Колькі каштуе ўскласці кветкі на магілу блізкага дыстанцыйна
Вяртацца ў Беларусь для таго, каб наведаць магілу блізкага чалавека, для многіх зараз немагчыма. Паглядзелі, колькі каштуе з-за мяжы арганізаваць уборку магілы або дыстанцыйна ўскласці кветкі.
Апошнім часам на фэйсбуку актыўна рэкламуецца grave.by, які пазіцыянуе сябе першым у Беларусі анлайн-сэрвісам па добраўладкаванні месцаў пахавання.
Адразу бачна, што сэрвіс арыентаваны на беларусаў замежжа, бо ўсе цэны на сайце пазначаны ў еўра. Напрыклад, фотаздымка і ацэнка стану пахавання каштуе 20 еўра, разавая прыборка на месцы пахавання — 50 еўра, гадавы дагляд — 150 еўра. Ёсць магчымасць замовіць проста ўскладанне жывых кветак да памятнай даты — гэта абыдзецца ў 25-30 еўра.
Сайт navechno.by прапаноўвае як разавую ўборку магілы (каштуе ад 250 рублёў), так і проста наведванне магілы, падчас якога ўскладаюцца кветкі і запальваюцца лампадкі (каштуе ад 50 рублёў).
На сайце moikorni.com пазначана, што за разавую ўборку ды ўскладанне кветак прыйдзецца заплаціць ад 30 даляраў.
Сайт requiem.by прапаноўвае толькі комплексныя паслугі: уборка з афарбоўкай агароджы і ўскладаннем кветак, запальваннем свечак абыдзецца ў 320 рублёў.
Таксама можна пашукаць прыватныя прапановы на гандлёвай пляцоўцы kufar.by — там цана ўборкі пачынаецца ад 50 рублёў. У інстаграме ёсць акаўнты, якія рэкламуюць аналагічныя паслугі: напрыклад, за дастаўку кветак на магілу хочуць атрымаць 20 рублёў (без уліку цаны саміх кветак), а за запальванне лампадкі — 15 рублёў.





