У Варшаве стварылі мурал у гонар Міраслава Лазоўскага
Пабачыць мурал з выявай нядаўна загінулага ваяра-каліноўца Міраслава Лазоўскага можна на пляцоўцы задняга дворыка Музея Вольнай Беларусі на вуліцы Foksal, 11, як паведамляе арганізацыя «Рух».
Фота: t.me/ruchbelnac
Міраслаў Лазоўскі — адзін з пяці байцоў-каліноўцаў, якія нядаўна загінулі пад Бахмутам. Ён нарадзіся ў Мінску, яго бацька паходзіць са Случчыны, а мама — з Магілёўшчыны. Скончыў ён Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.
У 1995 годзе Міраслаў уступіў у заснаванае Міколам Статкевічам «Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў», у тым жа годзе стаў адным са стваральнікаў «Белага легіёна» — ваенізаванай патрыятычнай арганізацыі, мэтай якой была дапрызыўная падрыхтоўка моладзі.
Сябры «Белага легіёна» былі актыўнымі ўдзельнікамі мітынгаў і шэсцяў у 1996-1999 гадах. Арганізацыя сышла ў падполле на пачатку 2000-х.
Апошні раз згадкі пра «Белы легіён» з'яўляліся ў 2017 годзе. Тады Лазоўскага і былых кіраўнікоў арганізацыі затрымалі па «справе патрыётаў», аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты.
У 2013 годзе Міраслаў Лазоўскі заснаваў кніжную серыю «Беларусь у войнах», яе мэтай ён называў распаўсюджванне навукова-папулярных выданняў аб гісторыі Беларусі.
Працаваў інжынерам, а пасля — у выдавецтве «Кнігазбор», якое зліквідавалі ўлады ў студзені 2023 года.
Міраслава Лазоўскага пахавалі 26 мая ў Кіеве. Імёны іншых чатырох каліноўцаў, якія загінулі разам з ім, пакуль не называюць.
Чытайце таксама:
«Зусім трохі не дайшоў». Пабрацім Міраслава Лазоўскага пра яго гібель





