Знайсці
01.09.2023 / 21:5634РусŁacБел

Як гомельская медсястра ўціраецца ў давер, а пасля даносіць на людзей

Закрыты суд над гомельскай журналісткай Ларысай Шчыраковай. Невядома, якім было яе апошняе слова, што было ў абвінавачанні, што казалі пракурор і суддзя. Вядома толькі, што пасля вынясення прысуду Ларыса выгукнула: «Жыве Беларусь!» І вядома імя галоўнай даносчыцы — Жанна Пікоўская. Знаёмыя з жанчынай расказалі пра яе метады і ролю ў справе Шчыраковай. І не толькі Шчыраковай.

Ларыса Шчыракова (злева) і Леанід Судаленка стануць палітычнымі зняволенымі. Жанне Пікоўскай Ларыса давярала. Фота: сацыяльныя сеткі Жанны Пікоўскай

Вы ніколі не чулі гэтага імені, гэта не вядомы чалавек, не медыйная асоба. Жанна Пікоўская — 56-гадовая медсястра аддзялення прафілактыкі. Родам яна з пасёлка Васілевічы, таго самага, адкуль родам былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, які быў выкрадзены ў 1999 годзе.

Медсястра з «Белай Русі»

У паліклініцы Пікоўская кіруе ячэйкай «Белай Русі» — здаецца, з 2021 года. Не часты выпадак: зазвычай такі гонар выпадае намеснікам па ідэалогіі, галоўным дактарам або прафоргам. А тут — медсястра.

Сярод груп, на якія яна падпісаная ў «Аднакласніках», — губазікаўская суполка, дзе публікуюць зневажальныя відэа з затрыманымі, і «Специальная библиотека Кузбасса» са слоганам «За Россию» на аватарцы.

Але так было не заўсёды. Да 2020 года яна круцілася ў зусім іншых колах. «Спасибо, читаю все от корки до корки», — пакінула яна допіс у фэйсбучнай групе Незалежнага прафсаюза РЭП, кіраўніцтва якога цяпер зняволенае, а сам ён аднесены да экстрэмістаў. А ў 2018 годзе яна фатаграфавалася з праваабаронцам Леанідам Судаленкам і пісала: «Мы все гордимся тем, что у нас есть такой гомельчанин!» Ужо тады на Судаленку рассылалі паклёпніцкія лісты ў стылістыцы, характэрнай для лукашэнкаўскіх спецслужбаў. У 2021-м яго арыштуюць і абвінавацяць у дапамозе рэпрэсаваным удзельнікам пратэстаў 2020-га.

Чытайце таксама: Праваабаронца Судаленка дапамог з дровамі шматдзетнай вясковай сям’і. Следства назвала гэта «арганізацыяй пратэстаў». Як так?

«А ў якой школе вы вучыліся?»

Леанід Судаленка, які нядаўна выйшаў з-за кратаў, прыгадвае гісторыю таго фотаздымка, дзе ён апынуўся разам з Ларысай Шчыраковай і Жаннай Пікоўскай.

«Ларыса нібыта ўзяла над Жаннай шэфства — вадзіла яе па ўсіх мерапрыемствах. А тая дужа любіла фатаграфавацца — то з адным, то з другім. Стане побач і пасміхаецца, нібыта найлепшыя сябры. Не загадаеш жа ёй «адыдзі», яна ж з Ларысай. Да мяне ў сяброўкі яна дужа не лезла. І Ларысе шмат хто казаў, каб была асцярожнейшая. Але яна бясконца давярала людзям, вельмі адкрыты яна чалавек», — расказаў «Нашай Ніве» Судаленка.

«Ларыса, сама шчыры чалавек, не магла дапусціць, што шчырасць можа быць робленай, фальшывай. Пікоўская гэтым лёгка скарысталася», — кажа іншы знаёмы Шчыраковай.

«А ў якой школе ты вучыўся? — апісвае манеру Пікоўскай паглыбляць знаёмства жыхар Гомеля Віктар, які перасякаўся з ёй прыкладна ў 2018 годзе. — «У такой і такой». — «А хто быў твой настаўнік мовы?» — «Такая і такая». — «А ты ведаеш, што яна грошы брала і не вяртала, і яе за гэты час звольнілі?»

— Яна пачынае гаварыць кепска пра тых людзей, якія для мяне важныя, гэта была яе манера, — расказвае Віктар, у мінулым высокапастаўлены менеджар. — Гэта такі спосаб маніпулявання людзьмі, яна яго цудоўна засвоіла і ім карыстаецца. Разлік, падсвядомасць? Не ведаю.

Жыхарка Гомеля Таццяна прыгадвае: «Пікоўская магла пісаць у сацыяльных сетках ці затэлефанаваць і пачаць распытваць пра нешта, хаця мы ў прынцыпе мала знаёмыя. Раскажа нешта пра сябе, а потым запытае: «А ў цябе як?» Нібыта шукае слабыя месцы, на якія потым можа націснуць. Спрабавала замацаваць са мной сяброўства, перадаючы нейкія падарункі для дзяцей.

Я часта чула, што яна раздае падарункі: жанчынам дорыць, прыкладам, касметыку, мужчынам — алкаголь. Нехта на гэта вядзецца: маўляў, шкада яе, адзінокая жанчына, бадзяжнымі жывёламі апякуецца, шукае сабе занятку і кампаніі. Але выглядала з ейнага боку гэта навязліва».

Андрэй, яшчэ адзін гомельскі актывіст, мае ўласны досвед адносін з Пікоўскай: «Аднойчы яна пачала мне пісаць у сацыяльных сетках пра Ларысу Шчыракову. Маўляў, яна такая канфліктная жанчына і што я пра гэта думаю. Відавочна, хацела нас сутыкнуць».

Жанна Пікоўская. Фота: яе сацыяльныя сеткі

«Ды што яна можа мне зрабіць!»

Апытаныя «Нашай Нівай» гамельчукі кажуць, што Пікоўская з'явілася на гарызонце незалежных арганізацый недзе з 2016 года. Яна неяк адначасова стала вельмі актыўна сябе прапаноўваць у якасці актывісткі ў розных структурах.

«Такія паводзіны асабіста для мяне падазроныя. Я з нулявых памятаю некалькі выпадкаў, калі такія «актывісты» потым прызнаваліся ў супрацы з органамі», — кажа адзін гамяльчук.

Гаворка пра знакамітыя гісторыі «агента «Эколага» і агента «Вектара», якія пасля раскаяліся і прызналіся пра сапраўдныя задачы, пастаўленыя перад імі куратарамі з Камітэта дзяржаўнай бяспекі. А таксама пра Андрэя Зайцава, 24-гадовага актывіста «Зубра», які скончыў жыццё самагубствам у 2001 годзе, не вытрымаўшы ціску вярбоўшчыка. (Чытайце таксама: Гомель, КГБ: быў Вектар, цяпер Эколаг)

Жанна Пікоўская нейкі час нават была намесніцай старшыні філіі Таварыства беларускай мовы. 

«Гэтая Пікоўская заўсёды была дзівосна актыўная. Калі нешта ладзіць яўрэйская суполка — яна там, калі праходзілі курсы «Мова нанова» — яна ў першых шэрагах. І няважна, ці то экалагічнае мерапрыемства, ці нейкі канцэрт ці сустрэча, — Жанна заўсёды імкнулася бліжэй пазнаёміцца з арганізатарамі, пра ўсё іх распытвала. Складалася ўражанне, што яна для кагосьці збірае інфармацыю. Я нават казала Ларысе Шчыраковай, каб была больш асцярожнай з гэтай Жаннай. Але Ларыса, як чалавек вельмі добры, проста адмахнулася: «Ай, ды што яна можа мне зрабіць! Самотны чалавек, трымае жывёлу-інваліда». А аказалася, што можа», — характарызуе Пікоўскую гамяльчанка Марыя.

«Я асабіста раскусіў яе вельмі даўно. Я прыходжу на «Мову Нанова», а яна там актыўнічае. О, думаю, можа я дарма кепска пра яе думаў?» — кажа яшчэ адзін гамяльчук.

«Мы рэагавалі на яе прысутнасць на нашых мерапрыемствах роўна: лепш ведаць, хто агент насамрэч, чым потым быць фігурантам крымінальнай справы», — кажа Андрэй.

А як жа яна трапіла ў намесніцы кіраўніка Таварыства беларускай мовы? Хто яе рэкамендаваў, прапанаваў? Нам не ўдалося знайсці чалавека, які б гэта памятаў. Большасць людзей кажуць: наўрад ці хтосьці асабіста, сама магла вызвацца, а пагадзіліся, бо быў кадравы голад, а тут чалавек сам прапануе сваю кандыдатуру.

Жанна Пікоўская (злева) побач з Ларысай Шчыраковай (справа). Фота: сацыяльныя сеткі Жанны Пікоўскай

Схованка з ноўтбукам

Водападзелам стаў 2021 год. Тады Ларыса Шчыракова расказала сябрам пра выпадак, які прымусіў яе істотна задумацца, хто ж такая Жанна Пікоўская. Рэч у тым, што ў доме Шчыраковай была схованка для ноўтбука: пасля шматлікіх ператрусаў журналістка вырашыла, што тэхніку лепей хаваць, бо ноўтбукі і тэлефоны ў яе некалькі разоў канфіскоўвалі.

Падчас чарговага ператрусу міліцыянты накіраваліся да схованкі і забралі ноўтбук. Тут Шчыракова і прыгадала, што нядаўна размаўляла з Пікоўскай, на эмоцыях сакрэтнічала і паказала ёй патаемнае месца.

«Там ім і месца!»

Ад 2021 года Пікоўская стала дзейнічаць інакш.

«Тактыка ў яе была такая: спачатку яна знаёміцца ў сацсетках з чалавекам, потым пачынае выпытваць, што ён думае пра міліцыю, пра Лукашэнку, ці ўдзельнічаў у пратэстах. І потым у людзей былі праблемы. А яшчэ яна магла знайсці ў інтэрнэце акаўнты гомельскіх актывістаў і пісаць ім нешта накшталт «Ты нягоднік, ты прадаў Радзіму», — расказвае Марыя, якая сама да 2021 года заставалася ў горадзе над Сожам, а цяпер жыве ў краіне Еўрапейскага саюза.

Марыя прыгадвае таксама, што Жанна Пікоўская падала ў суд на адну са сваіх знаёмых, якая негатыўна азвалася пра яе ў сацыяльных сетках.

«Быў суд, і тую жанчыну пакаралі за абразу. Жанна вельмі ганарылася і ўсім расказвала, як яна добра правучыла сваю прыяцельку. Такіх даносаў, у тым ліку палітычных, яна напісала шмат», — кажа яе былая знаёмая. 

У сваіх каментарах Пікоўская выказвае радасць, калі некага затрымліваюць.

Пікоўская сама прызналася, што наведвае КДБ, калі ёй патэлефанаваў блогер Андрэй Павук і назваўся супрацоўнікам органаў дзяржбяспекі. «Сама прыходзіла, неслася, маўляў, навядзіце парадак». Пахвалілася, што па яе зваротах ужо некалькі чалавек пасадзілі.

«Там ім і месца!» — заявіла Жанна Пікоўская.

Гэта фота Пікоўская падпісала так: «С военными из России под Речицей. 14 февраля 2022 года». Гэта значыць за 10 дзён да нападу Расіі на Украіну. Фота: сацыяльныя сеткі Жанны Пікоўскай. 

У гутарцы з Андрэем Павуком жанчына таксама прызналася, што падпісаная ў Telegram на «экстрэмісцкія» каналы, бо «там пішуць тое, што ў дзяржаўных СМІ не прачытаеш, а мне трэба ведаць».

Саманазваная «сяброўка»

У інтэрв'ю дзяржаўнай газеце «Гомельская правда», якое выйшла пасля суда, Пікоўская назвалася сяброўкай Ларысы Шчыраковай.

Пікоўская расказала, што Ларыса «была прасякнутая заходняй прапагандай», што яна, маўляў, выдатна разумела незаконнасць сваіх дзеянняў, але паквапілася на грошы. Жанчына не без зайздрасці адзначае, што журналістка ездзіла адпачываць за мяжу, добра апраналася, мела катэдж і іншамарку. Саманазваная «сяброўка» заявіла, што Шчыракова супрацоўнічае з «экстрэмісцкімі СМІ», забылася на родную мову, не займалася выхаваннем сына і ўцягвала яго ў незаконную дзейнасць — усё гэта хлуслівыя сцвярджэнні, якія не адпавядаюць рэчаіснасці.

Пасля 2021 года Ларыса Шчыракова адышла ад супрацы з «Белсатам», займалася культурнымі і фотапраектамі і афіцыйна заявіла, што пакідае журналістыку. Раней яе больш як 40 разоў штрафавалі за супрацоўніцтва з замежнымі медыя без акрэдытацыі. 

Ларысу Шчыракову асудзілі да трох з паловай гадоў калоніі паводле двух крымінальных артыкулаў — 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі). Яе непаўналетняга сына спачатку адправілі ў сірочы прытулак, пасля яго забраў бацька, які жыве ў Новасібірску.

Ларыса Шчыракова з сынам. Крыніца: фэйсбук Ларысы Шчыраковай

А Пікоўская, магчыма, шукае новую ахвяру для даносаў. 

«Яраслаў Гашак добра прапісаў тып «вясковага дурня», якога вярбуюць спецслужбы, бо іншыя не згаджаюцца. Жанна мне падаецца такой, — кажа Андрэй. — А чаму Ларыса давяралася ёй? Стрэс і празмерная даверлівасць да людзей».

Калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», то дапамагайце нам у нашай працы. Зрабіць гэта можна праз Патрэон па спасылцы ніжэй.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Калі вы памятаеце, ведаеце больш пра Жанну Пікоўскую і пра ўвесь гэты этап нашага жыцця, напішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на [email protected]. Або любому рэдактару ці журналісту «Нашай Нівы», якога ведаеце асабіста.

Чытайце таксама:

Па чарговым даносе стукача з чат-рулеткі затрымалі жыхара Бабруйска

«Мне не застаецца нічога, акрамя як абвяшчаць галадоўку». Гомельскага правакатара Катлярова будуць судзіць

Правакатар Церах расказаў, чаму пакрыўдзіўся на апазіцыю

* * *
Удакладненне.
У пачатковым варыянце тэксту гаварылася, што ў Васілевічах прайшлі школьныя гады нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Насамрэч, яна вучылася ў Капаткевічах, Васілевічы — радзіма Юрыя Захаранкі. Перапрашаем за памылку.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
20
Панылы сорам
17
Ха-ха
12
Ого
9
Сумна
28
Абуральна
159
2
Яніна/адказаць/
03.09.2023
Хм..., табе, грантабот, усё б пад чыімсці гаспадарскім ботам поўзаць. Схадзі ўладкуйся ў Макдональдс які, як тая дзяўчына Алеся Наскевіч, - адчуеш хоць сябе вольным да самастойнайсці мыслення, не залежачы ад фота-відаэ-справаздачаў сваім гранта-куратарам сінепалым ці светазорным.
0
Жора/адказаць/
03.09.2023
Какая же отвратительная рожа
0
Гаўнель - дно./адказаць/
03.09.2023
Зайдзіце ў юцюб і паглядзіце, што робіцца на танцпляцы ў гоўнельскім парку - вата на ваце і ватай паганяе.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930