларусі быў бы рады змяніць хаду падзеяў.

Што перамены непазбежныя — гэта разумее кожны, але ніхто не дае адказу, якія. З іншага боку, беларусы, якія вымушана апынуліся ў замежжы, таксама не могуць пахваліцца сваім сённяшнім дабрабытам і ўпэўненасцю ў заўтрашнім дні.

Такім чынам, сітуацыя не задавальняе нікога. Таму мы абавязаныя вызначыць памылкі дэмакратычнага руху, не абражаючы нікога з дзейных структур, і распачаць працу па аб'яднанні беларусаў», — сказаў Валеры Сахашчык.

Аб'яднанне, на ягоную думку, мусіць мець канкрэтныя мэты — стварэнне новай дзяржаўнай мадэлі, якая ў адказны момант дазволіць рэканструяваць сістэму кіравання, усталяваць інстытуты дэмакратыі, стварыць наноў судовую сістэму і ўсе іншыя сістэмы дзяржаўнага функцыянавання. Гэта будзе мадэль, пабудаваная на дзяржаўным самакіраванні. Адзін з накірункаў яе працы — гэта падтрымка і дапамога беларусам за мяжой. Падчас будаўніцтва такой грамадскай структуры абавязкова з'явяцца новыя лідары, якія потым вернуцца ў Беларусь і змогуць кіраваць працэсамі перамен.

Андрэй Ягораў: «Трэба прызнаць, што крызіс улады ў Беларусі завершаны»

На думку палітолага, спікера Каардынацыйнай рады Андрэя Ягорава, цяперашняя сітуацыя не выклікае аптымізму:

«Палітычны крызіс у Беларусі завершаны. Мы павінны гэта разумець і прымаць рэальнасць такой, якой яна ёсць. Зараз не 2020 год, беларускія ўлады ўсё ўзялі пад свой кантроль. Але гэта не значыць, што ў нас больш няма шанцаў, што мы павінны занурыцца ў прыватнае жыццё, адмовіцца ад нашых мараў пра вольную Беларусь. Мы знаходзімся ў сітуацыі гістарычнай рэвалюцыі. Яна звязана з распадам апошняй імперыі ў Еўропе. Гэты працэс распачаўся з развалу СССР і працягваецца зараз распадам у Расіі. Беларуская нацыя ў 2020 годзе зрабіла свой унёсак у гістарычную рэвалюцыю.

І надалей яна мае шанцы дамагчыся свайго. Але калі няма «цэнтра сілы», магчымасці могуць быць страчаны».

Паводле Ягорава, галоўная задача цяпер — стварыць нацыянальна-вызваленчы рух, які будзе абапірацца і на сілы ўнутры Беларусі, і на беларусаў у замежжы.

Другая група мае вялізны патэнцыял, бо гэта найбольш актыўныя людзі, у якіх адабралі радзіму, а не купка «беглых», як зняважліва гаворыць Лукашэнка. Тыя, хто застаўся ў Беларусі і працягвае займацца беларускай справай, таксама вартыя глыбокай павагі.

«Магчыма, тое, пра што мы сёння размаўляем, камусьці падаецца абстракцыяй. Але ёсць і больш канкрэтныя рэчы, і яны звязаныя з выбарамі ў Каардынацыйную раду, з першымі сапраўднымі дэмакратычнымі выбарамі, якія можам арганізаваць мы самі. Гэтыя выбары патрэбныя для таго, каб стварыць легітымны «цэнтр сілы», які падтрымліваюць беларусы.

Чым больш будзе ўдзельнікаў гэтых выбараў, тым большы ўплыў будзе мець гэты орган. І мы павінны паказаць альтэрнатыву тым выбарам, якія рыхтуе рэжым у практычна акупаванай Беларусі. Нам патрэбная Каардынацыйная рада як орган, які абапіраецца на свабодныя выбары, каб выстаўляць свае заканадаўчыя ініцыятывы, ініцыяваць нешта ў тых краінах, дзе мы апынуліся».

На думку спікера КР, выбары — гэта і пляцоўка палітычнай барацьбы паміж рознымі структурамі і іх лідарамі.

Як выратаваць палітвязняў і іншыя пытанні

Далей абмяркоўвалі тэхнічныя магчымасці ўдзелу ў выбарах Каардынацыйнай рады. Паводле Андрэя Ягорава, бяспека для жыхароў Беларусі з'яўляецца праярытэтам, і цяпер распрацоўваюцца механізмы, як зрабіць удзел у выбарах максімальна масавым і як зрабіць так, каб удзельнікі, якія засталіся ў роднай краіне, не пацярпелі.

Прысутныя (на сустрэчы з улікам журналістаў прыйшло каля 60 чалавек) пыталіся пра тое, ці не складзе небяспеку ў будучыні такая з'ява, як масавае набыццё маёмасці расійскімі грамадзянамі на тэрыторыі Беларусі, ці вядзецца нейкая праца з беларускімі вайскоўцамі і сілавікамі, каб яны перасталі быць апірышчам Лукашэнкі, і як стварыць у Беларусі сетку цэнтраў для падпольнага змагання.

Адказваючы на апошняе пытанне, спікеры заўважылі, што аматарства ў гэтай справе заўсёды прыводзіць да самых цяжкіх наступстваў, і таму займацца такой «самадзейнасцю» не варта. Што да прапагандысцкай працы ў асяродку вайскоўцаў і сілавікоў, то найперш неабходна, каб яны ўбачылі рэальную сілу за беларускай нацыяй, а не за сваімі камандзірамі і начальнікамі, якія транслююць загады цяперашняй улады.

Гучалі пытанні пра тое, што адна з галоўных задач — гэта вызваленне палітвязняў, якія бязвінна пакутуюць за кратамі. На думку спікераў, найхутчэйшае развязанне гэтай праблемы непасрэдна звязанае з тым, каб кансалідаваць людзей у беларускім «цэнтры сілы».

Напрыканцы сустрэчы Вадзім Пракоп'еў зноў падкрэсліў, што ў гэтым сэнсе самыя вялікія надзеі ўскладаюцца на прадстаўнікоў беларускіх дыяспар. І выглядае цалкам магчымым, каб гэтыя людзі стварылі той самы беларускі «цэнтр сілы» — дзейную структуру хаця б са ста тысяч чалавек, якая будзе ўплывовай, у тым ліку на міжнароднай арэне.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Андрэй Калачоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
52
Панылы сорам
23
Ха-ха
11
Ого
4
Сумна
5
Абуральна
24
2
Вася/адказаць/
06.11.2023
Им просто стало скучно с Тихановской.
Хочется денег заработать.
Бизнес и ничего другого.
2
Woodoo Cult /адказаць/
07.11.2023
Вероятный , нью-йоркскія адэпты негадуюць)))
0
Ян Норман/адказаць/
20.11.2023
будет ли лучше и когда, Неправільная пастаноўка пытання.Павінна быць так:а якое месца ўся гэтая канфігурацыя займае у светаразуменні Зянона Пазьняка?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930