Знайсці
14.09.2023 / 14:581РусŁacБел

Нагаворы і стукацтва, паказная лаяльнасць, кватэрнікі і міжсабойчыкі. Апублікаваны вынікі апытанкі дзеячаў культуры ўнутры Беларусі

Беларускі ПЭН правёў даследаванне стану сферы культуры Беларусі ў 2022-2023 гадах. Яно грунтавалася на асабістых гутарках з 42 дзеячамі культуры, якія застаюцца ўнутры краіны. Знаёмім з яго асноўнымі вынікамі.

Аўтары даследавання звяртаюць увагу, што ў сённяшніх умовах для таго, каб ацаніць становішча ў сферу культуры Беларусі, недастаткова звестак з адкрытых крыніц, маніторынгам якіх займаецца Беларускі ПЭН. Усё больш фактаў парушэнняў набываюць непублічны характар, не выходзяць за межы сям'і ці блізкага кола знаёмых.

Таму для таго, каб атрымаць найбольш поўную карціну, былі праведзеныя 42 экспертныя інтэрвʼю з дзеячамі культуры дзяржаўнага і незалежнага сектараў.

Змены сітуацыі

Рэспандэнты адзначалі, што на працягу апошніх паўтара гадоў сітуацыя ў сферы культуры Беларусі працягвала горшаць. На іх погляд, нейкае развіццё культуры ўнутры краіны адсутнічае, замест гэтага адбываецца звужэнне культурнай дзейнасці і планамернае знішчэнне цэлых пластоў культуры на ўзроўні інстытуцый.

Напрыклад, у Музеі Азгура цалкам была зменена каманда. У іншых установах змянілі кіраўніцтва, звольнілі спецыялістаў. Замест прафесіяналаў часта бяруць людзей «па знаёмстве, асабліва начальнікамі».

Самы папулярны від рэпрэсій — цэнзура, якая патрабуе, каб усё было стэрыльным з гледзішча палітыкі і крытычных выказванняў. Існуе тэндэнцыя чысткі фондаў бібліятэк, зніжаецца якасць папаўнення фондаў, у тым ліку ў выніку самацэнзуры бібліятэкараў.

У сферы мастацтва цэнзура набыла некалькі ўзроўняў. З 1 студзеня 2023 года кожная выстава мусіць прайсці працэдуру ўзгаднення. Але акрамя гэтага не выключана, што непасрэдна ў дзень адкрыцця выставы можа прыйсці прадстаўнік камісіі і запатрабаваць зняць некаторыя работы.

Трэці ўзровень — сучасныя бэндэ і кучары. Мерапрыемства могуць наведаць такія асобы, як Бондарава, Сідаровіч ці Жыгімонт. І пасля іх візіту выстава можа быць закрыта.

Каб пазбегнуць нечаканасцяў, мастакі вымушаны выстаўляць свае творы пад псеўданімамі.

З увядзеннем рэестра арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў максімальна ўскладнілася працэдура атрымання гастрольных пасведчанняў, больш жорсткімі зрабіліся патрабаванні да правядзення любога віду мерапрыемстваў.

У краіне абмежаваны доступ нелаяльных рэжыму дзеячаў культуры да гледача — складзены спісы «нядобранадзейных» як творцаў, так і простых работнікаў сферы.

Пры гэтым ніхто дакладна не ведае, як яны выглядаюць і ў якой форме існуюць, але ні ў кога не выклікае сумневу, што яны ёсць.

Рэспандэнты расказвалі пра градацыю спісаў работнікаў. Яны бываюць «першай лініі і другой лініі», «чорныя і шэрыя», «адной групы і другой групы». Такія спісы рэгулююць магчымасць/немагчымасць працаўладкавання, або звальнення/незвальнення.

Дзяржаўныя інстытуцыі працуюць пераважна на абслугоўванне ідэалагічных запытаў улады. А пад эгідай русіфікацыі ідзе атака на беларускую нацыянальную культуру і яе паступовае знішчэнне, расце колькасць забароненых тэм.

Працягваецца вымушаная эміграцыя спецыялістаў. У той жа час многія дзеячы культуры свядома застаюцца ў краіне.

Змены сітуацыі з рэпрэсіямі

Большасць рэспандэнтаў сыходзяцца ў думцы, што рэпрэсіі ў сферы культуры не з’яўляюцца мэтанакіраванай атакай на культуру.

Галоўная прычына пераследу — грамадзянская пазіцыя асобных творцаў. Спецыялістаў са сферы культуры звальняюць, нягледзячы на іх прафесіяналізм, высокую кампетэнтнасць, узровень навуковых ведаў і заслугі.

Улады паставілі перад сабой «маніякальную задачу» — пакараць усіх, хто ўдзельнічаў у мірным пратэсце, і людзі творчых прафесій уключаны ў агульны маразм таго, што адбываецца ў краіне.

Адна з літаратарак метафарычна параўнала рэпрэсіі з машынай, якой патрэбныя ланцугі, каб прабірацца па снежнай дарозе, — так і да бесперапыннага катка рэпрэсій прымайстравалі ланцугі, «такія ланцугі застрашвання».

Адказваючы на пытанне, як змяняецца сітуацыя з рэпрэсіямі, рэспандэнты казалі пра рост іх колькасці і ўзмацненне жорсткасці. Тое, што раней здавалася недапушчальным з боку прадстаўнікоў улады і функцыянераў, цяпер стала прымальным. Пры гэтым мяжа дазволенага ўсё больш адсоўваецца.

Сярод прычын звальнення — грамадская пазіцыя, адмова ўступаць у псеўдапрафсаюз Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Ёсць выпадкі, калі звальненні адбываліся па даносе.

Звольненаму «за палітыку» дзеячу культуры больш няма месца ў сістэме дзяржаўных устаноў, бо пра яго нелаяльнасць сістэме будзе паказана ў характарыстыцы, якую ў любым выпадку запытае новы патэнцыйны працадаўца.

Таму звальненне — гэта не толькі страта даходу і сродкаў для існавання, але і пазбаўленне сацыяльнага жылля тых працаўнікоў сферы, каму яно давалася, а для кагосьці таксама забарона на прафесію ў Беларусі ў цэлым.

Дзяржаўныя культурныя інстытуцыі ператвараюцца ў рэжымныя аб’екты, якія патрабуюць усё больш «нейкай такой паказной лаяльнасці», дзе, сярод іншага, могуць квітнець «нагаворы і стукацтва». У выніку застаецца ўсё менш магчымасцяў для творчасці. Расце колькасць забароненых тэм.

Экспансія рускай культуры

Як мінімум кожны трэці дзеяч культуры звярнуў увагу на тое, што адбываецца экспансія рускай культуры.

У кнігарнях стала заўважна болей расійскіх аўтараў, вырасла колькасць гастроляў расійскіх тэатраў, а ў філармоніі — колькасць выступаў рускіх музыкаў, на канцэртах выступаюць расійскія спевакі, музеі заключаюць дамовы з калегамі з Расіі, у мастацкіх галерэях больш выстаўляюцца расійскія мастакі, чым беларускія, у тэматыцы лекцый усё больш рускіх творцаў. Творчыя саюзы сутыкнуліся з пагрозай быць паглынутымі адпаведнымі расійскімі структурамі. А найлепшыя выпускнікі школ цяпер без экзаменаў паступаюць у Расію.

Рэспандэнты заўважылі, што нават у сферы эстэтыкі і архітэктуры ўсё больш пранікае руская эстэтыка. А на беларускім тэлебачанні пануе антыбеларуская прапаганда.

Наступствы

Аўтары адзначаюць, што адным з наступстваў зацяжнога характару рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры і бесперапыннага ціску рэжыму на дзяржаўныя інстытуцыі і арганізацыі грамадзянскай супольнасці з'яўляецца «нармалізацыя» таго, што адбываецца. Рэпрэсіі становяцца звычайнай з'явай жыцця.

Разам са з’яўленнем «новай нормы» адбываюцца такія працэсы ў сферы культуры ўнутры Беларусі, як дэпрафесіяналізацыя дзяржаўнага сектара.

Аўтары даследавання адзначаюць, што масавыя звальненні высокапрафесійных спецыялістаў і цяжкасці з папаўненнем кадраў, зніжэнне колькасці матываваных спецыялістаў, разбурэнне прафесійнай інфраструктуры і пагаршэнне ўмоў працы, усё новыя змяненні і задачы, што ставяцца дзяржавай перад установамі культуры, з аднаго боку вядуць да прафанацыі і з’яўлення сурагату культуры (за некаторым выключэннем) з гледзішча вырабленага ёю прадукту, а з другога боку робяцца выклікам для самой сістэмы, якая вымушана рашаць задачку на выжыванне.

Для незалежнай культуры засталося вельмі мала альтэрнатыў, таму адбылося вяртанне да «стратэгій экспанавання мастацтва, якое было ў савецкі час» — кватэрнікаў і міжсабойчыкаў. Арт-жыццё перайшло ў «рэжым цішыні», зрабілася больш камерным і менш публічным.

Самацэнзура і ананімнасць (праца пад псеўданімам), робіць немагчымым расказаць пра свае працы (акрамя як праз сарафаннае радыё), і вядуць да знікнення дзеячаў культуры з інфармацыйнай прасторы. Губляюцца сувязі, нішчацца сеткі.

Спосабы дапамогі

Дзеячы культуры з дзяржаўнага і незалежнага сектараў культуры гаварылі пра наяўнасць як мінімум двух фармальных водападзелаў паміж беларусамі: на лініях «свой — чужы» і «з’ехалі — засталіся». І адсюль выцякае адзін з іх запытаў, адзін з магчымых спосабаў дапамогі тым, хто сёння жыве і працуе ў Беларусі.

Рэспандэнты звярталі ўвагу на неабходнасць «быць прыязнейшымі да творчых дзяржпрацаўнікоў» і «працягваць адно аднаму рукі, тым больш у справе культуры».

Акрамя гэтага яны падкрэслівалі важнасць маральнай падтрымкі тых, хто застаецца ў Беларусі.

Голасам тых, хто застаўся і існуе ў рэжыме маўчання, могуць стаць беларусы за мяжою. Важна, каб яны распавядалі пра тое, што ў Беларусі «ёсць розныя людзі», якія не падтрымліваюць вайну і працягваюць рабіць добрыя важныя праекты.

Важным для творцаў у Беларусі зʼяўляецца наяўнасць магчымасці выязджаць і выстаўляцца за мяжой, на ўмовах ананімнасці ствараць там арт-выказванні, каб беларускі парадак дня не вымываўся з еўрапейскіх СМІ, каб нейкім чынам пераканструяваць той негатыўны вобраз беларуса, што стварыўся пасля вайны ва Украіне.

Рэспандэнты гаварылі аб важнасці злучэння людзей у розных краінах, уключэння іх у кантэкст, важнасць развіцця грамадзянскай і вышэйшай адукацыі, наладжвання сістэмы павышэння кваліфікацыі па-за межамі Беларусі, правядзення там канферэнцый і прадстаўлення магчымасці публікавацца. Пры гэтым вельмі важна для тых, хто застаецца ў Беларусі, каб гэтыя рэчы былі адарваны ад палітычнага парадку дня — «іначай гэта будзе білет у адзін канец».

Чытайце яшчэ:

Звальненні ў Музеі-майстэрні Заіра Азгура, змяняюць у тым ліку дырэктара 

У Тэатры імя Янкі Купалы з беларускага рэпертуару засталася адна «Паўлінка». Большасць спектакляў у верасні пройдзе на рускай мове

«Працы знялі па патрабаванні чыноўнікаў Мінкульта». Са стратамі ад цэнзуры ў Мінску адкрыўся фестываль «Арт-Мінск»

«Мы маем справу з татальнай забаронай на рэфлексію». Сяргей Будкін — пра пазітыўныя і негатыўныя вынікі года ў культуры

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
5
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
5
Сумна
26
Абуральна
16
0
Беларускі навукоўца/адказаць/
17.09.2023
Все то же самое - дебеларусізацыя, требование лояльности, обхождения острых проблем общества как на современном этапе, так и в историческом плане , репрессии, "чистки" и деградация , дефицит кадров - все это происходит и в научных учреждениях, в высших учебных заведениях. Три года чисток и репрессий - прогнозирует продолжение стремительной русификации-деградации. Белорусская наука и образование смогут возродиться только при большой поддержке извне (тк экономика на нуле). И только после дерусификации (осознание белорусской науки и образования как отдельных, самостоятельных), десоветизации и декоммунизации. При полном запрете в обществе на символику и ценности ссср, где процветал Гулаг и оборонная экономика в целом.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930