Знайсці
09.06.2023 / 13:0741РусŁacБел

Дурнота ці здрада? Каментар «Нашай Нівы» пра сітуацыю ў «Байполе»

Адметнасць цяперашняй сітуацыі ў тым, што, назіраючы за ёй, не ўзнікае сімпатыі да ніводнага з бакоў, няма адчування, што адзін з іх — носьбіт вялікай праўды, а другі толькі па-пустому каламуціць ваду. 

Архіўны здымак. Фота: «Байпол»

Унутраны канфлікт у арганізацыі «Байпол», за публічнай фазай разгортвання якога частка нашага грамадства, што яшчэ не страціла цікавасці да палітычных працэсаў у беларускіх дэмакратычных асяродках, мае сумнеўнае задавальненне назіраць з учарашняга дня, мусіць стаць важнай вяхой у гісторыі грамадскага супраціву рэжыму Лукашэнкі. І гэта вяха, на жаль, не пазітыўная: чым бы канфлікт не скончыўся, па яго выніках, відаць, канчаткова аформіцца адыход «Байпола» з беларускага палітычнага жыцця як аўтарытэтнай сілы, з якой былі звязаныя пэўныя спадзяванні ды разлікі.

Характэрная адметнасць цяперашняй сітуацыі ў тым, што, назіраючы за ёй, не ўзнікае сімпатыі да ніводнага з бакоў, няма адчування, што адзін з іх — носьбіт вялікай праўды, а другі толькі па-пустому каламуціць ваду. Як таксама не адчуваецца, што па-свойму маюць рацыю абодва бакі, а ісціна пасярэдзіне. Акурат наадварот

— і з формаў камунікацыі, і з якасці аргументацыі, і са спосабаў яе данясення складваецца ўстойлівае ўражанне, што гэты канфлікт не ідэйны, што ягоныя ўдзельнікі вырашаюць толькі нейкія свае персанальныя задачы, грамадскія ж інтарэсы адышлі на вельмі далёкі план. Няма і базавага разумення, што ў любой сілавой структуры ці яе прататыпе павінна быць падпарадкаванне старэйшаму па рангу, для гэтага і прыдуманыя званні. Інакш гэта дваравая футбольная каманда, а не прататып сілавой структуры.

Адпаведна і даверу ды сімпатыі ні да кога не ўзнікае. Паслухаўшы-пачытаўшы чарговы твор, выдадзены ў рамках публічнай палемікі, хочацца адначасова і смяяцца, і плакаць. Смяяцца — бо ва ўсім гэтым, калі абстрагавацца ад кантэксту, вонкава сапраўды шмат смешнага, нездарма сітуацыя ўжо генеруе і несумненна будзе генераваць далей шмат мемаў. А плакаць — бо кантэкст усё ж нікуды не дзяваецца, і кантэкст гэты насамрэч трагічны.

Мусіць, нямала хто цяпер міжволі пакутліва задае сабе сакраментальнае пытанне, якое ў 1916 годзе з трыбуны расійскай Дзяржаўнай Думы некалькі разоў рытарычна задаў палітык Павел Мілюкоў, пералічваючы пралікі царскага ўрада: «Што гэта — дурнота ці здрада?» І ўсім хочацца, каб гэта ўсё ж была проста дурнота, але ёсць небеспадстаўныя асцярогі, што можа па выніку аказацца і здрадай. 

Будзем, аднак, усё ж спадзявацца, што найгоршых сцэнарыяў, пры якіх важныя канфідэнцыйныя звесткі, якімі валодае «Байпол», трапяць у рукі ворага і будуць выкарыстаныя ў расправе над апанентамі рэжыму, у выніку ўдасца пазбегнуць. Але пры любым раскладзе арганізацыя атрымае — ды ўжо і атрымала — такі рэпутацыйны ўдар, што пра далейшыя яе перспектывы ў дасягненні заяўленых мэтаў гаварыць будзе недарэчна. Рэалізацыя таго ж плана «Перамога» (зыходзім з таго, што ён рэальна ёсць, а не з’яўляецца блефам), калі б для таго наспелі неабходныя ўмовы, вымагала б вельмі высокага ўзроўню самаарганізацыі і каардынацыі, што немагчыма без безумоўнага даверу да арганізатараў.

Таму акурат такія арганізацыі, як «Байпол», не могуць дазволіць сабе ўляпвацца ў скандалы падобнага кшталту, бо для іх рэпутацыя мае першачарговае значэнне.

Супрацоўнічаць з «Байполам» сёння, знаходзячыся ў Беларусі, азначае падвяргаць сябе ды сваіх блізкіх вялізнай асабістай небяспецы, ісці на аграмадную рызыку. І для таго, каб гэта рабіць, нават самыя ідэйныя і самаахвярныя людзі мусяць разумець ды ўсведамляць, што гэта арганізацыя сур’ёзная, у якой уся праца пастаўлена на салідную прафесійную аснову, а людзі, якія ў ёй працуюць, думаюць перадусім пра інтарэсы беларускай справы, а не пра тое, як усіх спрытней распіхаць локцямі і самому сесці вышэй. 

У аснове аўтарытэту падобнай арганізацыі мусіць стаяць вера ў тое, што людзі з яе робяць усё, што ад іх залежыць, не разменьваюцца на дробязі і не займаюцца публічнай клаўнадай. Весела паназіраць за клаўнадай, узброіўшыся папкорнам і адпускаючы з’едлівыя каментары, могуць сабе дазволіць людзі, ніяк асабіста супрацоўніцтвам з арганізацыяй «незаплямленыя», або тыя, хто знаходзіцца ў бяспецы за мяжой.

А вось тым беларусам, што застаюцца ў Беларусі і ў свой час даверылі яшчэ аўтарытэтнаму «Байполу» свае асабістыя звесткі, зусім не смешна ўсведамляць, што задэклараваная надзейная сістэма бяспекі можа быць зусім дзіравай, доступ да канфідэнцыйных звестак пры бардаку, які ў арганізацыі творыцца, могуць займець, па сутнасці, выпадковыя людзі, і валоданне гэтымі звесткамі ды іх злівы ў любы момант могуць стаць аргументам у міжгрупавых разборках. Не кажучы пра тое, што імавернасць інфільтрацыі ў такую арганізацыю прамых агентаў рэжыму непараўнальна ўзрастае.

Таму, чым бы ні скончыўся гэты канфлікт, можна з вялікай доляй упэўненасці прагназаваць, што рэальныя ўплывы арганізацыі ён звядзе практычна да нуля. Структура, асноўная задача якой — арганізацыя і каардынацыя ўнутранага супраціву ў паняволенай краіне, не можа быць эфектыўнай без людскога даверу і гатоўнасці ў адпаведны момант за ёй пайсці ды чынна падтрымаць ініцыятывы, ставячы на карту ўласную свабоду, бяспеку, здароўе ды нават жыццё. А гэта ўсё занадта сур’ёзныя рэчы, каб маглі сумяшчацца з клаўнадай ці барацьбой за ўладу ўнутры структуры.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
бабруйчанін /адказаць/
10.06.2023
)) канспіралогія )) Скандал у " байполе" закранае офіс..Выступ заява блоХера прытулы ..які раптам??узгадал Беларусь.?В Украіне дзе зараз узарвалі ГЄС?? Самы Час? Заява " палка" ..Выпадкова?? Магчыма але неяк мэтанакіравана стварєнне " хвалі"..Нагадвае мєтады працы якіх прытрымліваеца сумна вядомы па сваей працы супраць Беларусі беларусау " дарадца" Параноя канспіралогія магчыма.Але назіранне за " палітыкай" в Украіне больш 13 год і узгадкі мінулага...Параноя адчуванне прадчуванне " чуйка" у падобны Час..дае падставы
10.06.2023
Дурнота ці здрада? - задае рытарычнае) пытанне Рэд.

а казаў жа мой муж... і казаў гэта яшчэ за колькі гадоў да 20-га года?

казаў - "если человек не знает, что делает /плохое/ и делает, то он дурак. а если знает, что делает /плохое/, но все равно делает, то он подлец"
1
Ня чуў пра гэты "супердуперскандал" і мне пофігу/адказаць/
10.06.2023
Пофігу, ўсе адно, усе беларусы - разам супраць лукашэнкі, і БДК і Полк Каліноўскага і Пагоня ўсе будуць разам ваяваць.
Так і тут, погляды розныя, мэта адна - знішчэнне рэжыма!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
26272829