Латвія святкуе перамогу ў хакеі. Сейм раптоўна аб'явіў 29 мая непрацоўным днём
У ноч з нядзелі на панядзелак дэпутаты Сейма прынялі папраўкі да закону аб святочных і памятных днях. Панядзелак, 29 мая, у гонар трэцяга месца зборнай Латвіі на Чэмпіянаце свету па хакеі, аб'яўлены святочным днём.
Рашэнне было прынята проста ў апошні момант, каля паўночы. Перад гэтым, па даных Delfi.lv, ішлі інтэнсіўныя кансультацыі па тэлефоне. У выніку за прыняцце законапраекта прагаласавалі 52 дэпутаты, супраць не прагаласаваў ніхто, устрымаліся — трое.
Сёння хакеістаў чакаюць у Рызе, на 13-ю гадзіну запланавана святочнае мерапрыемства ля Помніка свабоды. Улічваючы размах святкаванняў, мяркуецца, што ў цэнтры Рыгі можа быць ускладнены рух транспарту і пешаходаў.
У матчы ЧС-2023 за трэцяе месца зборная Латвіі перамагла каманду ЗША (4:3 у авертайме) і ўпершыню ў гісторыі заваявала бронзавыя медалі. Галкіпер Артур Шылаў прызнаны найлепшым гульцом турніру.





