Знайсці
30.05.2023 / 08:312РусŁacБел

Мужчына вучыўся 54 гады ва ўніверсітэце, каб атрымаць дыплом. Чаму так доўга?

На мінулым тыдні 71-гадовы Артур Рос выйшаў на сцэну Універсітэта Брытанскай Калумбіі (UBC), каб атрымаць ступень бакалаўра мастацтваў — праз больш за пяць дзесяцігоддзяў пасля пачатку вучобы. Рос адзначыў, што ён, хутчэй за ўсё, «самы павольны» студэнт у ванкуверскім універсітэце.

Фота: UBC

Але цалкам верагодна, што ён таксама можа быць самым павольным ва ўсім свеце. Яму спатрэбілася роўна 54 гады, каб атрымаць ступень — на два гады больш, чым рэкардсмену Кнігі рэкордаў Гінеса Роберту Кроніну, які паступіў на факультэт біялогіі Прынстанскага ўніверсітэта ў 1948 годзе і скончыў яго ў 2000 годзе, піша Бі-бі-сі.

Але Рос адзначыў, што не гоніцца за сусветным рэкордам. Сапраўднай узнагародай, па яго словах, былі веды, якія ён атрымаў падчас заняткаў.

«Я проста хацеў вучыцца, бо мне было цікава», — расказаў ён Бі-бі-сі. Якраз гэтае жаданне вучыцца, па яго словах, натхніла яго завяршыць вучобу і атрымаць ступень пасля столькіх гадоў.

Калі Рос далучыўся да UBC у 1969 годзе, ЗША толькі што высадзілі першага чалавека на Месяц, а The Beatles збіраліся выпусціць свой альбом Abbey Road.

З ягоных слоў, тады ён толькі што скончыў сярэднюю школу і «ні на чым не засяроджваўся». Рос далучыўся да тэатральнага клуба ў студгарадку, дзе праявіў цікавасць да акцёрскага майстэрства.

Пасля двух гадоў навучання ў UBC Рос вырашыў змяніць спецыяльнасць і пераехаў у Манрэаль, дзе пачаў вучобу ў Нацыянальнай тэатральнай школе.

Ён скончыў навучанне і атрымаў адпаведны сертыфікат. Але неўзабаве ён зразумеў, што не бачыць сябе ў акцёрскай кар'еры.

«Я вырашыў: можа быць, мне варта пайсці на юрыдычны факультэт і стаць юрыстам», — сказаў ён.

Артур Рос у 1969 годзе. Фота: UBC

Рос вярнуўся ў UBC, каб прайсці яшчэ адзін год навучання — для паступлення на юрыдычны факультэт неабходна было папярэдне вучыцца тры гады. Ён быў прыняты на юрыдычны факультэт Універсітэта Таронта, дзе атрымаў ступень доктара права.

Паводле яго слоў, у яго была паўнавартасная юрыдычная кар'ера на працягу 35 гадоў, а ў 2016 годзе ён сышоў на пенсію.

Тады Рос вырашыў, што, магчыма, прыйшоў час завяршыць тое, што ён пачаў амаль пяць дзесяцігоддзяў таму.

«У мяне ў галаве заўсёды была думка: можа быць, калі-небудзь ты вернешся ва ўніверсітэт і пачнеш працаваць над атрыманнем ступені».

Рос вучыўся ў сваім уласным тэмпе, складаючы адзін курс за адным — аж да завяршэння навучання.

Ён вырашыў засяродзіць свае даследаванні на гісторыі — даведацца больш пра Першую сусветную вайну, ён быў натхнёны нямецкай операй «Электра» 1909 года.

«Гэта пустая трата — не скарыстацца магчымасцю вывучыць нешта, што вас цікавіць, — кажа ён. — Мне была дадзена магчымасць, і я ёю скарыстаўся».

За тыя гады, што Рос не быў у UBC, ва ўніверсітэце сёе-тое змянілася. Па-першае, разросся студгарадок, а па-другое, пасля выхаду на пенсію яму ўжо не трэба было плаціць за вучобу.

Таксама сямімільнымі крокамі развіваліся тэхналогіі — гэта дазволіла яму, як і большасці студэнтаў падчас пандэміі Covid-19, завяршаць некаторыя курсы анлайн.

Пасля шасці гадоў навучання Рос адзначыў, што быў вельмі рады выйсці на сцэну і атрымаць дыплом, які адзначыў яго дасягненні.

«Я быў на ўсіх выпускных вечарах маіх дзяцей», — сказаў ён. Цяпер надышла чарга яго сям'і святкаваць разам з ім.

Рос не спяшаецца будаваць планы на будучыню.

«Мая дачка кажа, што мне таксама варта атрымаць ступень магістра, — кажа ён і дадае, што пакуль не вырашыў, ці будзе гэта рабіць. — Я рады ўжо таму, што дасягнуў таго, чаго дасягнуў».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
30.05.2023
prosta *hvory* czalavek....
0
Казік/адказаць/
30.05.2023
Малайчына! Чалавек без комплексаў "мне ўжо позна" займаецца тым, да чаго ляжыць душа. Усім бы так
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера