Знайсці
21.09.2023 / 18:27РусŁacБел

«Пакаштаваць можна?» — «Трэба». Што пачым сёлета на сезонных сельгаскірмашах

У Мінску стартавалі сезонныя сельскагаспадарчыя кірмашы — традыцыйная прыкмета восені ў буйных гарадах. Рэгіянальныя восеньскія кірмашы па традыцыі пачнуцца 23 верасня і працягнуцца да канца лістапада, так што ў прадаўцоў ёсць час прадаць, а ў пакупнікоў — купіць усё, што яны збіраліся, піша «Звязда».

У першыя выхадныя, кажуць прадаўцы, наплыў пакупнікоў не занадта вялікі, пачатак бойкага гандлю яны чакаюць у гэтыя суботу і нядзелю.

«Я шукаю каб і цэны былі меншыя, і выбар большы, — кажа пенсіянерка ў чарзе па гародніну.— Разумна трэба купляць».

Кошык за 20 рублёў

Што праўда, то праўда — цэны на кірмашах сёлета сапраўды значна ніжэйшыя, чым на пастаянных рынках: на 20 рублёў можна запоўніць свежымі вітамінамі і прысмакамі дастаткова аб’ёмную торбу.

Асартымент сельгаскірмашоў сёлета таксама багаты: ад гародніны і садавіны да мёду, сала, мясных разнасолаў, салёных агурочкаў, ягад і грыбоў, свежых і ўжо закатаных у слоікі. Год ураджайны, кажуць прадаўцы, а значыць, восень шчодрая, як і спяваецца ў песні.

Яшчэ адзін плюс — шырокая геаграфія. Больш за ўсё сельгаспрадукцыі прыехала ў Мінск з Брэстчыны, але ёсць і Віцебшчына, Гродзеншчына, Гомель, Магілёў, сталічная вобласць. Акрамя таго, «кірмашовы» фармат надае банальнаму куплянню нейкую святочную нотку, цікавасць і азарт: знайсці што-небудзь таннейшае або цікавейшае.

Дарэчы, у доўгім шэрагу бульбачкі, яблыкаў і памідораў часам можна адшукаць і зусім незвычайныя прадукты. Але пра гэта пазней.

Усяго ў сталіцы ў гэтыя суботу і нядзелю пачалі працаваць 105 пляцовак, дзе да 26 лістапада кожныя выхадныя будзе рэалізоўвацца сезонная прадукцыя. Прытым некаторыя пляцоўкі будуць працаваць аж да 4 снежня.

Акрамя самых знакамітых мінскіх сезонных пляцовак (напрыклад, каля «Чыжоўка-Арэны»), у Заводскім раёне гандаль, у прыватнасці, разгорнецца на стаянцы ГЦ Sіmax (вул. Несцерава, 49), у Ленінскім — на пр. Ракасоўскага, 114, у Маскоўскім — на пр. Любімава, 17. У Кастрычніцкім раёне гандлёвыя рады арганізаваныя побач з комплексам ЗАТ «Інвабуд» на вул. Асаналіева, 44. У Першамайскім раёне самы вялікі кірмаш будзе праходзіць на Русіянава, 1, у Савецкім — у парку Дружбы народаў, у Цэнтральным — каля кінатэатра «Кіеў», а ў Фрунзенскім — на пляцоўцы каля Лядовага палаца (Прытыцкага, 27).

Менавіта да Лядовага палаца супрацоўнікі «Звязды» і накіраваліся, каб паглядзець, што пачым, а таксама акунуцца ў атмасферу багатага восеньскага кірмашу.

Прыцэньваемся да гародніны

Як сезонныя кірмашы — адна з беспамылковых прыкмет восені, так, паводле традыцыі, галоўная задача наведвання такіх кірмашоў — запасціся бульбай на доўгую халодную зіму.

Узімку бульба, па-першае, даражэйшая, па-другое, у найбліжэйшых да дому крамах можа быць горшай якасці. Ды і ўвогуле з авоськамі бегаць кожны раз, калі захочацца зварыць суп або зрабіць пюрэ — такі сабе варыянт. Прасцей замовіць пару мяшкоў бульбы ўвосень (асабліва калі ёсць дзе яе захоўваць) — і, што б ні здарылася, прынамсі, пытанне з гарнірам будзе вырашанае надоўга.

Ураджай бульбы сёлета выдатны, гэта адбіваецца і на асартыменце, і на цэнах.

«Ад дзвюх сетак дастаўка бясплатная, — заахвочвае пакупнікоў малады чалавек. — Даставім да пад’езда або непасрэдна ў кватэру, як пажадае пакупнік».

Суразмоўца прывёз у Мінск бульбу з Лунінецкага раёна. Наогул на іншых кірмашах «другі хлеб» прадаюць па 80 капеек за кіло, але каля Лядовага палаца — па 70.

«У мінулым годзе пачатковая цана за кілаграм бульбы была рубель усюды ў Мінску. У Чыжоўцы даходзіла да рубля дваццаць! Я фермер, сваю бульбу прывожу кожную восень. У гэтым годзе ўраджай добры, і мне няма сэнсу па рублі бульбу ставіць — я яе не прадам проста. А па 70 капеек усю ўжо разабралі. «Каралевы Ганны», «Галы» і «Вектара» па апошняй сетцы засталося, астатняе ўсё зарэзервавана, трэба людзям даставіць», — дадае ён.

Сетка ўмяшчае недзе 30—32 кілаграмы. Такім чынам, дзве сеткі (мінімум, які даставяць бясплатна) вырашаюць пытанне мінімальнай харчовай бяспекі сям’і з трох чалавек аж да будучай вясны. Каштаваць гэтае задавальненне (усё тыя ж дзве сеткі, каля 65 кг) будзе менш за 45 рублёў.

Таксама ў продажы ў фермера з Лунінца — капуста па 80 капеек за кіло, гарбуз — рубель дваццаць за кілаграм: прыгожы, аранжавы, буйны. Што з яго прыгатаваць, мужчына гатовы падказаць: і як гарбузовую кашу з просам зварыць, і як супчык па канонах правільнага харчавання прыгатаваць.

Бульбы на сельгаскірмашах сёлета ўвогуле вельмі шмат. Ёсць салатная і разварыстая, на суп і на пюрэ. Прадаўцы ахвотна раскажуць пра кожны сорт і падзеляцца «біяграфіяй» сваёй бульбы: як расла, як перажыла чэрвеньскую засуху, што з яе гатаваць і як лепш захоўваць. Таргавацца ў прынцыпе можна, але пакупнікі не таргуюцца: цэны і так цалкам прымальныя.

Наступны па папулярнасці пакупніцкі запыт на сельгаскірмашах гэтай восенню — памідоры і салодкі перац. Прапанова тут таксама вялізная.

І калі з перцам усё ясна (2,20—2,50, танней не знойдзеце), то цэны на памідоры вагаюцца ў шырокім дыяпазоне. Ад 4,50 рубля за вялізныя, сакавітыя і мясістыя бурыя ці жоўтыя да рубля, 80 і нават 50 капеек за злёгку памятыя: іх бяруць на леча і іншыя закаткі.

І калі ўжо гаворка зайшла пра закаткі, то сярэднія цэны на тое, без чаго не абыходзіцца ніводная з іх, такія: морква — 1,20, цыбуля — рубель-паўтара.

Востры перац таксама ў шырокім асартыменце. Чырвона-аранжавы чылі (абяцалі, што вельмі пякучы) вырас у Асіповічах, яшчэ буйнейшы — прывезлі з самага поўдня Брэсцкай вобласці. Сярэдняя цана на востры перац — 5 рублёў за кілаграм. Калі вы дадаяце яго ў многія стравы, то заўважыце, што такая цана на гэты прадукт у параўнанні з любым гіпермаркетам — гэта вельмі бюджэтна.

Яшчэ адно прыемнае адкрыццё ў сэнсе эканоміі сямейнага бюджэту — цэны на зеляніну. Ліставую салату тут можна купіць па рублі за 100 г, важкі пучок кропу — таксама рубель. Базілік і рукала — 3 і 4 рублі адпаведна за 100 г (тут ужо цэны супастаўныя з рынкамі).

Цана часнаку дастаткова высокая ў параўнанні з іншымі цэнамі сезоннага рынку, але сумленная — 10 рублёў за кіло (для параўнання: у «Еўраопце» — амаль 14).

Працягваючы тэму прыпраў і смакавых акцэнтаў, на кірмашы можна набыць спрадвечныя беларускія прыправы: каляндру, кмен, сухую траву, корань хрэну. На ўсё цэны да чатырох рублёў не дацягваюць. Пакуль у асартыменце кірмашоў адносна мала буракоў, а таксама кабачкоў (2 рублі за кіло). На першыя яшчэ не сезон, на другія сезон ужо завяршаецца.

Для радасці і для здароўя

Шмат гэтай восенню ў продажы і мёду. Каштуе ён, вядома, адчувальна, але ў параўнанні з іншымі месцамі продажу — танней. Цана пачынаецца ад 13—15 рублёў за літр.

«Сёння нармальна нагандлявалі, — кажа пчаляр з Глыбокага. — У мяне мёд добры, мяне пчолы любяць. І пакупнікі, хто мой мёд адзін раз набыў, заўсёды вяртаюцца».

Мёд прапануецца сёлета самы розны: і традыцыйныя віды (ліпавы, лясны, лугавы, грэчкавы), і нязвыклыя (напрыклад, са свідзіны дапамагае пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, або фацэліевы — найлепшы сродак для лячэння і прафілактыкі хвароб вачэй). «А таксама падтрымлівае работу печані», — дадае ўладальнік пчальніка ў Віцебскай вобласці.

Віктар Віктаравіч прывёз з Іўеўскага раёна, акрамя іншага, яшчэ і крэм-мёд з рознымі дабаўкамі — брусніцамі, чарніцамі, чорнымі парэчкамі, мятай, лімонам, пяргой… Просіць 18 рублёў за паўлітра.

На заўвагу, што, маўляў, дорага, тлумачыць:

«Гэта ж не проста ўзяў і намяшаў. Для вытворчасці такога мёду неабходна спецыяльнае абсталяванне. У мяне крэмавалка, яна даволі дарагая, з праграмным кіраваннем. Загружаеш свежы вадкі мёд, задаеш праграму. На другія суткі дадаеш 10% мёду з дробнымі крышталямі, на пятыя — напрыклад, сухія ягады».

Словам, працэс доўгі. Затое такі мёд увесь час будзе крэмавай тэкстуры, не засохне і не закрышталізуецца. А смак!.. Плюс вялізная карысць для імунітэту.

З салодкіх і карысных прысмакаў на кірмашы — у першую чаргу ягады. Журавіны, напрыклад, па восем рублёў за кіло (на бачнае месца прадаўцы выкладаюць сертыфікат аб бяспецы), маліна — сем. Можна знайсці нават клубніцы з Брэсцкай вобласці — 7,5 рубля за кілаграм.

З костачкавых-семкавых вельмі шмат сёлета сліў (у сярэднім 4-4,5 за кіло) і яблыкаў. Каштуюць яблыкі 2-2,5 рубля за кілаграм, самая распаўсюджаная цана — 2,20. Купляюць іх вельмі актыўна: на сокі, варэнне і проста паесці.

Смак вясёлкі

Тут жа паблізу гандлююць мяснымі прысмакамі. У асартыменце — сала салёнае і не салёнае, запечаныя ў печцы рулеты і, вядома, пальцам пханая каўбаска, вэнджаная, вяленая і сырая.

— Пакаштаваць можна? — цікавіцца пакупнік.

— Трэба! — запэўнівае жанчына-прадавец і тут жа адмахвае нажом скрылік каўбасы. — Ежце на здароўечка.

— Мы са Столінскага раёна, ужо шэсць гадоў кожную восень у вас у Мінску гандлюем, — распавядае яна. — У нас свае парасяты. Вось глядзіце: вэнджаная галёнка — 10 рублёў за кілаграм, рэбры — таксама 10, каўбаска — 16 сырая, 20-22 вэнджаная.

Дадамо, што паўлітровы слоік хатняй тушонкі на кірмашы каштуе ад 5 рублёў (хоць, магчыма, лепш выкласці 10 — тут усё залежыць ад складу).

У прыярытэце ў пакупнікоў — у першую чаргу салёнае сала. Каштуе яно ў гаспадыні са Століна 23 рублі за кіло. Задаўшыся мэтай і прайшоўшыся па сталічных кірмашах, можна знайсці «такое ж» і па 18. Зрэшты, асабліва тоўстае, высокае сала («як масла, пакаштуйце!») прадаюць па 25 рублёў.

Да сала лагічна выбраць што-небудзь рэзкае і салёнае. Салёнага, квашанага і марынаванага на сезонных кірмашах гэтай восенню таксама ўдосталь. Ад бочкавых салёных агуркоў да марынаваных грыбоў. Каштаваць, зноў жа, не толькі дазваляецца, але і вітаецца.

— Я агуркі салёныя па ўсім кірмашы каштавала, у вас самыя смачныя, — кажа пакупніца. — Вашы мне спадабаліся, вось я да вас і вярнулася.

— А позна! Скончыліся! — разводзіць рукамі дзядзечка за прылаўкам. — Пачакайце, пайду да жонкі схаджу. Калі ў яе яшчэ не раскупілі, прынясу вам.

Свежая рыба таксама ёсць на сезонных рынках. Жывога карпа прадаюць па 8 рублёў за кіло.

З нечаканых знаходак паходу на кірмаш каля Лядовага палаца — «вясёлка». Гэта, аказваецца, грыб: ён жа смарчок падагрычны, ён жа «яйка ведзьмаў», ён жа «земляное масла». Не ведаеце, што гэта такое? 

— Гэта лячэбны грыб, — тлумачыць прадавец. — Яго яйка ўнутры як жэле, таму і называюць земляным маслам. У народнай медыцыне выкарыстоўваюць настойку гэтага грыба, водную ці спіртавую. Настойка вясёлкі дапамагае пры захворваннях стрававальнай сістэмы, лечыць падагру, рэўматызм, здымае нырачныя болі. 

А яшчэ паскарае загойванне ран. Увечары ранку памазалі кавалачкам вясёлкі — раніцай яна практычна загаілася.

Суразмоўца запэўнівае, што, акрамя ўсяго іншага, цудадзейная настойка падаўляе анкаклеткі. А яшчэ, распавядае ён, у старажытнасці гэты грыб лічыўся найлепшым сродкам, каб выклікаць пачуццё кахання да вас, скажам так, у вызначанага аб’екта.

Што для гэтага з грыбам трэба зрабіць практычна і які абрад правесці, прадавец не ведае — сказаў, маўляў, хлусіць не стану, не ў курсе. Затое распавёў, як зрабіць гаючую настойку: на літровы слоік дастаткова ўсяго тры вясёлкі. Грыбы мужчына прадае паштучна, штучку за 2 рублі.

Чытайце таксама:

«Не экзотыка, а правераны варыянт». Пра што трэба памятаць, выбіраючы дрэўцы і кусты для свайго саду

Лета ў слоіку. Колькі сёлета трэба выдаткаваць, каб паставіць закаткі?

«Правільна прыгатаваная бульба можа стаць нават фітнэс-прадуктам». Так сцвярджаюць у адзіным у Беларусі бульбяным музеі

«Колькі каштуе? Ну, колькі дасце». Якія прысмакі можна купіць «па дарозе»?

Сала — сапраўдны суперфуд. У чым карысць гэтага прадукту і колькі ён цяпер каштуе

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
9
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
9
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031