Знайсці
17.10.2023 / 17:068РусŁacБел

Ці выкарыстае Лукашэнка змену ўлады ў Польшчы, каб перазагрузіць адносіны з Варшавай? Пабачым па адным простым кроку

Адносіны Мінска і Варшавы з 2020 года ўвесь час ішлі па нахільнай. Нармалізацыі не будзе, пакуль Беларусь застаецца пад кантролем Расіі, але ёсць адзін крок, які стаў бы сігналам пра дээскалацыю.

Андрэй Пачобут на судзе. Фота: БелТА

Адносіны Мінска з кансерватыўна-нацыяналістычным урадам PiS былі выключна напружаныя. Лукашэнкаўцы выкарыстоўвалі Польшчу ў якасці жупела, арыштоўвалі актывістаў польскай меншасці ў Беларусі. Варшава таксама абвінавачвала Мінск у стварэнні штучнага мігранцкага крызісу, пік якога здарыўся ў лістападзе 2021 года, за 4 месяцы да нападу Расіі на Украіну.

Вынікі выбараў у Польшчы, што адбыліся 15 кастрычніка, азначаюць, што новы ўрад сфармуе кааліцыя ліберальна-кансерватыўнай «Грамадзянскай кааліцыі», цэнтрысцка-сялянскай «Трэцяй дарогі» і «Лявіцы».

Гэта стварае хай сабе і фармальную, але нагоду для разрадкі.

Ці здарыцца яна, залежыць выключна ад Аляксандра Лукашэнкі, бо Варшава дэманстравала гатоўнасць да выпрацоўкі ўмоўных «правілаў ненападу».

Сігналам пра намеры Мінска стане вызваленне ці невызваленне Андрэя Пачобута — інтэлектуальнага лідара палякаў Беларусі і карэспандэнта польскіх выданняў. Менавіта ў адказ на прысуд Пачобуту ў лютым 2023 года Польшча закрыла пагранічны пераход Бераставіца (Баброўнікі).

У адказ на вызваленне Пачобута Варшава адкрые гэты пераход, і, такім чынам, гадзіннік канфрантацыі будзе пераведзены трохі назад.

Для разрадкі спатрэбяцца і іншыя крокі, але без вызвалення Пачобута яна адназначна немагчымая.

У гэтым пытанні ёсць і той нюанс, што Пачобут быў карэспандэнтам «Газеты Выборчай», блізкай да «Грамадзянскай кааліцыі», лідар якой, Дональд Туск, і стане, найхутчэй што, новым прэм’ер-міністрам Польшчы.

Пачобута, нагадаем, арыштавалі 25 сакавіка 2021 года разам з Анжалікай Борыс і яшчэ некалькімі дзеячамі польскай культуры. Астатніх арыштаваных, усе яны былі жанчыны, пасля выпусцілі — за іх па просьбе Польшчы хадайнічаў экс-прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Пачобута не выпусцілі, бо ён катэгарычна адмовіўся падпісаць прашэнне аб памілаванні, што было ўмовай Лукашэнкі. У пачатку 2023-га яго засудзілі на восем гадоў калоніі строгага рэжыму па надуманых абвінавачваннях. Ëн адзін з некалькіх тысяч палітычных зняволеных у Беларусі, а актывісты Саюза палякаў — сярод тых дзясяткаў тысяч грамадзян Беларусі, супраць якіх заведзеныя палітычна матываваныя крымінальныя справы.

Нагадаем, што масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы са звестак з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады. 

Лукашысты пераследуюць усіх, хто публічна выступаў супраць іх кіравання і супраць расійскага кантролю над Беларуссю.

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць таксама за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

Згодна з падлікамі праваабаронцаў, з 2020 года ў краіне адбылося не менш за 55 тысяч палітычна матываваных затрыманняў. Па інфармацыі пракуратуры, заведзена не менш за 12 тысяч крымінальных спраў «экстрэмісцкай скіраванасці», гэта значыць, палітычнага характару. 

Калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», то дапамагчы нам можна праз Патрэон па спасылцы ніжэй.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Рэд.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
28
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
6
17.10.2023
Лука вар'ят з і міжнародны злачынца дыягназам psychopathy. Спадзявацца на тое што ад яго можа быць нейкі добры крок усяроуна што чакаць добрых крокаў ад сярыйнана маньяка гвалтаўніка і забойцы ці спадзявацца што свіння можа перастаць свінячыць.
1
Сымон/адказаць/
17.10.2023
Бобр , Борыс і Ціханоўскую не вызвалілі, а дэпартавалі. Пачобут наўрадці пагадзіцца на дэпартацыю.
0
To livorno/адказаць/
17.10.2023
Bars, Нічога не будзе пакуль вар'ят не іздохне ці як меньш не будзе адхілены ад улады.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930