Знайсці
28.09.2023 / 14:539РусŁacБел

Рэканструкцыя М-1 пакуль не плануецца, на дарогі безвынікова шукаюць грошы — Мінтранс

Рэканструкцыя трасы М-1 пакуль не плануецца, работы на М-З вядуцца за кошт бюджэтных сродкаў. Беларусь вядзе перагаворы з Расіяй і Кітаем для прыцягнення сродкаў на рэканструкцыю дарог, але пакуль безвынікова. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення развіцця аўтамабільных дарог галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей Лявончык у прэс-цэнтры БелТА.

Лявончык распавёў, што ў краіне была распрацавана канцэпцыя рэканструкцыі М-1 з давядзеннем яе параметраў да аўтамагістралі.

«Гэты праект запатрабуе даволі сурʼёзных фінансавых расходаў. Пакуль было прынята рашэнне, што мы будзем праводзіць не рэканструкцыю, а рамонт участкаў, які неабходны для падтрымання дарогі ў нармальным стане. Там сурʼёзныя сумы, таму пакуль складана казаць пра рэканструкцыю ўсёй дарогі», — паведаміў Сяргей Лявончык.

На яго думку, да гэтага пытання можна будзе вярнуцца, калі ў краіне прывядуць у «вельмі добры стан» усю мясцовую сетку і рэспубліканскія дарогі.

«Калі мы гэта зробім, нам будзе пад сілу перайсці на такія маштабныя праекты», — рэзюмаваў ён.

Таксама Сяргей Лявончык распавёў аб праблемах з дарогай М-3 Мінск — Віцебск. Выканаць яе рэканструкцыю планавалася за кошт сродкаў ЕБРР, але заходняе фінансаванне праз санкцыі было спынена.

«Прынята рашэнне аб тым, каб рэканструкцыя аўтадарогі М-3 ажыццяўлялася за кошт бюджэтных сродкаў, а менавіта за кошт дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. Сёння мы вядзём рэканструкцыю ўчастка ад Лагойска да Плешчаніц. Увесці гэты ўчастак пасля рэканструкцыі плануем да канца 2024 года. Далей па меры выдзялення бюджэтных сродкаў будзем прадаўжаць рэканструкцыю гэтай дарогі», — сказаў прадстаўнік Мінтранса.

Таксама, паводле яго, цяпер вядзецца рэканструкцыя аўтадарогі Р-46 ад Лепеля да Полацка. Увод абʼекта прызначаны на 2026 год.

«Для нас М-З і Р-46 — гэта важныя міжнародныя калідоры. Напрамак руху ў бок расійскіх партоў у Санкт-Пецярбургу сёння асноўны, таму першарадная ўвага ўдзяляецца гэтаму калідору», — дадаў Лявончык.

Акрамя таго, ідзе рэканструкцыя аўтамабільнай дарогі Р-53 на ўчастку ад Смалявіч да Жодзіна. Увод абʼекта запланаваны на 2024 год.

Лявончык распавёў, што Беларусь вядзе перагаворы з Расіяй і Кітаем для прыцягнення сродкаў на рэканструкцыю дарог, але «вынікі дастаткова складаныя».

«Сёння працуем ва ўмовах санкцый, і трэба вельмі дакладна вызначыць усю рызыку, якая існуе для ўсіх бакоў гэтага працэсу. Міністэрства эканомікі вядзе сурʼёзную работу па прыцягненні сродкаў менавіта ў дарожную гаспадарку. Мінтранс падрыхтаваў заяўкі і накіраваў адпаведныя інвестпрапановы. Яны цяпер разглядаюцца», — сказаў Лявончык.

Таксама, паводле яго, абмяркоўваецца ўдзел ЕАБР у праектах па рэканструкцыі беларускіх дарог. «Прапануем максімум тых праектаў, па якіх у нас ужо ёсць праектная дакументацыя і праведзена экспертыза. Нашы партнёры ўсё гэта разглядаюць. Рашэнні будуць прымацца з улікам эканамічнай мэтазгоднасці, бо любыя крэдытныя сродкі маюць сваю цану, свой працэнт. Перамовы вядуцца на працягу гэтага года, але пакуль канкрэтных дамоўленасцяў няма», — адзначыў прадстаўнік Мінтранса.

Раней буйныя праекты па рэканструкцыі дарог фінансаваліся за кошт крэдытаў Сусветнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Аднак пасля 2020 года міжнародныя фінансавыя інстытуты спынілі фінансаванне праектаў у Беларусі.

У красавіку Лукашэнка распавёў, што «профільнаму віцэ-прэмʼеру 

пастаўлена задача цягам гэтага года ўсе дарогі адрамантаваць, чаго б нам гэта ні каштавала».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
28.09.2023
Такие налоги собирают, столько штрафов за протесты присудили, а денег нет.
0
у артыкуле памылка/адказаць/сачыць
29.09.2023
Заходняе фінансаванне спынілі не з-за санкцый. Спыненне фінансавання і ёсць адзін з кампанентаў санкцый. А вось чаму ўвялі санкцыі, спадзяюся, усе ведаюць.
0
Пратас з Парнаса/адказаць/сачыць
29.09.2023
*, А каму гэтыя шашы будуць патрэбны? Грошы у Беларусаў на новыя аута за такі кошт няма. Грузавікі праз мяжу ня едуць...Тунеядцаў якія за мяжой зарабляюць за хвільку зробяць людзьмі без Радзімы. Гэта аднолькава як пенсіі--малыя заробкі у людзей -няма адлічэння у фонд. Але тыя хто прыбрау уладу не могуць глядзець у будучыню далей за даужыню мянтоускай дубінкі
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031