Знайсці
12.08.2023 / 16:2745РусŁacБел

Прафесарка ЕГУ прапанавала сваю трактоўку «беларускага грамадзянскага нацыяналізму». Тлумачэнне гучыць як маніфест 

«Гаворка ідзе пра абарону ад культурнай і палітычнай каланізацыі з боку Расіі», — гаворыць пра сваю канцэпцыю доктарка філасофскіх навук Таццяна Шчытцова. Яна аб'яднала прынцыпы этнічнага і грамадзянскага нацыяналізму, якія традыцыйна супрацьпастаўляюцца адно аднаму. І прапануе свой канцэпт нацыяналізму ў адказ на выклікі, якія паўсталі перад беларускім грамадствам, пачынаючы ад меркаванай перамогі Святланы Ціханоўскай падчас галасавання на выбарах 2020 года.

Таццяна Шчытцова. Фота: асабісты альбом Таццяны Шчытцовай

«Выключае самаўзвялічванне, адасабленне і шавінізм»

Таццяна Шчытцова кажа, што тэрмін «інклюзіўны нацыяналізм» існуе ў навуковай літаратуры як дадатковая характарыстыка да больш вядомага паняцця «грамадзянскі нацыяналізм». Найчасцей іх згадваюць у ліберальных дзяржавах, калі гаворка тычыцца стаўлення да любых меншасцяў.

Яны абапіраюцца на каштоўнасці палітычнай свабоды, дэмакратыі, плюралізму, талерантнасці і правоў чалавека.

Інклюзіўны (грамадзянскі) нацыяналізм традыцыйна супрацьпастаўляецца этнічнаму нацыяналізму.

У этнічным нацыяналізме нацыі аб’яднаныя на падставе этнічнага паходжання, агульнай мовы і культурнай спадчыны.

Таццяна Шчытцова дыстанцуецца ад канфлікту дзвюх формаў нацыяналізму, якія, на яе погляд, перашкаджаюць адэкватнаму асэнсаванню цяперашняга стану грамадства. Таму філосаф і ўзялася за распрацоўку беларускай версіі нацыяналізму.

«Яна сумяшчае каштоўнасць нашага жыццёвага свету як унікальнага культурна-гістарычнага феномену з этнічнай разнастайнасцю і характарызуецца інклюзіўнасцю», — тлумачыць Таццяна Шчытцова.

У якасці прыкладу ўнікальнасці нашага жыццёвага свету яна ўзгадвае такі феномен, як уніяцтва, які склаўся на беларускіх землях дзякуючы рэлігійнай талерантнасці беларусаў.

Таццяна Шчытцова настойвае, што беларускі грамадзянскі нацыяналізм — гэта не нейкая прыдуманая дактрына, а актуальная жыццёвая пазіцыя.

Яна адзначае, што чалавек зыходзіць з таго, што беларуская культурная прастора — гэта ўнікальная каштоўнасць і што Беларусь мае быць незалежнай дэмакратычнай дзяржавай. 

«Такім чынам, гэтае паняцце адказвае на адзін з галоўных выклікаў нашага часу: як захаваць і ўзмацніць салідарнасць паміж рознымі сацыяльнымі групамі. Акрамя таго, тры гады пасля беларускай рэвалюцыі гэтае паняцце з’яўляецца ў пэўным сэнсе праграмным», — тлумачыць Таццяна Шчытцова. 

На акцыі салідарнасці да гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года разам з плакатамі на беларускай ды польскай мовах былі і рускамоўныя. Незадаволенасці ўдзельнікаў рускай мовай не было. На фота — акцыя ў Беластоку

На погляд Таццяны Шчытцовай, беларусам патрэбны такі нацыяналізм, каб супольна рухацца да новай Беларусі.

«Беларускі грамадзянскі нацыяналізм выключае самаўзвялічванне, адасабленне і шавінізм.

Наадварот, у знешнім свеце гэта пазіцыя накіраваная на тое, каб Беларусь стала паўнапраўнай удзельніцай глабальнага міжкультурнага ўзаемадзеяння», — падкрэслівае яна.

«Беларуская мова рэпрэзентуе палітычную самастойнасць і культурную адметнасць краіны»

У цяперашняй Беларусі мноства праблем. Значная частка грамадства рускамоўная, і ігнараваць гэтую акалічнасць не выпадае, адзначае Таццяна Шчытцова.

«У пратэстах 2020 года ўдзельнічалі людзі пераважна рускамоўныя», — заўважае яна.

Таццяна Шчытцова не згаджаецца з тым, што беларусы, прымаючы яе канцэпт нацыяналізму, мусяць ахвяраваць нацыянальным.

Яна тлумачыць, што беларускі інклюзіўны нацыяналізм абапіраецца на каштоўнасці жыццёвага свету беларусаў як унікальнай культурнай прасторы. Беларуская ж мова — галоўны сродак акрэслення межаў гэтай прасторы. 

«Беларуская мова мае ва ўмовах вайны і паўзучай акупацыі асаблівае значэнне, яна лепш за ўсё рэпрэзентуе палітычную самастойнасць і культурную асаблівасць Беларусі. Яна — адметная рыса нашага этнасу», — даводзіць Таццяна Шчытцова.

Адзін з першых законаў незалежнай Беларусі — змена назвы краіны з БССР на Рэспубліку Беларусь, ці скарочана Беларусь 

Разам з тым яна лічыць, што палітыкі, публічныя інтэлектуалы павінны разумець складанасць беларускага кантэксту. Патрэбная далікатная культурная палітыка, каб захаваць салідарнасць, якая сцвердзілася ў 2020 годзе.

Прамалінейныя прымусовыя захады, напрыклад, у прасоўванні беларускай мовы, могуць толькі нашкодзіць. 

«Мы можам страціць салідарнасць, якая скіраваная на вызваленне з-пад расійскай каланізацыі Беларусі і яе развіццё як незалежнай нацыі», — даводзіць філосаф.

Як прыклад сваёй слушнасці яна згадвае марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!».

«Уявіце сабе на хвіліначку, калі б нейкае медыя выставіла ўмову, што будзем гаварыць толькі па-беларуску. Як бы адрэагавалі ўдзельнікі?» — пытаецца суразмоўніца.

«Дзяржава кантралюецца нелегітымным лукашэнкаўскім рэжымам»

Таццяна Шчытцова кажа, што ў 2020 годзе адбыліся істотныя палітычныя зрухі, якія актуалізавалі пытанне нацыянальнай свядомасці беларускіх грамадзян. Поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны абвастрыла злабадзённасць задачы нацыянальнага самавызначэння.

«Гаворка ідзе пра абарону ад культурнай і палітычнай каланізацыі з боку Расіі», — акцэнтуе ўвагу філосаф.

Паводле яе, масавыя пратэсты 2020 года прывялі да з’яўлення беларускай грамадзянскай супольнасці і паўстання новага палітычнага суб’екта — беларускага народа. 

Ён існаваў і да 2020 года, але быў не рэальным, а, хутчэй, уяўным палітычным суб’ектам. Усе Канстытуцыі, напрыклад, незалежна ад іх рэдакцыі, пачынаюцца словамі: «Мы, народ Беларусі», але гэта не азначала, што народ быў сапраўдным суверэнам — меў уладу.

Ілюстрацыйнае фота: МУС

«У Лукашэнкі існаваў нейкі народ для легітымізацыі яго ўлады, — адзначае Таццяна Шчытцова. — Гэта была спекуляцыя на Канстытуцыі».

Таццяна Шчытцова падкрэслівае, што зʼяўленне новага калектыўнага палітычнага суб’екта, гатовага ўзяць адказнасць за лёс краіны, у гісторыі Беларусі — беспрэцэдэнтная зʼява.

«У гэтага палітычнага суб’екта павінна быць нацыянальная свядомасць і нацыянальная дзяржава. Паняцце нацыі прадугледжвае таксама пэўны гістарычны бэкграўнд. У нашым выпадку ён вельмі разнастайны: спадчына Вялікага Княства Літоўскага, Кастуся Каліноўскага, БНР, савецкага перыяду існавання Беларусі. Але цяпер гэта дзяржава кантралюецца нелегітымным лукашэнкаўскім рэжымам», — падкрэслівае філосаф.

«Мы апынуліся ў складанай сітуацыі: рэпрэсіі, вайна, падзеленае грамадства»

Беларуская рэвалюцыя паказала, што сваёй свядомасцю беларусы — еўрапейская супольнасць, кажа Таццяна Шчытцова.

Гэта засведчыў грамадзянскі гарызантальны актывізм, узаемапавага, прыняцце каштоўнасці правоў чалавека, чалавечага жыцця, гатоўнасць да распрацоўкі дэмакратычных працэдур і ўдзелу ў прыняцці рашэнняў на падставе дэмакратычных прынцыпаў.

Галоўны ж выклік, які цяпер стаіць перад палітыкамі і публічнымі інтэлектуаламі, — як выбудаваць культурную палітыку, якая б адпавядала складанасці сучаснага гістарычнага моманту, лічыць Таццяна Шчытцова.

Паводле яе, галоўнае пытанне сённяшняга дня мусіць гучаць так: як падтрымліваць і садзейнічаць інтэграцыі і салідарнасці нашага грамадства.

«У нас паўстала новая палітычная супольнасць, але мы апынуліся ў складанай крызіснай сітуацыі: трываюць рэпрэсіі, ідзе вайна. Грамадства падзелена на тых, хто застаўся ў краіне, і тых, хто вымушана з'ехаў», — кажа Таццяна Шчытцова.

«У беларусаў няма трывалай прывязкі да расійскай прасторы»

Таццяна Шчытцова прызнае, што ў беларускім грамадстве ёсць адносна вялікая частка людзей, арыентаваных на Расію.

Гэта прыхільнасць не палітычная, настойвае філосаф. Яна базуецца на тым, што беларусы, асабліва сталага веку, доўгі час жылі ў Савецкім Саюзе і гадаваліся на яго ўстаноўках.

«Яны сфармаваліся ў сканструяванай савецкім часам прасторы, цэнтрам якой была Масква. Цяперашнія беларускія інстытуцыі захоўваюць савецкую інстытуцыянальную культуру. У дадатак людзі глядзяць расійскі кантэнт, і гэта ўплывае на выбар прыярытэтаў. У такіх умовах беларусы, якія маюць пэўную настальгію па савецкім часе, адчуваюць сябе камфортна», — тлумачыць яна.

Трэба раздзяляць культурную прыхільнасць да Расіі на ўзроўні звычак і палітычную прыхільнасць да пуцінскага рэжыму, удакладняе Таццяна Шчытцова.

Культурная прыхільнасць да Расіі не стала перашкодай для ўдзелу такіх беларусаў у пратэстах 2020 года, працягвае яна. На маршы яны выходзілі з маладзейшымі беларусамі — прыхільнікамі еўрапейскага шляху Беларусі.

«Нам патрэбныя больш гнуткая інклюзіўная палітыка і камунікатыўная стратэгія, якія дазволяць гаварыць з людзьмі, што нязгодныя з існаваннем аўтарытарнага рэжыму, але ў сілу сваёй біяграфіі маюць не да канца адрэфлексаваную настальгічную эмацыйную прывязанасць да еднасці беларускага і расійскага культурнага вымярэння», — даводзіць Таццяна Шчытцова.

На яе погляд, у цяперашніх умовах варта быць асцярожнымі ў заявах, што значная частка беларускага грамадства, якая застаецца ў Беларусі, падтрымлівае Расію. Яна лічыць, што ў беларусаў няма трывалай падтрымкі расійскай палітыкі. Пра тое сведчыць стаўленне да расійскай агрэсіі супраць Украіны.

«Беларускае грамадства не падтрымлівае вайну, да якой далучыўся рэжым Лукашэнкі, — падсумоўвае Таццяна Шчытцова. — Гэта значыць, што беларусы не падтрымліваюць палітыку Пуціна, які бачыць Беларусь часткай Расіі».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Сакрэтныя выбары рэктара ў ЕГУ: што пра іх вядома

«Цяпер я нашмат лепш разумею шлях, па якім мы павінны прайсці» — Сахашчык

«Рэцыдывіст параіў ні ў якім выпадку не прызнавацца». Прафесар Алег Латышонак — пра тое, як сядзеў у польскай турме за часамі «Салідарнасці»

Беларускі паэт пераклаў верш забітай украінскай пісьменніцы. Сям'я і ўкраінскія пісьменнікі запатрабавалі выдаліць

«Ламай сцэнар, ламай схему, ламай структуру, ламай сістэму!» — у Мінску прайшоў інтэлектуальны марафон салідарнасці

Васіль Вашчыла

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
15.08.2023
Смех каню, na žal, usio tak
nelha "vypisvać" ludziej z biełarusau pa pryncypu "usie biełarusy biełyja i puchkija, a kali chtoś zły, to jon nie biełarus", heta padmena paniacciaŭ
jość drennyja biełarusy, jość biełarusy - zdradniki nacyji, treba z hetym nejak žyć, a nie zajmacca samapadmanam
15.08.2023
такое настойчивое желание увести разговор в любую сторону, главное чтоб не дай БГ в Беларуси вдруг не осознали, что не надо изобретать велосипед, когда перед глазами есть примеры хоть Польши, хоть Латвии, хоть Финляндии
просто удивительно, готовы даже специальный национализм изобрести!
а сколько свидетелей секты "главное - эканомика, а мова - можэт кагда-нибудь потом и то, в современном глобальном мире вообще нужна ли она - так шрайбман говорит, а он жэ умны! а чалы говорит, что рпц святая и вообще..."

вот такие потом в кремле поддержку ищут (бабарико, тихановская в лице вечорки), ноют в интервью, что  с ними разговаривать там не хотят (латушко) заявляют о несамостоятельности, "куда ж мы без расии" и т.д.

вобщем, пока у режима такие противники - режиму можно не беспокоиться


16.08.2023
Белорусский гражданский национализм (предложенный автором) = советскому гражданскому национализму, со всеми вытекающими, уже вытекшими, последствиями.
Без конкретной программы, не созданной за последние тридцать лет, будет активно продолжаться, продолжается, распил того малого, что еще сохранилось.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031