Знайсці
11.06.2023 / 01:0565РусŁacБел

«Возможно использование в белорусском языке слова «фамілія». Мінадукацыі заўважыла памылку ў атэстатах, але дало ашаламляльны адказ

Гісторыя з відавочнай лексічнай памылкай, дапушчанай чыноўнікамі Міністэрства адукацыі ў бланках атэстатаў і дыпломаў новага ўзору, зацверджаных у мінулым годзе, атрымала нечаканы працяг. 

Адразу пасля з'яўлення папярэдняга матэрыялу на нашым сайце «Наша Ніва» атрымала магчымасць азнаёміцца з тэкстам ліста намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, які быў у свой час разасланы ў падпарадкаваныя ўстановы пасля таго, як у самім Міністэрстве заўважылі «тэхнічную памылку».

Можна меркаваць, што прыкры ляп у Міністэрстве заўважылі толькі пасля таго, як бланкі дакументаў былі ўжо надрукаваныя. На гэта, трэба думаць, былі выдаткаваныя немалыя грошы, і калі б прызнаваць, што яны выкінутыя на вецер і трэба ўсё перадрукоўваць, то за марнатраўства маглі б паляцець і нечыя галовы.

Зрэшты, у краіне, дзе шануюць нацыянальную мову, а для Мінадукацыі публічна прадэманстраваць элементарную непісьменнасць азначае распісацца ў прафесійнай некампетэнтнасці, хоцькі-няхоцькі, але, відаць, усё ж давялося б прымаць рашэнне аб перадруку. Цяжка ўявіць, якое тут магло б быць іншае выйсце.

Але ў лукашэнкаўскай Беларусі пануе рэжым «не да законаў», і на законы мовы ён таксама пры патрэбе распаўсюджваецца. Прытым так было заўсёды, не толькі пасля 2020 года: дастаткова прыгадаць, напрыклад, колькі па ўсёй краіне развесілі жахліва непісьменных шыльдаў, дарожных паказальнікаў і да т. п.

Таму Аляксандр Кадлубай, відаць, асабліва не маркоціўся: пагартаўшы даведнікі, проста даў у сваім лісце крэатыўнае «разяснение» — акурат так у дакуменце напісана гэтае слова:

«В соответствии с Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы (Минск, «Белорусская энциклопедия» имени П.Бровки, 1999) возможно использование в белорусском языке слова «фамілія». 

Прадбачачы тое, што відавочна нават пры ўсёй русіфікацыі ў Беларусі пакуль яшчэ знойдзецца нямала людзей, знаёмых з найэлементарнейшай беларускай лексікай,

гэтую інфармацыю намеснік міністра прадпісвае «данесці да ведама кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і педагагічных работнікаў, якія афармляюць пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі». Гэтым жа самым лістом належыць кіравацца і «ў выпадку звароту па гэтым пытанні вучняў і іх законных прадстаўнікоў».

Для чаго такія фармулёўкі, здагадацца няцяжка. Праз іх, можна меркаваць, высокі чыноўнік падстрахаваўся ад імавернага валу пісьмовых і вусных скаргаў ды зваротаў у само Міністэрства адукацыі і іншыя адказныя органы ды спусціў непрыемны абавязак даваць тлумачэнні, гледзячы людзям у вочы, на больш нізкі ўзровень.

Якасць аргументацыі чыноўніка не вытрымлівае ніякай крытыкі.

З тым, што слова «фамілія» ў тлумачальным слоўніку беларускай мовы сапраўды ёсць, спрачацца, праўда, ніяк не выпадае. Любы ахвотны пры неабходнасці лёгка знойдзе яго ў гэтым слоўніку (хоць, вядома, здзіўляе, што ў Міністэрстве адукацыі дагэтуль карыстаюцца выданнем ажно 1999 года, бо з таго часу выйшла яшчэ тры іншыя, а ў таксама ўжо даволі далёкім 2008 годзе правялі нават карэкціроўку правапісу).

Аднак жа значэнне такога слова іншае ў параўнанні з тым, якое выкарыстоўваецца ў бланках атэстатаў і дыпломаў. Дакладней, слоўнік дае аж два яго значэнні:

«1. Род, шэраг пакаленняў, якія маюць аднаго продка;

2. Сям'я, члены сям'і».

Праўда, другое значэнне падаецца як «устарэлае», то-бок яно выкарыстоўвалася калісьці, але цяпер яго можна знайсці хіба толькі ў архіўных дакументах ды старых кніжках, але не ў сучаснай жывой мове.

У той жа час тлумачэнне літаратурнага беларускага слова «прозвішча» ў слоўніку такое:

«Спадчыннае сямейнае найменне, якое дадаецца да ўласнага асабістага імя».

І для таго, каб разумець, што гэта зусім не адно і тое ж самае, зусім не трэба быць дыпламаваным філолагам.

Звяртае ўвагу, што ў тэксце ліста намесніка міністра на некалькі абзацаў на рускай мове мы налічылі пяць памылак. Чыноўнік не ведае, як па-руску пішацца слова «разъяснение», не ведае правілаў пунктуацыі і дапасавання склонаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

У атэстатах і дыпломах новага ўзору замест прозвішча — «фамілія»

Як сказаць па-беларуску «пятая точка»?

Новы праўладны мерч назвалі Lepshy. Тлумачым, чаму стваральнікі кепска ведаюць беларускую мову

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Старобілорус/адказаць/
12.06.2023
Няма таго злога, толькі старая дыялектонізалежная этымолокгічная кграмматыка часоў ВКЛ вырятуе мову бо ні потрібуе докладного вымоўлення. Кождый вымоўленчій стыль выводіть се з ее - і старейшіе і новейшіе і середніе, ў одрозненні од транскріпційных кграмматык - і наркомоўкі, і тарашкевіцы. Хотеж і суістнованне могчімо. Одроджаем се!!!
0
Няма таго злога/адказаць/
12.06.2023
Старобілорус, І што гэта нам дасьць? Гэта мела-б нейкі сэнс хіба што для рэінтэґрацыі заходнепалескіх гаворак, але-ж яны таксама гінуць. Расейскамоўнаму ўжо Кобрыню ці Пінску ўсё адно, які варыянт правапісу трэба вывучаць. Рэшта беларускіх гаворак ужо больш за 100 гадоў пасьпяхова карыстаецца літаратурнай мовай, збудаванай на віленскіх гаворках.
0
Старобілорус/адказаць/
13.06.2023
Няма таго злога, 1. Заходнеполіяскіе говоркі - то особная білоруская мова, волынского кшталту. І ніякая ее реінтэкграція німогчіма прінціпово. Ріячь іде толькі про "простую" білорускую мову. 2. Віленско-Міянская дыялектыка (што лежіть у основі суч. транскріпційное кграмматыкі) утрімлівае ў собія толькі новейшую фонетыку, то бок: толькі одноэрность (Ръ), толькі максімальное аканне (блізкое до москоўского), толькі полную затверделость афрікат чъ, джъ, шчъ, жджъ, ну і одсутность дыфтонкга. У старейшіх же дыялектох: ўсходніх і полдневых - гэтые 4 харрактэрістыкі заховалі се со старожітных часоў у першородное старославянское гучанні. І білорусы носьбіты гэтых найстарейшіх дыялектоў скажать свое вымоўленне нікому ні повінны. 3. Што гэто дасть окромя справедлівості і лінкгвістычное локгічності? Ну напріклад двухэрность Ръ/Рь + незатверделость Чь, Шчь полднево-Смоліянского стыля дозволяе знізіть псіхолокгічный барьер прі переході з россейское мовы на білорускую. А дыфтонкг і розные стылі акання (ніполного (напр. новагродского) або зусім одсутного (запріпяцкого)) одночасово верне мове старожітность і надасть большое ўнікальності (бо такого ні мае ні ў россейское ні во ўкраінское мовах). 4. Ўсе вымоўленчіе стылі выводять се з базового (аўтоматычно, на лету) што дозволяе носьбіту выбірать найболей прівабный варіянт. 5. Білоруская мова розвіваеть се НЕ поспехово, як Вы одзначаете. Поспехово - то колі ўвесь народ мовіть, а ні горстка фанатоў полночно-заходнего стыля. Пора штості робіть. Скідайма шкодною ўдаўку однобокое фонетыкі! Вертайма до коренёў! Свободу старейшім дыялектам!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера