Знайсці
15.09.2023 / 17:051РусŁacБел

Што палягчае жыццё турысту? Топ-10 мабільных праграм і сэрвісаў для паходаў і падарожжаў

Спачатку кавід, потым складанасці з перасячэннем мяжы… У апошнія гады беларусы сталі як ніколі падарожнічаць па сваёй краіне. Папулярныя пешыя і велапаходы, сплавы на байдарках, сапах і плытах. Myfin.by правёў апытанне беларускіх турыстаў. Папрасілі адказаць на пытанні: якія мабільныя і анлайн-сэрвісы лічыце самымі карыснымі для паходу і падарожжаў? Што палягчае вам жыццё? І вось якія адказы атрымалі.

Фота ілюстрацыйнае

Google Табліца

Большасць аматараў паходаў выказалася за тое, што гэты бясплатны сэрвіс — нумар адзін у плане падрыхтоўкі паходу і здольны значна палегчыць жыццё, калі турысты падарожнічаюць групай. Агульны доступ да дакумента дазваляе сфармаваць раскладку ежы, вызначыць рыштунак, які адсутнічае, сабраць кантакты ўсіх удзельнікаў.

У табліцы зручна падбіваць фінансы і размяркоўваць па торбах агульны рыштунак і прадукты. Акрамя таго, у табліцы зручна размяркоўваць людзей у транспарце, калі група вялікая, а людзі яшчэ не знаёмыя.

Скрыншот табліцы

OsmAnd

Другі па папулярнасці адказ — мабільная праграма OsmAnd. Яна служыць для афлайн-навігацыі. З дапамогай праграмы можна пракласці маршрут з улікам тыпу транспартнага сродку і пераважаючых дарог (рэк), стварыць камбінаваныя трэкі. Ёсць магчымасць па ходзе руху запісваць свой маршрут.

Акрамя таго, на карту можна імпартаваць чужы трэк і далей рухацца па ім. Існуе магчымасць папярэдне азнаёміцца з візуальнымі данымі маршруту — спускі, пад'ёмы, адлегласці.

Праграма бясплатная, але ёсць дадатковыя платныя функцыі, такія як убудаванне надвор'я і віджэт вышыні.

Скрыншоты праграмы

Maps.me

Праграма для мабільных прылад, даўно знаёмая многім, усё яшчэ карыстаецца папулярнасцю. Дзякуючы Maps.me, у вас у руцэ будзе афлайн-карта і GPS-навігатар, нават без падлучэння да Інтэрнэту. Праўда, папярэдне трэба не забыцца загрузіць карту рэгіёна ў памяць мабільнай прылады.

Карысная фішка — пазнакі. Дазваляе адзначаць на карце любое месца, каб у далейшым знайсці яго ці падзяліцца.

Праграма бясплатная, але ёсць дадатковы платны кантэнт — прафесійныя даведнікі, а таксама маршруты, створаныя блогерамі. Праўда, апытаныя беларускія карыстальнікі сказалі, што да платнага кантэнту ніколі не звярталіся.

Organic Maps

Яшчэ адна мабільная афлайн-карта з навігацыяй ад стваральнікаў прыкладання Maps.me. У аснове — даныя OpenStreetMap (OSM), з адкрытым зыходным кодам, з фокусам на прыватнасць і бяспеку карыстальнікаў. Стваральнікі заяўляюць, што на гэтых дэталёвых і хуткіх картах можна знайсці месцы, якіх няма ні ў якіх іншых картах.

Organic Maps падтрымлівае 100% функцый без актыўнага інтэрнэт-падключэння.

Фота мабільнай карты

Manymap

Гэта зручны планавальнік маршруту, які пракладае трэк паміж дзвюма зададзенымі пунктамі, адзначанымі на карце. Можна выбраць тып перамяшчэння — пешшу, горны ці шашэйны ровар, аўтамабіль, па рэках.

Скрыншот карты

На карце ў бясплатнай версіі можна рэдагаваць толькі адзін маршрут. Каб адкрываць неабмежаваную колькасць маршрутаў, на адной карце прыйдзецца купіць гадавую падпіску — 39 даляраў.

Mapswater.com

Інтэрактыўная карта па прыгожых і незвычайных месцах для аматараў воднага турызму. На карту нанесеныя платныя і бясплатныя стаянкі, парогі, крыніцы і славутасці, размешчаныя ўздоўж рэк. Можна паглядзець фота і апісанне кожнага аб'екта. Любы воднік можа нанесці на карту свае прыгожыя месцы і падзяліцца фатаграфіямі. Карту робяць энтузіясты, таму пра грошы гаворка не ідзе.

Скрыншот карты

Сайт Міністэрства лясной гаспадаркі

Менавіта тут размешчаная актуальная «Карта забаронаў і абмежаванняў на наведванне лясоў» .

У пажаранебяспечны перыяд — а такія ў нас бывалі часта сёлета — мясцовыя органы ўводзяць забарону на наведванне лясоў.

«Увядзенне забароны мае на ўвазе поўную адмову ад наведвання лясоў грамадзянамі (у тым ліку для прагулак, адпачынку на прыродзе і г. д.), а таксама ўезд транспарту, за выключэннем службовага», — гаворыцца на сайце Міністэрства. Пакаранне — ад папярэджання да 12 базавых велічынь.

Вось і вымушаныя турысты, перш чым адправіцца ў паход, наведваць афіцыйны сайт Міністэрства лясной гаспадаркі. Паслуга бясплатная. Усё аплачана падаткаплатнікамі.

mls.by

Гэта бясплатная анлайн-праграма, якая дазваляе аматарам актыўнага адпачынку ствараць спісы рэчаў для паходаў і дзяліцца гэтымі спісамі. Праграма створаная, каб дапамагчы карыстальнікам паменшыць вагу свайго рыштунку і аптымізаваць заплечнікі для максімальнай эфектыўнасці.

Праграма асабліва папулярная ў асяроддзі легкаходаў, заплечнік якіх з поўным рыштункам важыць 5-10 кг.

Скрыншот табліцы

SkyView

«Ляжыш на паляне ў лесе і ўяўляеш сябе астраномам», — так апісаў свой досвед адзін з апытаных турыстаў. SkyView — гэта праграма для вывучэння зорнага неба. Наводзіш смартфон на кавалачак начнога неба і на экране бачыш падсветленыя зоркі, планеты, сузор'я і спадарожнікі. Праграма бясплатная. Прасунутая версія (upgrade) дазваляе бачыць больш глыбокія галактыкі, больш спадарожнікаў і пазбаўляе ад рэкламы: 1,99 даляра за ўстаноўку.

Shroom ID

Грыбы — добрая дабаўка да рацыёну турыста. Калі яны сапраўды ядомыя. Не памыліцца з выбарам дапаможа смартфон і праграма, якая ідэнтыфікуе грыб. Дастаткова сфатаграфаваць грыб і загрузіць фота, як Shroom ID выдасць усю інфармацыю.

Праграма платная, 36 даляраў за год. Пробная бясплатная версія — 3 дні. Таму, калі група вялікая, а паход працяглы, сумеснымі намаганнямі можна цалкам бясплатна карыстацца ўсімі перавагамі праграмы.

Фота праграмы

Чытайце таксама:

«Праца ў моры дала зразумець, што ўсё ў гэтым жыцці магчыма». Беларуска працуе на лайнерах і глядзіць свет, а дома ратуе жывёл

«Ты нібыта ў гатэльным нумары, але ў той жа час як і на прыродзе». Беларусы расказалі, як гэта — падарожнічаць па краіне аўтадомам

Егіпет, Мальдывы, Індыя і не толькі. Куды беларусу паехаць восенню да мора?

Егіпет, Мальдывы, Індыя і не толькі. Куды беларусу паехаць восенню да мора?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Казік/адказаць/
15.09.2023
А дзе google maps?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера