Знайсці
06.06.2023 / 22:284РусŁacБел

Праз сакрэтнасць як след не папярэдзілі нават сваіх. Як ДнепраГЭС двойчы падарвалі падчас вайны — спачатку рускія, а пасля немцы

Шырокамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну спараджае шэраг аналогій з падзеямі мінулых стагоддзяў, часам даволі жахлівых —ці то ад літаральнага супадзення, ці то ад невыкараняльнай бесчалавечнасці. Цяперашні падрыў Кахоўскай ГЭС не стаў выключэннем: Украіна ўжо аднойчы перажыла падобную, нават больш маштабную трагедыю.

175-метровы пралом у плаціне ДнепраГЭС, утвораны ў выніку падрыву савецкімі спецслужбамі. Фота: Wikimedia Commons

Рака Дняпро, якая працякае па раўнінах, нягледзячы на сваю даўжыню і вялікае значэнне, была заўжды досыць неглыбокай. Нават пасля работ, праведзеных па яе паглыбленні ў пачатку XX стагоддзя, вышэй і ніжэй за Кіеў глыбіня не дасягала метра. Мелася і іншая перашкода, якая замінала суднаходству з часоў антычнасці, — камяністыя парогі, там дзе рака прарываецца праз гранітны шчыт.

У XVIII стагоддзі купцы сплаўляліся праз парогі толькі ўвесну, у час разводдзя, і тое на невялікіх лодках, бо ўлетку і ўвосень парогі былі цалкам непраходнымі, у гэты час тавары перавозілі мінаючы парогі па сушы, а за імі зноў пагружалі на судны. 

Адзін з ранніх варыянтаў праекта ДнепраГЭС. Фота: Wikimedia Commons

Акурат пад выглядам вырашэння праблем суднаходства ў канцы XIX пачалі з’яўляцца праекты па стварэнні комплексу каскадаў, якія ў пачатку XX стагоддзя ператварыліся ў праекты гідраэлектрастанцый. Першы праект, аднак, не быў рэалізаваны праз пачатак Першай сусветнай вайны, але да яго вельмі скора вернуцца ўжо савецкія ўлады. 

У рамках маштабнага плана па электрыфікацыі краіны ў пачатку 1920-х пачалося праектаванне гідраэлектрастанцыі з прыцягненнем амерыканскіх спецыялістаў з кампаніі Х. Купер і К°. Інжынер Х’ю Купер, дарэчы, за сваю працу першым з замежнікаў быў удастоены ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. 

Будаўніцтва плаціны ў 1931 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Дняпроўская ГЭС стала ўсесаюзнай будоўляй, на якой акрамя «байцоў будпрацарміі» выкарыстоўвалася і бясплатная ды ненармаваная праца зняволеных. Будаўніцтва пачалося ў 1927 годзе, а ў 1932-м запусцілі першы агрэгат новай станцыі. Да 1939 года Дняпроўская ГЭС стала найбуйнейшай электрастанцыяй у Еўропе і трэцяй па магутнасці ў свеце. Памеры плаціны каласальныя: даўжыня склала каля 760 м, вышыня — 64 м. 

Будаўніцтва плаціны ў 1936 годзе. Фота: Wikimedia Commons

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны савецкія войскі адступалі ўглыб краіны з вялікім стратамі. Каб запаволіць ворага прымянілі знаёмую расійскай арміі яшчэ з часоў вайны 1812 года тактыку выпаленай зямлі, калі пры адступленні ворагу не пакідалася нічога, што ён бы мог выкарыстаць. На пакінутай тэрыторыі савецкімі войскамі знішчаліся заводы, жылыя дамы, масты, няскошаныя палі, склады харчавання і ГЗМ, чыгуначныя пуці і іншае.

Немцы імкліва прасоўваліся да Кіева і буйных індустрыяльных і партовых цэнтраў — Запарожжа, Мікалаева, Херсона, Адэсы, Ачакава. Да сярэдзіны жніўня 1941 года сілы нямецкай групы войскаў «Поўдзень» выйшлі да Дняпра на ўсім цячэнні ад Херсона да Кіева. Па ўспамінах начальніка Генеральнага штаба Сухапутных войскаў Германіі Франца Гальдэра, 17-18 жніўня 1941 года адна з нямецкіх танкавых дывізій стаяла ўжо на адлегласці каля кіламетра ад плаціны Дняпроўскай ГЭС.

Каб прадухіліць прарыў варожых войскаў суперніка па плаціне гідраэлектрастанцыі і не даць немцам у далейшым выкарыстоўваць з яе энергію, вырашылі ўзарваць плаціну ГЭС. Гэтае рашэнне захоўвалася ў сакрэце, а выбух падрыхтавала часць НКВД, якая займалася аховай асабліва важных аб'ектаў, у тым ліку Дняпроўскай ГЭС. Зрабілі гэта ў пачатку 1941 года, для чаго з Масквы самалётамі завезлі звыш 20 тон выбухоўкі. 

Увечары 18 жніўня савецкія падраздзяленні стрымлівалі наступленне і прыкрывалі адыход астатніх часцей, калі прыкладна ў 20:15 раздаўся моцны выбух, у выніку яго ў плаціне ўтварыўся пралом даўжынёй цэлых 175,5 м. З ГЭСа панеслася хваля каля 100 метраў у даўжыню і 30 метраў у вышыню.

Праз асаблівую сакрэтнасць армейскае камандаванне не папярэдзілі належным чынам. У выніку не толькі загінулі савецкія салдаты, якія перапраўляліся па плаціне, але таксама былі затопленыя значныя часткі войскаў ніжэй па цячэнні або былі адрэзаныя вадой і вымушаныя былі ўрэшце здацца ў палон немцам. 

Выканаўцаў, дарэчы, контрразведка прыняла за дыверсантаў і арыштавала, іх вызвалілі толькі пасля ўмяшання вышэйшага кіраўніцтва. Спачатку і само савецкае кіраўніцтва спрабавала ўсё зваліць на «варожых дыверсантаў», але ад гэтай версіі прыйшлося адмовіцца.

Пралом у плаціне Дняпроўскай ГЭС

Відавочца Фёдар Пігіда-Правабярэжны так апісваў падзеі:

«Вайсковы транспарт і людзі, якія ў гэты час рухаліся па дамбе, вядома, загінулі. Амаль трыццаціметровая лавіна вады пракацілася па Дняпроўскай пойме, змываючы ўсё на сваім шляху. Усю ніжнюю частку Запарожжа з вялізнымі запасамі розных тавараў, ваенных матэрыялаў, дзясяткамі тысяч тон харчовых прадуктаў і іншага змыла за лічаныя хвіліны. Дзясяткі суднаў, разам з камандамі, загінулі ў тым жудасным патоку. У Дняпроўскіх плаўнях на дзясяткі кіламетраў да Нікопаля і далей стаялі на пазіцыях [савецкія] ваенныя часці. Велізарная плынь наляцела нечакана. Загінула вялікая колькасць чырвонаармейцаў і афіцэраў з артылерыяй і ваенным рыштункам. Акрамя вайскоўцаў, загінулі ў плаўнях дзясяткі тысяч галоў жывёлы і шмат людзей, якія там былі на працы».

21 жніўня 1941 года амерыканская газета The New York Times выйшла з артыкулам на першай паласе аб падрыве дамбы Дняпроўскай ГЭС рускімі падчас адступлення. У ёй быў прыведзены каментарый дыпламата адной з краін гітлераўскай кааліцыі, які параўнаў такія дзеянні са «скарпіёнам, які ўкусіў сам сябе».

Выгляд з Дняпроўскага вадасховішча ў бок моста цераз Старое Дняпро, які злучаў правы бераг з востравам Хорціца

Сур'ёзнай шкоды нямецкім войскам падрыў плаціны не нанёс. У зоне паражэння арыенціровачна апынулася каля 450 тысяч чалавек: большая частка з 200 тысяч апалчэнцаў Запарожскай вобласці, стралковая дывізія (адзін з яе палкоў заставаўся на востраве Хорціца, насупраць плаціны), полк НКВД, два артылерыйскія палкі, а таксама больш дробныя падраздзяленні, асабовы склад якіх сумарна налічваў звыш 20 тысяч байцоў, а таксама ў гэты час ад Нікаполя да Кахоўкі і Херсона пачаўся адыход на левы бераг дзвюх агульнавайсковых армій і кавалерыйскага корпуса, у якіх налічвалася 150-170 тысяч вайскоўцаў. Акрамя вайскоўцаў ад раптоўнай паводкі пацярпелі жыхары нізінных вуліц Запарожжа, сёлаў на абодвух берагах Дняпра, а таксама шматлікія ўцекачы.

Плаціна электрастанцыі, пасля таго як з Дняпроўскага вадасховішча выцекла ўся вада. На пярэднім плане бачныя скалістыя дняпроўскія парогі, якія на працягу гісторыі заміналі суднаходству. Фота: Wikimedia Commons

Але дакладных звестак пра колькасць ахвяр сярод савецкіх салдат і цывільных няма: іх ацэньваюць то як некалькі тысяч, то ад 20 да 100 тысяч чалавек. Гэта без уліку тых чырвонаармейцаў, якія патрапілі ў палон. Але методыка гэтых ацэнак крытыкуецца за недастатковую абгрунтаванасць: па-першае, у час вайны цяжка даведацца дакладна, хто і якой смерцю памёр; па-другое, вялікая паводка часцяком забірае сваіх ахвяр з сабой. Таксама існуе меркаванне, што перад падрывам плаціны праводзіўся скід вады, што дазволіла пазбегнуць больш значных разбурэнняў.

Спосаб, якім вывелі са строю ўсё абсталяванне станцыі, прыводзіў у захапленне Альберта Шпеера, міністра ўзбраення Германіі і «прыдворнага» архітэктара Гітлера. 

«Наведаў я і ўзарваную электрастанцыю ў Запарожжы. Пры сваім адступленні рускія вывелі са строю абсталяванне вельмі простым і характэрным чынам: пераключэннем размеркавальніка змазкі пры поўным рэжыме працы турбін. Пазбаўленыя змазкі, машыны распаліліся і проста зжэрлі самі сябе, ператварыўшыся ў груду непрыдатнага металалому. Вельмі эфектыўны сродак разбурэння, і ўсяго толькі простым паваротам дзяржальні адным чалавекам».

Адноўленая немцамі плаціна Дняпроўскай ГЭС у чэрвені 1942 года. Фота: Wikimedia Commons

Немцы хуткімі тэмпамі правялі аднаўленчыя работы, выкарыстоўваючы працу ваеннапалонных. Больш за 3000 чалавек былі пакараныя смерцю на будоўлі. Ужо ў красавіку 1942 года аднавіў працу адзін з гідраагрэгатаў. Новае абсталяванне, праўда, давялося везці з Германіі. Сама плаціна была адноўленая да лета 1942 года. У сувязі з гэтым цяперашнія заявы ўкраінскіх гідраэнергетыкаў, што Кахоўская ГЭС «цалкам разбураная і аднаўленню не падлягае», выглядаюць упадніцкімі: як пабудавалі калісьці, так і пасля адбудуюць, нават хутчэй, чым можа падавацца.

Разбураная машынная зала Дняпроўскай ГЭС у 1943 годзе. Фота: Wikimedia Commons

У 1943 годзе пачаўся савецкі контрнаступ і цяпер ужо немцы сталі рыхтаваць падрыў Дняпроўскай ГЭС. Зроблена гэта было яшчэ ў сакавіку, за паўгода да рэальнага адступлення з Запарожжа. Каля 200 тон выбухоўкі і авіяцыйныя бомбы мусілі цалкам знішчыць станцыю. Але савецкім сапёрам і разведчыкам удалося пашкодзіць частку правадоў, якія ішлі да дэтанатараў. Падарваная была толькі частка плаціны, але моцна пацярпелі будынак ГЭС і ўсё абсталяванне. Цалкам адноўленая электрастанцыя была толькі ў 1950 годзе, хоць першы з пастаўленых амерыканцамі гідраагрэгатаў запрацаваў ужо ў 1947 годзе.

Дняпроўская ГЭС у 1947 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Як двойчы паказала гісторыя на прыкладзе Дняпра, падрыў плацін зусім не ваенны поспех — гэта адчайны крок войскаў, якія бягуць і не могуць больш ніяк інакш нашкодзіць суперніку. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Кіраўнік «Укргідраэнерга» апісаў два сцэнары развіцця падзей на Кахоўскай ГЭС

Што неабходна ведаць пра Кахоўскую ГЭС і да чаго можа прывесці яе падрыў

«Ні вадой, ні ракетамі не спыніць Украіны». Зяленскі пракаментаваў падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС 

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Праўда/адказаць/
07.06.2023
Расея — проста новая нацысцкая Нямеччына.
0
Індыя/адказаць/
07.06.2023
То бок, аналізуючы загаловак, нн лічыць што супраць немцаў ваявалі толькі рускія
0
Чужы/адказаць/
07.06.2023
Можа гэта былі не свае?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031