СБУ затрымала агента беларускага КДБ. Кажа, ён шпіёніў за паўночнай мяжой Украіны
Служба бяспекі паведаміла, што выкрыла яшчэ аднаго агента.
Фота: СБУ
Інфарматарам выявіўся грамадзянін Беларусі, які мае дазвол на пастаяннае жыхарства ва Украіне і доўгі час пражывае на Ровеншчыне.
У пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ, як сцвярджае СБУ, ён быў завербаваны супрацоўнікам беларускага КДБ і ажыццяўляў разведвальна-падрыўную дзейнасць супраць Украіны.
Задачай агента быў збор даных аб абароне паўночных межаў Украіны і маршрутах перамяшчэння ваеннай тэхнікі.
Супрацоўнікі СБУ затрымалі чалавека па месцы яго жыхарства падчас чарговай спробы перадачы інфармацыі ў Беларусь.
Фота: СБУ
Выяўлена, што ў поле зроку беларускага КДБ ён трапіў як былы камандзір падраздзялення дэсантна-штурмавых войскаў Савецкага Саюза. Тады ён прымаў актыўны ўдзел у баявых дзеяннях у Афганістане.
Для выканання разведвальных заданняў на Ровеншчыне ён абыходзіў памежную тэрыторыю і назіраў за перамяшчэннем Сіл абароны, пра гэта паведамляе СБУ.
На падставе сабраных доказаў затрыманаму паведамілі аб падазрэнні.
Цяпер ён знаходзіцца пад вартай. Працягваецца расследаванне для выяўлення ўсіх абставінаў злачынства.





