Знайсці
31.05.2023 / 14:317РусŁacБел

Чым запомніўся былы гродзенскі мэр, якога цкавалі ў тэлеграм-каналах лукашысты

Учора новым мэрам Гродна стаў былы міністр ЖКГ Андрэй Хмель. Яго папярэднік Мечыслаў Гой узначальваў горад амаль дзевяць гадоў. Чым запомніліся апошнія гады кіравання чыноўніка, як той павёў сябе ў 2020-м і за што яго ненавідзела Бондарава.

Былы мэр Гродна Мечыслаў Гой. Скрыншот відэазвароту ў жніўні 2020-га

Паходзіць з самага польскага раёна Беларусі

Мечыслаў Браніслававіч Гой быў мэрам Гродна з 11 жніўня 2014-га. Сам ён родам з вёскі Шлавенцы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Каля 80% насельніцтва гэтага раёна складаюць этнічныя палякі.

Лічыць сабе 59-гадовы Мечыслаў Гой палякам ці не, дакладна невядома, але блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал «Гродзенскія злівы» не саромеўся публікаваць допісы ў бок чыноўніка, якія прыніжаюць па нацыянальнай прыкмеце.

Так, напрыклад, можна адшукаць допіс за снежань 2019 года, дзе яго папракалі за тое, што ён прапануе прадаць будынак былога гродзенскага піўзавода не каму-небудзь, а менавіта польскім інвестарам.

Прылятала Гою і за камунікацыю з незалежнымі медыя і актывістамі.

Адстаўка Гоя — свята для Бондаравай

Але куды больш увагі асобе ўжо былога мэра надавала прарасійская блогерка Вольга Бондарава. Яна часта публічна негатыўна выказвалася ў адрас Гоя і не трапляла пад рэпрэсіі за гэту крытыку.

Прарасійскую актывістку верне не толькі ад усяго беларускага, але і, натуральна, ад усяго польскага. У сваім канале яна публікавала допісы са здымкамі надмагільных помнікаў, шыльдаў і дарожных знакаў, на якіх прысутнічалі надпісы на польскай мове, і дакарала за іх «пана Гоя», як яна называла чыноўніка.

Чыноўнік часцяком патрапляў пад раздачу ад Бондаравай, але праз тое, што тэлеграм час ад часу выдаляе яе каналы, аднавіць усё карціну немагчыма.

Зрэшты, хапае і свежых допісаў.

Літаральна за дзень да зняцця Гоя з пасады Бондарава абуралася, што новаму ЖК у Гродне далі назву ў гонар каралевы Боны Сфорца. 

Паліванне брудам постаці каралевы скончылася наступнымі словамі: «Падобна, Гой канчаткова вызначыўся з юрысдыкцыяй Гродна. І гэта не РБ», — напісала інфаказачка ў сваім канале.

Ужо пасля таго, як стала вядома, што Гой больш не будзе мэрам, яна назвала наданне новаму ЖК імя Боны прапольскай правакацыяй.

На думку аматаркі рускага свету, гэта было нішто іншае, як «гучнае ляпанне дзвярыма зрушанага з пасады гродзенскага мэра». 

Зняцце Мечыслава Гоя з пасады мэра стала для Бондаравай падзеяй радаснай і доўгачаканай.

Інфаказачка напісала, што ў яе памяці Гой застанецца мэрам, які прымусіў сілавікоў выбачацца перад «бэчэбесамі» і выпусціў усіх «дзяржпераваротчыкаў». Да допісу яна прымацавала відэатрансляцыю з мітынгу ў Гродне 12 жніўня 2020 года, на якім кіраўніцтва горада выйшла на дыялог з пратэстоўцамі.

Выйшаў да народу на плошчу

Выступ на тым мітынгу Гоя і сам факт таго, што мясцовыя ўлады пайшлі на саступкі і, прынамсі, рабілі выгляд, што намагаюцца весці дыялог з пратэстоўцамі, запомніўся не толькі Бондаравай, але і гараджанам.

Бліжэй да канца сустрэчы Гой дзякаваў гродзенцам за тое, што акцыі перайшлі ў мірны дыялог.

«Як бы там ні было, гэта мірны дыялог без затрыманняў, без кровапраліццяў. Я вам яшчэ раз паўтараю — гарантую бяспеку, але з вашай дапамогай, што ў нас будуць праходзіць нармальныя мірныя мітынгі без усялякіх парушэнняў», — казаў тады Гой.

Далей Гоя спыталі, ці прызнае асабіста ён той факт, што выбары былі сфальсіфікаваныя. На што ён адказаў, што сумленнасць выбараў ацэньвае ЦВК.

Пасля адказу на гэтае пытанне Гой сышоў з плошчы пад воклічы «здраднік народа» і «сыходзь».

Ці дзякуючы Гою Гродна на некалькі дзён стаў вольным горадам?

Тым не менш Гродна на некалькі дзён стаў адзіным горадам, дзе ўлады дазволілі праводзіць мітынгі. Але «адліга» доўжылася нядоўга. З 20 жніўня мітынгі зноў аказаліся па-за законам.

Некаторыя лічаць, што Гродна тады стаў вольным на некалькі дзён горадам менавіта дзякуючы Мечыславу Гою. Але гродзенскі журналіст Руслан Кулевіч у інтэрв'ю «Нашай Ніве» выказваў меркаванне, што дазволіць мітынгі наважыўся тагачасны старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, за што ён і быў зняты з пасады ўжо 22 жніўня 2020 года.

Кулевіч казаў, што, па ягонай інфармацыі, у выканкаме нават хадзілі чуткі, што пры сустрэчы з Краўцовым Лукашэнка даў яму аплявуху за тое, што той дазволіў праводзіць мітынгі.

Некаторыя гарадзенцы з сумам згадваюць тую сустрэчу з мэрам на плошчы ў жніўні 2020-га. Частка людзей лічыць, што перайдзі тады Мечыслаў Гой на бок народа, рэвалюцыя 2020 года магла займець цалкам іншы вынік, бо такі крок чыноўніка высокага рангу мог бы паслужыць штуршком для іншых. Але ў выніку Мечыслаў Гой застаўся верны рэжыму Лукашэнкі.

Тым не менш многія гараджане, з якімі мы абмяркоўвалі ягоную асобу, адзначалі, што ён быў неблагім па беларускіх мерках чыноўнікам, які мог ісці на кантакт з прадстаўнікамі бізнэсу і простымі грамадзянамі.

Патэлефанаваць мэру мог не толькі журналіст Кулевіч, але і вядомы гродзенскі блогер Вадзім Ермашук (Vadimati). Кулевіч выехаў з Беларусі і цяпер жыве ў Польшчы, а Ермашуку ў снежні 2021 года прысудзілі тры гады зняволення — яго абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі» і «здзеку з дзяржаўных сімвалаў». 

Чытайце таксама:

«Званіў мэру з аўтазака. Цяпер уяўляю, як дабягу да Гродна і пацалую брукаванку». Вялікая гутарка з журналістам Русланам Кулевічам

Даніла Луцкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
24
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
16
Сумна
14
Абуральна
10
0
даведка/адказаць/
31.05.2023
Представляю себе реакцию Бондаревой, если пан Гой возглавит местную структуру партии «Белая русь».
0
Паляшук/адказаць/
31.05.2023
даведка, бобоша радасна і скрэпна крыкне "Гой - да!" :)
0
даведка/адказаць/
01.06.2023
При нём областной центр буквально изуродовали убогими многоэтажками с социальным жильём и архитектурой.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930