Знайсці
15.07.2023 / 09:443РусŁacБел

Якім стане свет, калі кожны атрымае базавы даход, а руцінную працу будзе выконваць штучны інтэлект? Адказы шукае фільм «Пасля працы»

Фільм апісвае жыццё зусім розных людзей: адны працуюць па 14 гадзін штодня, а іншыя ўвесь час «шукаюць сябе». У XXI стагоддзі, калі пераасэнсоўваецца занятасць хатніх гаспадынь, а на даляглядзе маячыць рэвалюцыя штучнага інтэлекту, само паняцце працы разбураецца. Што гэтае слова значыць сёння і што будзе азначаць заўтра?

Кадр з фільма «Пасля працы» (After work). Фота: фестываль CPH:DOX

Дзеля фільма, прэм’ера якога адбылася сёлета на кінафестывалі ў Капенгагене, італьянска-шведскі рэжысёр Эрык Гандзіні аб'ездзіў увесь свет — ад Кувейта і Карэі да ЗША і Еўропы.

Як паказваюць яго больш раннія кінаработы, напрыклад, «Лішкі. Іх тэрарызуюць, каб яны сталі спажыўцамі» або сапраўдны хіт — «Відэакратыя» — пра італьянскае тэлебачанне і яго ўплыў на культуру і палітыку, Гандзіні ведае, як зрабіць прывабны, займальны дакументальны фільм на актуальную тэму, — ён дадае ў яго гумар і вострае бачанне.

Па словах рэжысёра, адной з крыніц натхнення для стварэння фільма «Пасля працы» сталі даследаванні шведскага сацыёлага Роланда Паўльсена пра ідэалогію працы, якая сыходзіць каранямі ў паняцце працоўнай этыкі, распрацаванае каля 350 гадоў таму, піша аглядальніца Ліз Педэрсэн.

Фільм даследуе тэму ў такіх розных краінах, як Італія, Кувейт, ЗША і Паўднёвая Карэя, праз інтэрв'ю з экспертамі, афіцыйнымі асобамі і звычайнымі людзьмі, а таксама з абранымі цытатамі з запісаў Ноама Хомскага, Яніса Варуфакіса, Юваля Ноя Харары і Ілана Маска.

Стужка пачынаецца з Паўднёвай Карэі, дзе ўрад вырашыў увесці час «выключэння ПК» — выключаць усе офісныя камп’ютары а 6-й вечара ў спробе змяніць звычкі вельмі стомленых людзей. Бо для многіх 14-гадзінны працоўны дзень стаў нормай і спосабам выклікаць да сябе павагу.

Апантанасць працай назіраецца і ў ЗША, дзе работнікі адмаўляюцца ад больш чым 500 мільёнаў гадзін адпачынку штогод, баючыся страціць працу.

Між тым робаты ўжо гатовыя ўзяць на сябе большую частку задач, што выконваюцца людзьмі, і гэта справядліва выклікае асцярогі ў грамадстве. Аўтаматызацыя заўсёды пужала людзей — варта ўспомніць лудытаў у XVIII і XIX стагоддзях, якія разбівалі машыны, бо яны, на думку гэтых людзей, адбіралі ў іх працу.

Адзін з галоўных герояў фільма «Пасля працы» (After work). Фота: Фрэдэрык Венцэль

Калі першая палова фільма распавядае пра тое, як працуюць людзі ў розных краінах, то другая прысвечаная тым, хто не працуе.

У такіх краінах, як Італія ці Кувейт, шмат людзей, якія не занятыя ні працай, ні вучобай. Тады як мігранты ў гэтых краінах выконваюць нізкааплатную працу ва ўмовах, блізкіх да рабства, многія маладыя людзі жывуць за кошт бацькоў і доўга-доўга шукаюць сваё прызначэнне. Асабліва гэта распаўюджана ў Паўднёвай Еўропе.

Сын арыстакратычнага італьянца, які ні дня не працаваў і займаўся толькі тым, што яго захапляе, — коньмі і прыгожымі жанчынамі, апісвае задавальненне, якое атрымлівае ад садоўніцтва. Але стужка не мае на мэце з яго пасмяяцца, у нейкім сэнсе яна нават прапаноўвае павучыцца ў такога героя — прынамсі, як прымаць рашэнні наконт таго, чаму прысвячаць свой час.

Фільм таксама задаецца пытаннем, якой можа быць будучыня без працы, калі б паўсюль стаў магчымы безумоўны базавы даход. Калі праца — гэта тое, праз што мы сябе вызначаем, то як мы будзем сябе вызначаць у такіх абставінах? Многія з герояў выказваюць асцярогі, што гэта можа стварыць пакаленне «сапсаваных і безадказных» людзей, якія адступяць, калі ўбачаць першую ж перашкоду.

Рэжысёр не заяўляе, што дае якія-небудзь адказы, ён, хутчэй, правакуе развагі. А над пытаннем «Што б вы рабілі, калі б вам не трэба было працаваць?» кожны глядач з вялікай доляй імавернасці пачне разважаць пасля прагляду.

Чытайце яшчэ:

Больш за ўсё ад развіцця штучнага інтэлекту пацярпяць работнікі разумовай працы — аналітыкі

Як шукаць працу ў 44 гады

Што такое актыўнае сядзенне? Калі рабіць так, сядзячая праца будзе не такой шкоднай

Дзевяць галоўных кінастужак гэтага лета

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
23
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
6
1
Казік/адказаць/
15.07.2023
І дзе яго паглядзець?
6
Gorliwy Litwin/адказаць/
15.07.2023
базавы даход дадуць толькі тым, хто мае высокі сацыяльны капітал. Хто цалкам публічна падзяляе актуальныя грамадскія дактрыны - напрыклад, трансгендэрнасць дзяцей, зялёную эканоміку, школьныя страйкі імя Грэты і ўсё іншае перадавое гуманітарнае. А хто не прызнае - адпаведна будзе ішачыць па 14 гадзін. Гэта на заходнім полюсы. І думаю, што на еўразійскім будзе нешта падобнае, толькі з азіяцкай спецыфікай. Бо калі рэальнай прцы на ўсіх не хапае, у сувязі з высокай прадукцыйнасцю, чаму б не загрузіць ёй канкрэтна палітычных злачынцаў? у кожнай парадыгме яны свае
0
За Свабоду!/адказаць/
15.07.2023
Калісьці і пенсіі і адпачынкі за кошт працаўцы былі ў навінку. А зараз гэта норма. Так будзе і з базавым даходам. Прывабныя ўмову для развіцця бізнесу дазваляюць гэта зрабіць. Сацыяльна арыентаваны капіталізм і ліберальная дэмакратыя.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031