Знайсці
27.09.2023 / 16:3411РусŁacБел

10 гадоў «Штадлеру»: работы няма, а інжынераў вывозяць у Еўропу і Казахстан

Фаніпальскі завод «Штадлер», некалі бліскучы прыклад кааперацыі заходніх грошай і тэхналогій з беларускай тэхнічнай кампетэнтнасцю, сустракае сваё ружовае вяселле ў стане паўзы. Пра бязрадасныя працэсы даведалася «Наша Ніва». 

Філіп Брунер, генеральны дырэктар «Штадлер Мінск». Фота belarus-economy.by

Завод «Штадлер», у які інвеставалі швейцарцы, з'явіўся ў Фаніпалі пад Мінскам 10 год таму — у 2013-м. Першы цягнік выйшаў з завода ў 2014-м. 

Асноўная матывацыя прыходу швейцарцаў у Беларусь была ў тым, што тут танная, але высокакваліфікаваная працоўная сіла — МАЗ, МТЗ, БелАЗ, «Гомсельмаш» мелі тысячы спецыялістаў, якіх можна было лёгка пераманьваць.

Працэсамі, праектаваннем на «Штадлеры» кіравалі беларускія інжынеры. 

У дадатак — лёгкасць паставак з Беларусі на рынкі краін былога Савецкага Саюза, у якіх з Беларуссю Мытны саюз і адна шырыня каляіны. 

У Беларусі рабіліся металічныя кузавы. Складаная электроніка завозілася з-за мяжы і мантавалася ўсярэдзіну беларускіх кабін.

За некалькі гадоў беларускі «Штадлер» вырас у самую вялікую кампанію групы па-за межамі Швейцарыі. Кіраваў і кіруе беларускім заводам Філіп Брунэр. 

Цягнікі «Штадлер» беларусы палюбілі. «Штадлер» пазнаёміў пасажыраў чыгункі і метро з камфортам, якога ніколі не было ў старых, савецкіх вагонах.

З чым завод, на фоне ранейшых поспехаў, уваходзіць у другое дзесяцігоддзе свайго існавання? 

На галаўным сайце «Штадлера» апошняя згадка пра Беларусь — у 2021 годзе. 

На БелТА апошнія згадкі пра Штадлер — на пачатку 2022-га.

У прыватнасці, навіна аб падпісанні пагаднення з Мінскім метрапалітэнам на пастаўку 19 новых саставаў да 2025 года.

Паводле графіку, ужо прынамсі 5 саставаў мусілі быць гатовыя і пастаўленыя, але сёлета стала вядома, што паставак са «Штадлера» не будзе, новы кантракт у метрапалітэна заключаны з расійскім «Метровагонмашам». 

Немагчымасць выканаць кантракт з боку «Штадлера» ўлады назвалі «адмовай у выніку санкцыйнага ціску».

«Наша Ніва» знайшла суразмоўцаў, якія ў агульных рысах апісалі тое, што цяпер адбываецца на заводзе.

«Праз забарону паставак, складанасці ў лагістыцы, санкцыі «Штадлер» аказаўся ў сітуацыі немагчымасці нармальна працягваць дзейнасць. Была ідэя пастаўляць кузавы ў Польшчу, а там ужо ставіць электроніку, якую нельга даставіць у Беларусь. І далей ужо прадаваць на Захад. Нейкі час гісторыя працавала, але нядоўга. Цяпер ужо ўсё. Цяпер немагчыма вывозіць нават проста кузавы, проста з Беларуссю не хочуць працаваць», — кажа нам адзін з нашых суразмоўцаў. 

«А калі ставіць у Беларусі чужую электроніку, дапусцім, кітайскую, то гэта будзе яўна ўжо не «Штадлер», — кажа суразмоўца «Нашай Нівы».

Пераважная частка прадукцыі завода ў Фаніпалі ішла на Захад. Цяпер там нас ніхто не чакае, а прабіцца на рынкі краін былога СССР не так лёгка, як гэта ўяўлялася швейцарцам раней.

«З Расіяй, напрыклад, як не атрымлівалася дамовіцца раней — былі толькі разавыя дробныя кантракты, якім радаваліся, як дзеці, — так не атрымліваецца дамовіцца і цяпер, пасля пачатку вайны. Расійская дзяржава — гэта суцэльная карупцыя, а РЖД гэта карупцыя ў карупцыі. Прадаць туды штосьці нерэальна без адносін з тымі, хто прымае рашэнні. Там і «заносы», і «адкаты», і кідалава», — расказвае супрацоўнік «Штадлера».

Не кожны зможа працаваць на расійскім рынку нават пры жаданні туды зайсці.

Прадпрыемства працавала на замовы ад краін постсавецкай прасторы: напрыклад, у яго ёсць вялікая доўгатэрміновая замова ў Казахстан на 537 вагонаў. Але ў Казахстане адкрыўся свой завод.

Што адбываецца з калектывам? 

«Частка людзей стаіць на паўзе — афіцыйна не звольненыя, але і працы няма. Частка людзей ездзіць вахтамі ў Казахстан на завод у Астану, дзе пакуль бракуе спецыялістаў», — расказваюць на «Штадлеры». 

Калі мы гаворым пра каштоўны, малалікі і высокакваліфікаваны інжынерны персанал, то гэтых людзей цяпер імкнуцца перавезці ў іншыя краіны. Польшча, Швейцарыя, той жа Казахстан.

«Інжынераў перацягваюць туды, і многім гэта цікава», — кажа наш суразмоўца. 

Якая будучыня вымалёўваецца ў завода? 

«Брунэр [дырэктар] падскоквае так, ратуючы завод, як быццам бы ваюе за сваё, а не як наёмны менеджар. Для яго ўсё гэта яўна вялікая трагедыя і крах уласнага бізнэс-праекта. Пасля 2020-га думалі, што перацярпяць і ўсё зноў будзе нармальна. Але стала толькі горш і хто вінаваты, усе разумеюць. Я пакуль не разумею, што далей будзе з заводам, па ўсіх фармальных прыкметах ён памірае», — сказаў наш суразмоўца. 

У 2021-м гендырэктар «Штадлер Мінск» Філіп Брунэр у інтэрв'ю Беларускай гандлёва-прамысловай палаце расказваў пра планы выйсці на рынак балтыйскіх краін. Цяпер гэта стала нерэальна. 

У зорны час на заводзе працавала больш за 1500 чалавек.

Фаніпаль галасаваў за Святлану Ціханоўскую, у ім адбыліся вялікія пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў і дыктатуры. Арышты ў Фаніпалі працягваюцца да гэтага моманту. Палітвязнямі сталі дзясяткі жыхароў 18-тысячнага горада, размешчанага за 12 км на паўднёвы ўсход ад МКАД. Кіраўніцтва «Штадлера» рэпрэсій ніяк не асудзіла.

«Stadler захоўвае завод у Беларусі для таго, каб перазапусціць яго, як толькі санкцыі будуць знятыя», — гаворыцца ў справаздачы карпарацыі за першую палову 2023 года.

Чытайце таксама:

 САХР затрымаў чатырох жыхароў Фаніпаля за ўдзел у акцыі пратэсту амаль тры гады таму

Stadler расказаў, калі зноў запусціць завод у Беларусі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
11
Панылы сорам
11
Ха-ха
11
Ого
1
Сумна
13
Абуральна
35
4
Максим Дизайнер/адказаць/
28.09.2023
Jacek

Не волнуйтесь вы так. Будете еще 30 лет ездить на своих скрипучих советских погремушках без кондиционера.
0
Янка/адказаць/
28.09.2023
Stadler захоўвае завод у Беларусі для таго, каб перазапусціць яго, як толькі санкцыі будуць знятыя

А яны аптымісты

Але Stadler - добры прыклад таго, чым у рэшце рэшт скончваюцца спробы інвеставаць у агрататалітарызм, у якога ўвесь час ягонага існавання ня было аніякіх тармазоў на конт парушэння права прыватнай маёмасці і абароны інвестыцый.
0
Сымон/адказаць/
29.09.2023
Анж, хто жадае - шукае спосаб выказаць нязгоду. Напрыклад - не хадзіць на канцэрты ватных музыкаў альбо ігнараваць лукашысцкія энтэртэйнмэнты з удзелам карнікаў. Зрэшты больш за ўсіх пра шкоднасць санкцый заяўляюць лукашысты ды хатаскрайнікі - якія адмаўляюць альбо проста не цікавяцца рэпрэссіямі, катаваннямі, знявечаннямі і забойствамі. Але ці маюць яны права разлічваць на нейкае спачуванне, калі самі нікому не спачцваюць? І калі з лукашыстамі ўсё зразумела, то хатаскрайнікі - гэта не апрыоры інфантыльная несуб'ектная катэгорыя, таму іхнае меркаванне ва ўмовах скасавання інстытута выбараў нікому нецікавае.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031