Беларуска з «Песні года» бярэ ўдзел у польскай версіі шоу «Голас»
Беларуска Марына Вярэніч бярэ ўдзел у польскім музычным шоу The Voice of Poland. На сляпых праслухоўваннях яна выканала кампазіцыю Bleeding Love Лявоны Люіс. Не ўсе суддзі павярнуліся падчас выступу, але ён вельмі спадабаўся публіцы, піша Most.
Марына Вярэніч. Фота: Voice.tvp.pl
У Мінску Марына атрымала музычную адукацыю (эстрадны вакал), была вакалісткай кавер-гурта Symphorine, брала ўдзел у «Песні года». Выкладала вакал і займалася канцэртнай дзейнасцю.
На сайце праекта The Voice of Poland пазначана, што ў Марыны польскія карані, а ў ліпені гэтага года яна атрымала польскае грамадзянства.
У Беларусі, працуючы ў доме культуры, Марына пазнаёмілася з будучым мужам, музыкам Віктарам, з якім яна адправілася ў Карэю. Там яны правялі тры гады, даючы канцэрты ў рэстаране гатэля, але праз пандэмію былі вымушаныя вярнуцца ў Беларусь. Пазней сям'я вырашыла пераехаць у Польшчу.
У Польшчы Марына пачала працаваць асістэнткай стаматолага, але не кінула музыку. Разам з мужам яны пішуць песні і хочуць выпусціць іх на польскай мове. Марына спадзяецца, што праект The Voice of Poland ёй у гэтым дапаможа.
Польскае шоу The Voice of Poland выходзіць на TVP-2 з 2011 года і карыстаецца вялікай папулярнасцю ў гледачоў.
Чытайце таксама:
Беларуска трапіла на амерыкана-карэйскую «фабрыку зорак». Што пра яе вядома?
Ганарар для сясцёр Груздзевых. Колькі каштуюць бюджэту выступы артыстаў на дзяржаўных канцэртах
«Дыскатэка СССР», цырк, украінка з Расіі: квіткі на якія канцэрты разыходзяцца цяпер найлепш





