Выкладчыка катэхізіса Уладзіслава Беладзеда арыштавалі на 15 сутак
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска прайшло пасяджэнне па справе Уладзіслава Беладзеда, выкладчыка катэхізіса Мінскага Архікафедральнага сабора па арт. 19.11 КаАП (Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў), пра гэта піша «Хрысціянская візія».
Беладзед быў затрыманы 31 мая 2023 года. Паводле «Хрысціянскай візіі», ён падвергнуўся «бесчалавечнаму і зневажальнаму годнасць абыходжанню». Родныя на судзе звярнулі ўвагу на сляды збіцця.
Верніка прымусілі запісаць відэа, дзе ён выглядаў прыгнечана. У прапагандысцкім відэа пра яго выказваліся ў зневажальным тоне, прымушалі агаворваць сябе, а таксама дэманстравалі фота і відэа, скіраваныя на дыскрэдытацыю яго ў вачах вернікаў.
У папярэдніх паведамленнях Беладзеда называлі семінарыстам. Аднак курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з адмысловай заявай, у якой зняпраўдзіла гэта.
У заяве таксама паведамлялася, што ў сувязі з распаўсюджанай інфармацыяй у сродках масавай камунікацыі, Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі распачала кананічнае расследаванне.
Тыдзень таму пачаўся віток рэпрэсій супраць беларускіх святароў. Сярод затрыманых уніяцкі святар Алесь Шаўцоў, ксёндз Андрэй Кулік з Мёраў і ксёндз Вячаслаў Адамовіч з Мёрскага раёна. Пасля стала вядома, што Алесь Шаўцоў атрымаў 15 сутак арышту.





