Знайсці
15.09.2023 / 19:101РусŁacБел

Тут здымалі «Гульню тронаў» і «Лоўрэнса Аравійскага». Як выглядаюць будынкі, адзіныя такія на свеце, у Марока пасля землятрусу

Землятрус магнітудай 7 балаў па шкале Рыхтэра, які скалануў Марока ў ноч на 8 верасня, не толькі забраў тысячы жыццяў, але і нанёс вялікую шкоду культурнай спадчыне краіны. 

Паводле мараканскага анлайн-выдання Medias24, у тую ноч было разбурана 27 гістарычных аб’ектаў, у асноўным у гарадах Маракеш, Тарудант і Уарзазат.

Сярод аб'ектаў, якія былі сур'ёзна пашкоджаныя, апынуліся сярэднявечная медына (​​стары горад) у Маракешы, якая стала аб'ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў 1985 годзе, і горад Варзазат на поўдзень ад гор Высокага Атласа, які атрымаў той жа статус у 1987 годзе.

Маракеш быў сталіцай імперый Альмаравідаў ды Альмахадаў, якія прыйшлі ім на змену, і меў вялікі ўплыў на ўвесь заходні мусульманскі свет тых часоў. Цяпер жа медына ляжыць у руінах, на плошчы Джамаа-эль-Фна амаль цалкам разбураны мінарэт мячэці Харбух, а ў яўрэйскім квартале, які па-арабску называецца мела, абрынуліся старыя жылыя дамы.

Мінарэт мячэці Харбух да разбурэння. Фота: Wikimedia Commons

Мінарэт мячэці Харбух цяпер. Фота: Muslim Women's Council

Найбольш вядомая гарадская мячэць Аль-Кутубія, якая была ўзведзеная ў 1150 годзе і мае велізарны, 69-метровы мінарэт, што бачны практычна з любога пункта Маракеша, цудам выстаяла. Але Эрык Фальт, высокапастаўлены прадстаўнік ЮНЕСКА, які наведаў Маракеш, адзначыў, што па будынку пайшлі глыбокія трэшчыны, а разбурэнні ў горадзе «большыя, чым чакалася».

Сімвал Маракеша — 69-метровы мінарэт мячэці Аль-Кутубія, пабудаванай у XII стагоддзі, здолеў вытрымаць штуршкі. Іншым помнікам пашчасціла меней

Таксама трэшчыны пайшлі па гістарычных будынках у Варзазаце. Тут моцна пацярпеў і грамадскі свіран — характэрны для рэгіёна тып гаспадарчых (і часта абарончых) пабудоў.

У горадзе Талат-Ньякуб, недалёка ад эпіцэнтра землятрусу, была разбураная мячэць Тынмал XII стагоддзя. Гэты рэгіён вядомы тым, што тут зарадзіўся як рэлігійнае брацтва рух Альмахадаў, заснавальнікам і ідэолагам якога быў Мухамад ібн Тумарт. Поспеху яго вучэння спрыяла рэлігійная палітыка позніх кіраўнікоў Альмаравідаў, якая парушала многія нормы іслама.

Мячэць Тынмал да землятрусу. Фота: Wikimedia Commons

У хуткім часе рух ператварыўся ў дынастыю, што стала кіраваць уласнай імперыяй на Іберыйскім паўвостраве і ў паўночнай Афрыцы — Альмахадскім халіфатам. На магіле ібн Тумарта, якая стала месцам паломніцтва мусульман, была пастаўленая мячэць. У 1995 годзе мячэць, як значны ўзор альмахадскай архітэктуры, была ўключаная ў папярэдні аб'ект сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Разбураная мячэць Тынмал. Фота: X.com

Разбураная мячэць Тынмал. Фота: X.com, Wikimedia Commons

Усяго сем месяцаў таму Міністэрствам ісламскіх спраў быў ініцыяваны праект рэстаўрацыі мячэці, які ўключаў таксама будаўніцтва побач новага музея. Цяпер гэтыя планы цалкам страцілі сваю актуальнасць, бо помнік патрабуе не проста рэстаўрацыі, а цэласнай рэканструкцыі з ацалелых рэштак.

Горад Айт-Бен-Хаду да землятрусу. Фота: Wikimedia Commons

Побач з Варзазатам пацярпеў умацаваны горад Айт-Бен-Хаду. Гэты выдатны прыклад традыцыйнай мараканскай глінабітнай архітэктуры, прызнаны ў 1987 годзе Сусветнай спадчынай, паслужыў дэкарацыямі да шматлікіх фільмаў, дзе так ці інакш выкарыстоўваліся ўсходнія сюжэты, як то «Лоўрэнс Аравійскі» (1962), «Мумія» (1999), «Гладыятар» (2000), «Аляксандр» (2004), серыяла «Клон» (2001) і некаторых серый «Гульні тронаў» (2013). Ад падземных штуршкоў глінабітныя дамы абваліліся, разбурыўшы характэрны лабірынт завулкаў, а грамадскі свіран, збожжасховішча XVII стагоддзя, быў разбураны дашчэнту.

Маці цмокаў Дэйнерыс Таргарыен на фоне брамы Айт-Бен-Хаду. Кадр з серыяла «Гульня тронаў»

Генеральная дырэктарка ЮНЕСКА Адры Азуле, якая сама паходзіць з сям’і мараканскіх яўрэяў, заявіла, што арганізацыя падтрымае Марока ў яго намаганнях па аднаўленні гістарычных помнікаў, пашкоджаных землятрусам:

«Наша арганізацыя акажа падтрымку мараканскім уладам у інвентарызацыі шкоды, нанесенай культурнай спадчыне і адукацыі, забеспячэнні бяспекі будынкаў і падрыхтоўцы да рэканструкцыі».

Прадстаўнік ЮНЕСКА аглядае разбураны цэнтр і расколіны ў гістарычных славутасцях Маракеша, якія могуць у любы момант выклікаць поўнае разбурэнне помнікаў архітэктуры. Фота: інстаграм Эрыка Фальта

Марока паспяхова развівала апошнія гады галіну турызму. Гэты поспех можна патлумачыць тым, што гэта адна з найбольш палітычна стабільных краін рэгіёна, якая размешчаная блізка ад Еўропы і мае вялікую дыяспару, што масава наведвае радзіму сваіх продкаў. Ліквідацыя ж такога аб’ёму разбурэнняў і аднаўленне гістарычнай культурнай спадчыны можа расцягнуцца на дзесяцігоддзі, што можа моцна ўдарыць па эканоміцы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

У Лівіі катастрафічная паводка: больш за 3000 загінулых і 10000 зніклых без вестак

Разбуральны землятрус у Марока: ужо больш за 800 ахвяр

Рабочыя пашкодзілі Вялікую Кітайскую сцяну. Яны хацелі скараціць дарогу

Наколькі добра вы​ ведаеце геаграфію? Складаны ТЭСТ

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Макс/адказаць/
15.09.2023
Шкада, хацелася там пабываць. Але як не збяруся, то вайна, то землятрус
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031