Знайсці
08.06.2023 / 11:58РусŁacБел

Блогер Яўген Савін даў ацэнку беларускім футбалістам і паразважаў, хто мог бы стаць міністрам спорту

Вядомы расійскі блогер і былы футбаліст, які падтрымаў пратэсты ў Беларусі і нават займеў крымінальную справу за гэта, Яўген Савін у інтэрв'ю ютуб-каналу «ЧестнОК» расказаў пра розніцу паміж грамадзянскай пазіцыяй спартоўцаў Беларусі і Расіі і даў характарыстыку некаторым з беларускіх футбалістаў.

Яўген Савін падчас інтэрв'ю. Скрын відэа «ЧестнОК»

«У расійскім спорце мала хто можа сабе дазволіць сказаць, што думае, у адрозненне ад Беларусі»

На думку Савіна, кашмар, які распачаўся ў Беларусі пасля падзей 2020 года, можа быць рэалізаваны і ў Расіі.

«Падобнае плюс-мінус будзе адбывацца і ў Расіі. Мне з кожным годам усё больш здаецца, што ўсё, што хочуць выкарыстаць у Расіі, спачатку абкатваюць у Беларусі. Вы як іпадром для тэстаў. Там прайшло, задушылі. Там пракаціла, і ў нас пракаціць. Рэпрэсіі будуць і ў расійскім спорце».

Але Савін адзначае, што «ў расійскім спорце мала хто можа сабе дазволіць сказаць, што думае, у адрозненне ад Беларусі».

«Хамутоўскі — чалавек, які са сваёй харызмай, тыпажам і спартыўным бэкграўндам можа стаць міністрам спорту»

Блогер адзначае, што быць класным прафесійным футбалістам не азначае быць моцнай асобай.

«Гэта абсалютна розныя гісторыі. Хаця пэўныя задаткі для таго, каб стаць вялікім футбалістам, патрэбныя. Бесталковыя людзі, за рэдкім выключэннем, не дасягаюць вялікіх поспехаў у спорце, бо ён таксама дастаткова інтэлектуальны».

Калі гаварыць пра футбол, то на першае месца па гульні Яўген Савін ставіць Аляксандра Глеба, затым Арцёма Мілеўскага і Васіля Хамутоўскага.

Калі гаварыць пра асобаў, то на першым месцы будзе Васіль Хамутоўскі.

«Па маім меркаванні, гэта чалавек, які са сваёй харызмай, тыпажам і спартыўным бэкграўндам можа стаць міністрам спорту ці ўзначаліць федэрацыю футбола Беларусі. У яго ёсць і разуменне, і стрыжань».

«Глеб як асоба зрабіў тое, ад чаго ніколі ў жыцці не адмыецца»

Пра Глеба блогер разважае так: 

«Тое, што я бачу, чую, што мне расказваюць, там зямлю атрымаў і гэтак далей. Цяпер катаецца па Z-канцэртах, нейкіх турнірчыках у падтрымку таго, што адбываецца. Я думаю, што Аляксандр Глеб хіба што самы вялікі футбаліст у гісторыі беларускага футбола.

На яго шмат хто маліўся і раўняўся, заўзеў, як цяпер за Хвічу ў Грузіі. Той жа Хвіча выставіў пост супраць прыняцця закона аб замежных агентах у Грузіі. Такім чынам ён выступіў супраць урада Грузіі. І шмат хто з грузінскіх футбалістаў падтрымаў еўрапейскі вектар развіцця. А Глеб проста выбраў грошы».

Савін выказвае думку аб тым, што

«каб Глеб выбраў пазіцыю здаровага сэнсу і заступіўся за народ, які ўчора заўзеў за яго, а сёння яго п…яць на плошчах, то ў такім выпадку Глеб сапраўды стаў бы вялікай адзінкай. Але ён, як і шмат хто іншы, выбраў самы лёгкі шлях — проста прагнуцца, асесці каля карыта і здавальняцца тым, што яму сёння туды накідвае Лукашэнка і сённяшні рэжым».

Савін падкрэсліў, што ставіцца да Глеба як да вялікага футбаліста, а вось як асоба Глеб зрабіў тое, ад чаго «ніколі ў жыцці не адмыецца».

«Мне проста шкада Мілеўскага»

Адносна Арцёма Мілеўскага Савін заўважае, што ні ад аднаго чалавека не чуў пра яго нічога дрэннага, усе кажуць «класны хлопец», з харызмай, вясёлы, добры сябра.

Савін жа адзначае іншае:

«У Мілеўскага проста каласальны патэнцыял быў для таго, каб зрабіць кар'еру пасля футбола. Я ўпэўнены, каб ён узяўся за розум, пачаў усё з нуля, то шмат якія клубы хацелі б яго бачыць у сваёй структуры. Тусоўкі, «Ферары», гэта ўсё прайшло. Але ў яго проста неймаверная магчымасць цяпер зрабіць свой лёс.

І калі я гляджу яго фота ў інстаграме, як ён выглядае, у мяне проста адно пытанне: «Ну як можна ўсё пра…ць?» Мне проста яго шкада. Шкада, што ён плыве па плыні».

«Мяне раздражняе, калі людзі кажуць, што спорт па-за палітыкай»

На погляд Савіна, спорт у краінах, дзе ён амаль на 100 працэнтаў фінансуецца з бюджэту, не можа быць па-за палітыкай.

«Праблема беларускага і расійскага футбола ў тым, што немагчыма без дзяржаўнай згоды, бо ўвесь спорт дзяржаўны. І ўсе гэта разумеюць.

«Калі пачну нешта выказваць, то мяне выганяць з клуба, зборнай. У мяне не будзе потым ніякай будучыні пасля карʼеры». Вось і ўсё. Гэта сістэма, якая табе кажа: «Чувак, вось табе бабкі. Гуляй, атрымоўвай асалоду, кайфуй, зарабляй. Калі ты супраць, то ўсё страціш».

Савін адзначае:

«Футбол у Беларусі гэта і ёсць Беларусь. Падтрымліваеш Бацьку, гуляеш у «Дынамцы», атрымліваеш грошы. Не падтрымліваеш — максімум ты атрымліваеш 300 даляраў ці выязджаеш з краіны. Хіба гэта нармальна? Хіба гэта спорт па-за палітыкай?

Мяне раздражняе, калі людзі кажуць, што спорт па-за палітыкай. Вы паслухайце людзей, паглядзіце. Чалавек выступіў за легітымныя выбары ці адмовіўся падпісаць нейкі ліст, то яго трэба выкінуць са зборнай? Пра што мы кажам. Таму тут няма спорту, няма футбола. Тут у прынцыпе пра жыццё людзей. Калі гэта ўсё змяніцца, толькі тады мы зможам аб нечым размаўляць».

Віна датычна Украіны

Савін згадвае, што разам з расійскім блогерам Юрыем Дудзём яны абмяркоўвалі, ці ёсць у іх адчуванне таго, што яны маглі для сваёй краіны зрабіць больш.

«Магчыма больш відэа, больш казаць аўдыторыі. Мы ж людзі з немалой аўдыторыяй. І мы абодва згодныя, што так. Але так думае толькі адзін працэнт.

Я не кажу, што ўсе забойцы, але мне падаецца, што нармальная пазіцыя чалавека, грамадзяніна сваёй краіны, заключаецца ў тым, што маглі зрабіць нешта большае для свайго грамадства, якое бярэ аўтаматы і ідзе забіваць людзей».

Яўген Савін адзначае, што верыць у перамены і хацеў бы вярнуцца ў Расію і расійскі футбол, але ўжо з тым, каб у ім нешта сапраўды мяняць, выбудоўваць, мець магчымасць гэта рабіць.

«Я хацеў бы вярнуцца як нехта, хто можа прынесці карысць расійскаму футболу».

Чытайце яшчэ:

Блогер Яўген Савін расказаў, што на яго ў Беларусі завялі крымінальную справу

Як не даць сябе зламаць? Івулін — пра гатовых і не гатовых да зоны, віну перад іншымі вязнямі і карму лукашыстаў

Кіраўнік «Трыбуны» пра «пакаянні» футбалістаў: Адна рэч, калі супраць цябе крыміналка, іншая — калі ты запісваешся, каб зарабіць на міску пахлёбкі

Беларускіх футбалістаў прагоняць праз ідэалагічны таварыскі суд. Хто каго будзе судзіць?

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера