Знайсці
05.06.2023 / 21:427РусŁacБел

Лукашук пра тое, як выглядае нацыянальная ідэя ва ўмовах вымушанага падзелу беларускага грамадства

Журналіст і аўтар серыі кніг пра нацыянальную ідэю Зміцер Лукашук паразважаў у эфіры перадачы «Трэба пагаварыць» «Белсата» пра пошук беларускай нацыянальнай ідэі і пагрозу новага падзелу беларусаў.

Зміцер Лукашук у часе інтэрв'ю. Стоп-кадр відэа «Белсат»

Як шукаў беларускую нацыянальную ідэю

Як згадвае Зміцер Лукашук, да неабходнасці пошуку нацыянальнай ідэі ён разам з аднадумцамі прыйшоў у 2018 годзе. Падставай для гэтага сталі падзеі 2014 года ва Украіне.

«Нягледзячы на тое, што Украіна страціла частку Данбаса, страціла Крым, украінцы ўзняліся і баранілі сваю краіну, сваю нацыю і сваю годнасць. У нас узнікла пытанне аб тым, што адбудзецца, калі раптам гэты рускі свет з такімі ж самымі мэтамі прыйдзе і ў Беларусь. Што скажуць беларусы? Што яны будуць рабіць? Што іх зможа аб'яднаць? Якая ідэя, мэта, ідэалы прымусяць іх стаць на абарону сваёй Бацькаўшчыны? Ці ёсць нейкая нацыянальная ідэя, якая прымусіць бараніць сваё?»

— дзеліцца сваімі развагамі Лукашук.

Гэта прывяло да таго, што на «Еўрапейскім радыё», дзе працуе Лукашук, вырашылі паразважаць на тэму нацыі, нацыянальнай свядомасці, нацыянальнай ідэнтычнасці і нацыянальнай ідэі.

«У нас пастаўлена была такая мэта — не абмяжоўвацца толькі мыслярамі, філосафамі, дасведчанымі людзьмі. Было вырашана, што апроч іх будуць музыканты, паэты, пісьменнікі, рэкламісты і эканамісты і гэтак далей. Каб кожны мог выказаць сваё бачанне і быў створаны спектр меркаванняў, нейкі калейдаскоп, з якога можна было б выбіраць», — адзначае журналіст.

Што ляжыць у аснове разважанняў пра беларускую нацыянальную ідэю

Зміцер Лукашук згадвае, што пасля выхаду другой кнігі пра нацыянальную ідэю, тэксты дзвюх кніг былі апрацаваны спецыяльнай праграмай з мэтай пошуку асноўных тэрмінаў і слоў, якія найбольш паўтараюцца. У выніку такімі словамі былі мова, незалежнасць, свабода.

Уплыў падзей 2020 года на беларускую нацыянальную ідэю

Макет першай кнігі, у якой былі сабраныя інтэрвʼю з рознымі людзьмі аб беларускай нацыянальнай ідэі, быў гатовы ў ліпені 2020 года. На пачатку жніўня былі думкі не выдаваць кнігу, бо нацыянальная ідэя прысутнічала на вуліцах беларускіх гарадоў, і адукоўваць людзей ужо не было патрэбы. Але было вырашана справу завяршыць і кнігу выдаць.

«У пачатку лістапада, калі ўжо было страшна ладзіць нейкія акцыі, мы арганізавалі прэзентацыю кнігі. Нягледзячы на небяспеку, зала была поўнай. І што цікава, калі раней на такіх мерапрыемствах амаль на сто адсоткаў прысутнічалі тыя людзі, якіх ты даўно ведаеш, то цяпер я прыйшоў на прэзентацыю і амаль 90% людзей бачыў першы раз. Сапраўды, падзеі 2020 года абудзілі людзей»,

— адзначае Лукашук.

Колькі нацыянальнага складніка было ў пратэстах

Лукашук адзначае, што большасць людзей, якія выйшлі на вуліцы, узялі ў рукі бел-чырвона-белы сцяг ці ўзброіліся воклічам «Жыве Беларусь», абсалютна не разумеючы ні іх каштоўнасці, ні іх нацыянальнай важнасці, значнасці, не ведаючы гісторыі.

«Для іх гэта быў не нацыянальны, гісторыка-культурны знак, а знак пратэсту. Не больш за тое. Таму ад пачатку нічога нацыянальнага ў гэтым руху не было. Усё паступова мянялася. Калі людзі спачатку на знак пратэсту ўзялі бел-чырвона-белы сцяг, то пазней яны прыходзілі на дваровыя сустрэчы, слухалі беларускія гурты і былі здзіўленыя, што такое ў Беларусі ёсць.

Гэта выклікала цікаўнасць у людзей, і яны пачалі нейкім чынам шукаць інфармацыю. Да таго ж на сустрэчах прапаноўваліся розныя беларускія выданні. Але мяне больш за ўсё ўразіла тое, што людзі нават слухалі філасофскія развагі і лекцыі Мацкевіча», — згадвае журналіст.

Падзел паміж беларусамі і дзве версіі нацыянальнай ідэі

Калі раней у аснове падзелу беларускай нацыі была мова ці стаўленне да бел-чырвона-белага сцяга, то цяпер, лічыць Лукашук (пры гэтым спасылаючыся на Альгерда Бахарэвіча), больш страшны падзел на тых, хто зʼехаў, і тых, хто застаўся.

«Можна на гэтую тэму спрачацца. Але ёсць умоўная мяжа, якую выбудаваў рэжым Лукашэнкі. З аднаго боку, у Беларусі засталася частка грамадства, якая супраць рэжыму, якая знаходзіцца на беларускацэнтрычнай пазіцыі. З другога боку — тыя, хто знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.

Жыццё ідзе і мы рухаемся наперад уздоўж гэтай умоўнай мяжы. Час ідзе і мы паступова разыходзімся. І мы кажам: «Муры рухнуць, мы вернемся». Але мы будзем розныя. Блізкія, але ўжо розныя. На адну частку грамадства будуць накладацца рэпрэсіі і ўмовы, у якіх яны жылі ўвесь гэты час. А на другую — уменне свабодна рабіць, што хочаш, і немагчымасць далучыцца да таго, што ты пакінуў у Беларусі»,

— дзеліцца сваім поглядам Лукашук.

Журналіст адзначае, што цяпер з прычын бяспекі не адбываюцца непасрэдныя кантакты «Еўрапейскага радыё» з тымі, хто застаўся ў Беларусі, таму фармаванне нацыянальнай ідэі ідзе толькі сярод людзей, якія знаходзяцца альбо ў выгнанні, альбо на вайне.

«І мы не ведаем, ці падыдзе яна ў пэўны час пад тыя ўмовы, што будуць у Беларусі. Магчыма, там таксама ідзе фармаванне свайго бачання. І калі прыйдзе час, мы паспрабуем гэта сумясціць. У мяне ёсць спадзяванне на тое, што атрымаецца падкарэктаваць два погляды, каб зʼявілася адно бачанне нацыянальнай ідэі»,

— заўважае журналіст.

Чытайце яшчэ:

Беларуская нацыянальная ідэя і калі нам яе адзначаць?

Рэйтынг трох самых абсурдных выказванняў пра нацыянальную ідэю

Сяргей Абламейка. Як я разумею беларускую нацыянальную ідэю

Антось Жупран

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
24
Панылы сорам
1
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
8
2
Беларус з Марса/адказаць/
06.06.2023
[Рэд. выдалена]
3
Еўрабачанне/адказаць/
06.06.2023
Усе шукае ідэю нацыянальную, ды нешта ўсё па-за межамі Беларусі. Лукашук, не займайся ерундой. Падзел у тваёй башцэ
0
Анатоль /адказаць/
06.06.2023
Зміцер!Той хто не чуў ад сваёй бабулі такіх слоў, як напрыклад:"Уставай снедаць.Патэльня з дранікамі на прыпечку,відэлец ведаеш дзе ўзяць".Хто па сля гэтых слоў не ўскаваў з ложку і не засцілаў яго бабуленым калючым саматканы дываном,а потым не мыў рукі і твар калодзежнай вадой з вісячага на сцяне алюмініевага рукамойніка - той не пойме.Тым не менш сведак тых продкаў,іх культуры,традыцый і самаідэнтычнасці вельмі шмат.Шкада толькі,што змена пакаленняў дзякуючы вядома каму і чаму ўсё больш і больш адцягваюць вагі нацыянальнай ідэі ў іншы бок! Напрыканцы хацелася б падзякаваць вам спадар Зміцер за вашую натхнёную працу!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930