Знайсці
02.10.2023 / 09:46РусŁacБел

Ці можа змена клімату выклікаць грыбковы апакаліпсіс?

Небяспека некаторых грыбковых інфекцый можа значна ўзрастаць па меры пашырэння арэалаў грыбоў у выніку глабальнай змены клімату. Лекары папярэджваюць пра інфекцыю, званую «ліхаманкай даліны», распаўсюд якой будзе расці па меры павышэння глабальнай тэмпературы на планеце.

Фота: «Наша Ніва»

Унутраная тэмпература чалавечага цела занадта гарачая для большасці грыбковых інфекцый. Гэта шчасце для нас, бо шматлікія грыбкі смяротна небяспечныя.

Усё больш экспертаў задаюцца пытаннем: што, калі павышэнне тэмпературы Зямлі прывядзе да з'яўлення небяспечнага, невылечнага грыбка, які зможа выжываць унутры ўсё большай колькасці людзей?

Candida auris — адна з галоўных умоўна-патагенных грыбковых інфекцый, на якія скіраваны позірк даследчыкаў. Навукоўцы мяркуюць, што яна з'явілася прыкладна ў 2009 годзе ў выніку агульнай змены клімату Зямлі.

Яны былі здзіўленыя тым, наколькі смяротна небяспечнай і ўстойлівай да многіх супрацьгрыбковых лекаў выявілася інфекцыя. Найбольш уразлівымі да грыба з’яўляюцца людзі ў лякарнях і пажылыя людзі, асабліва з паслабленым імунітэтам: з тых жа прычын, напрыклад, стафілакокавыя інфекцыі або той жа кавід могуць так хутка распаўсюджвацца ў лякарнях і дамах састарэлых.

Popular Mechanics тлумачыць, што для грыбоў іх натуральнае асяроддзе будзе працягваць зменяцца, бо агульная плошча, якая ім заўсёды была патрэбная для росту, цяпер будзе мець усё больш адпаведную тэмпературу.

Гэта азначае, што змена клімату будзе працягваць павялічваць дыяпазон грыбковых інфекцый у дзікай прыродзе. Такія інфекцыі звычайна не смяротна небяспечныя для звычайнага чалавека, але яны могуць быць смяротна небяспечнымі для ўразлівых груп насельніцтва гэтак жа, як Candida auris. Здаровыя людзі гэтаксама могуць падхапіць іх і захварэць.

Яшчэ адным з галоўных кандыдатаў на ўмоўна-патагенную грыбковую інфекцыю, выкліканую зменай клімату, з'яўляецца «ліхаманка даліны», што выклікаецца грыбамі Coccidioides immitis і Coccidioides posadasii, якія растуць у гарачых сухіх месцах, найбольш у Каліфорніі і Невадзе. Каб зразумець, чаму грыбы, якія выклікаюць ліхаманку даліны, распаўсюджваюцца за межы сваіх эндэмічных тэрыторый, важна зразумець, як грыбы ў цэлым выжываюць у экстрэмальных умовах.

Царства грыбоў велізарнае, налічвае каля 144 000 відаў, сярод якіх і цвіль, і дрожджы, і грыбы, якія мы ўжываем у ежу. Ёсць таксама шэраг іншых «грыбападобных» арганізмаў, такіх, як слізевікі (ці слізістыя грыбы) і хваробатворныя бактэрыі роду Mycobacterium.

Грыбы надзвычай адаптыўныя і даўгавечныя, і ў той ці іншай форме яны сустракаюцца практычна ў кожным асяроддзі нашай планеты: у Антарктыдзе і высокіх слаях атмасферы, у адвечнай цемры пячор і ў пустэльнях.

Улічваючы ўсё гэта, дзіўна, што яшчэ не існуе невылечнага грыбка. Унутры чалавечага цела, як правіла, занадта горача для грыбковых узбуджальнікаў, але звонку нашага цела могуць знаходзіцца ці не ўсе віды грыбковых інфекцый: напрыклад, адзін з самых распаўсюджаных мікозаў ступні выкліканы грыбкамі, якія жывуць у вільготным асяроддзі без экстрэмальных тэмператур.

І грыбам, вядома, не трэба моцна напружвацца, каб трапіць унутр цела, асабліва калі размова пра малюсенькія споры, якія чалавек удыхае проста з паветрам. Лёгкія, апроч усяго іншага, з'яўляюцца ключом да механізму самаахалоджвання, таму што яны пастаянна ўцягваюць больш сухое і звычайна халаднейшае вонкавае паветра, якое выкарыстоўваюць для ахалоджвання крыві. Такім чынам лёгкія звычайна халаднейшыя на астатнія органы і таму больш успрымальныя да грыбоў, чым астатняе цела, гэтак жа як ступні ці паверхня скуры.

Па меры награвання нашай планеты будзе з'яўляцца ўсё больш абласцей, дзе вонкавая тэмпература ўжо не так моцна будзе адрознівацца ад тэмпературы ўнутры чалавечага цела. Варта ўспомніць хаця б сёлетнія хвалі спёкі, што некалькі тыдняў утрымлівалі тэмпературы ў розных кутках Еўропы і ЗША ў раёне 40°С. 

Навукоўцы мяркуюць, што гэта можа пашырыць распаўсюд грыбоў, устойлівых да гарачага надвор'я (кшталту тых, што выклікаюць ліхаманку даліны), дзякуючы неймавернай здольнасці адаптавацца да навакольнага асяроддзя — ажно пакуль ім не стане камфортна ў дыяпазоне тэмператур чалавечага цела.

Вышэй згаданая ліхаманка даліны гістарычна сустракалася ў Арызоне і Каліфорніі, але раней у гэтым годзе былі зафіксаваныя выпадкі і ў іншых амерыканскіх штатах. Захворванне гэтае вылечнае, але лячэнне яго можа быць вельмі цяжкім і працяглым.

Акрамя таго, ліхаманка даліны па сімптомах можа выглядаць як рэспіраторная інфекцыя ці нават рак, у выніку чаго доктар можа прызначаць няправільнае лячэнне. А затрымка ў лячэнні, накіраваным на грыбок, можа дазволіць апошняму замацавацца на значна даўжэйшы перыяд часу ці нават на ўсю астатнюю частку жыцця пацыента.

Раз некаторыя грыбы становяцца ўстойлівымі да супрацьгрыбковых прэпаратаў, важна своечасова звяртацца па лячэнне і ставіць правільны дыягназ.

Чытайце таксама:

Цяпер афіцыйна: гэта было самае спякотнае лета за ўсю гісторыю назіранняў

Што трэба ведаць пра грыбы і іх уласцівасці перад тым, як ісці з кошыкам у лес

Вавёрка з нажом не ходзіць: грыбнік расказаў пра сваё хобі і абвергнуў міф

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
5
Сумна
6
Абуральна
2
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930