Знайсці
08.06.2023 / 20:374РусŁacБел

Тэлеграм-каналы якіх СМІ карыстаюцца найбольшай папулярнасцю

Склалі рэйтынг папулярнасці тэлеграм-каналаў беларускіх СМІ. 

На чым грунтуецца рэйтынг?

Рэйтынг папулярнасці беларускіх тэлеграм-каналаў у катэгорыі «Навіны і СМІ» пабудаваны з дапамогай сэрвісу tgstat.com. Пад увагу бяруцца такія паказчыкі, як агульная колькасць падпісантаў, ахоп допісу (узровень уцягнутасці аўдыторыі), індэкс цытавання і аб'ём кантэнту, прысвечаны падзеям у Беларусі.

Адзначым, што не ўсе каналы, якія там прыводзяцца, мы ўключалі ў рэйтынг. Так, напрыклад, cамы папулярны беларускі тэлеграм-канал Nexta live, на які падпісана амаль 1,2 мільёна чалавек і які лідзіруе па індэксе цытавання, не з'яўляецца СМІ. Працэнт допісаў, прысвечаных падзеям у нашай краіне, там таксама невялікі.

«Беларускі гаюн» з 527 тысячамі падпісчыкаў таксама не з'яўляецца СМІ ў звыклым разуменні. Асноўная мэта канала — перадаваць інфармацыю пра ваенную актыўнасць у Беларусі. 

Па падобных прычынах у топ мы не ўключалі такія выключна папулярныя каналы, як Nexta, «Беларусь галаўнога мозга» ці «Матолька Дапамажы».

Скрыншот з сайта by.tgstat.com

У рэйтынг мы таксама не ўключалі шэраг каналаў з нібыта вялікай аўдыторыяй, якія адразу па некалькіх прыкметах маюць «смеццевае» паходжанне. Падрабязней пра такія каналы з дзясяткамі тысяч падпісантаў мы напішам у нашым наступным матэрыяле па тэме. 

«Зеркала»

Калі казаць менавіта пра каналы беларускіх СМІ, то першае месца па папулярнасці нязменна займае тэлеграм-канал «Зеркала». На бягучы момант у яго больш за 274 тысячы падпісчыкаў. Сярод іх 51% праглядае допісы, 49% робіць гэта цягам сутак пасля публікацыі. Сярэдні ахоп публікацыі складае амаль 138 тысяч чалавек, а агульны месячны ахоп канала (колькасць усіх праглядаў усіх публікацый) — 273 мільёны.

Як і іншыя каналы беларускіх незалежных СМІ, гэты канал губляе аўдыторыю пад уплывам рэпрэсій. За апошні месяц яго аўдыторыя скарацілася на 12 069 чалавек.

Асноўныя паказчыкі тэлеграм-канала «Зеркала». Скрыншот з сайта tgstat.com

«Анлайнер»

Другое месца па папулярнасці ў «Анлайнера». У тэлеграм-канале налічваецца амаль 114 тысяч падпісчыкаў, а сярэдні ахоп публікацыі складае пад 40 тысяч чалавек. Агульны ахоп канала — 25 мільёнаў праглядаў у месяц.

35% падпісчыкаў чытаюць канал, 31% праглядае допісы цягам 24 гадзін з моманту публікацыі. Колькасць падпісчыкаў «Анлайнера» ў тэлеграме таксама крыху скарачаецца, хоць не так хутка, як у «Зеркала». Цягам месяца яна паменшала на 445 чалавек. За год канал згубіў каля 10 тысяч падпісантаў.

«Хартыя 97»

Трэці радок займае тэлеграм-канал «Хартыя 97». У канала 46 251 падпісантаў. Сярэдні ахоп публікацыі — амаль 27 тысяч чалавек. Месячны ахоп канала — 61 мільён.

Тэлеграм-канал «Хартыя 97» мае найлепшыя паказчыкі па ўзроўню ўцягнутасці аўдыторыі. Ажно 60% падпісантаў праглядаюць допісы цягам 24 гадзін ад моманту публікацыі. Пры гэтым канал губляе аўдыторыю. За апошнія 30 дзён на канале мінус 910 падпісчыкаў.

«Наша Ніва»

На чацвёртым месцы па папулярнасці — і на першым месцы сярод беларускамоўных СМІ — ідзе тэлеграм-канал «Нашай Нівы». На бягучы момант ён налічвае амаль 39 тысяч падпісантаў. 51% аўдыторыі чытае допісы, 49% робіць гэта цягам 24 гадзін пасля публікацыі. Сярэдні ахоп допісу — амаль 20 тысяч чалавек. Агульны ахоп у месяц — амаль 29 мільёнаў праглядаў.

Як і ў выпадку з каналамі «Зеркала» і «Хартыі 97», наш канал, нягледзячы на высокія якасныя паказчыкі, працягвае страчваць падпісантаў з-за рэпрэсій. Месячны адток склаў 1500 чалавек.

Асноўныя паказчыкі тэлеграм-канала «Наша Ніва». Скрыншот з сайта tgstat.com

«Sputnik Беларусь»

Сярод праўладных медыя найлепшыя пазіцыі ў канала «Sputnik Беларусь», які займае пяты радок у рэйтынгу. Агульная колькасць падпісантаў — больш за 44 тысячы чалавек. Але з уцягнутасцю аўдыторыі не ўсё так салодка. Толькі 21% падпісчыкаў праглядаюць там допісы, 19% робіць гэта цягам 24 гадзін ад моманту публікацыі. Праз гэта сярэдні ахоп допісу ўсяго 9040 чалавек. Агульны ахоп канала — амаль 19 мільёнаў.

Пры гэтым лічба падпісантаў канала расце, але рост хвалепадобны, што, прынамсі, ускосна сведчыць пра тое, што робіцца гэта штучным чынам.

Але варта адзначыць, што «Sputnik Беларусь» займае першае месца ў рэйтынгу тэлеграм-каналаў СМІ па такім паказчыку, як індэкс цытавання.

БелТА

Шостае месца — у канала БелТА. На канале амаль 55 тысяч падпісчыкаў. Пры гэтым узровень уцягнутасці аўдыторыі вельмі нізкі — усяго 14% аўдыторыі чытае допісы. Сярэдні ахоп публікацыі — 7 281 падпісчык. Ахоп канала на месяц — 14,6 мільёнаў праглядаў.

Статыстыка падпісак сведчыць пра тое, што канал рэгулярна накручвае аўдыторыю штучным чынам. Гэта пацвярджае той факт, што, нягледзячы на вялікую аўдыторыю, прагляды ў канала невысокія. Толькі цягам апошніх 30 дзён ён прырос больш чым на 1500 падпісчыкаў.

Рост колькасці падпісчыкаў тэлеграм-канала БелТА. Скрыншот з сайта tgstat.com

Ад пачатку года аўдыторыя канала БелТА вырасла з 40,5 тысячы падпісчыкаў да 54 тысяч, але лічба праглядаў допісаў за гэты час асабліва не змянілася.

Ахоп допісу ў тэлеграм-канале БелТА з 1 студзеня 2023 года па 28 мая 2023 года. Скрыншот з сайта tgstat.com

Пры гэтым тэлеграм-канал БелТА мае добрыя паказчыкі ў рэйтынгу цытавання. Ён па гэтым параметры саступае толькі «Sputnik Беларусь». Праз вышэйапісаныя акалічнасці, нягледзячы на большую агульную колькасць падпісчыкаў, канал БелТА ў рэйтынгу ідзе за каналам «Sputnik Беларусь».

Рэгіяналы і не толькі

Наступнае месца ў рэйтынгу — за рэгіяналамі. Тэлеграм-канал «Сильные Новости — gomel.today» займае сёмае месца ў спісе. Агульная колькасць падпісантаў — 24,5 тысячы чалавек. 36% аўдыторыі чытае допісы, 29% робіць гэта цягам сутак пасля публікацыі. Сярэдні ахоп публікацыі — 8 580 чалавек. У месяц канал збірае 10,6 мільёна праглядаў.

«Белсат»

Восьмае месца ў тэлеграм-канала «Белсат».

Агульная лічба падпісчыкаў — больш за 30 тысяч чалавек. Узровень уцягнутасці аўдыторыі — 20%. Сярэдні ахоп допісу — 6 037 чалавек. Месячны ахоп канала — 10,3 мільёна праглядаў.

Але пры гэтым «Белсат» мае высокія паказчыкі ў графе «індэкс цытавання». За апошнія 30 дзён аўдыторыя канала скарацілася на 1 351 чалавек.

Далей у нашым спісе ідуць:

9 месца — тэлеграм-канал «Кулуары KYKY»;

10 месца — тэлеграм-канал «Smartpress.by / Новости».

Як паказвае статыстыка, незалежныя медыя, большасць з якіх заблакаваная і прызнаная экстрэмісцкімі, працягваюць утрымліваць пазіцыі лідараў, хоць і губляюць падпісчыкаў. Адбываецца гэта на фоне перманентных рэпрэсій за падпіскі на падобныя каналы. Кожная новая хваля рэпрэсій робіць гэты працэс больш прыкметным. Тым не менш, у дзяржаўных медыя дагэтуль не атрымліваецца наблізіць па папулярнасці свае тэлеграм-каналы да каналаў незалежных СМІ.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: 

Як падрыхтавацца да пераходу мяжы? Распыталі ў тых, хто яе нядаўна праходзіў

Ютуб-канал Валерыя Сахашчыка і яго старонка ў інстаграме, а таксама зборнік польскіх песень папоўнілі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

Даніла Луцкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
33
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
7
0
Праўдаруб/адказаць/
08.06.2023
Прапагандысты і тут мякка кажучы аблажаліся. Тры гады жэстачайшых рэпрэсій, а народ усё адно цягнецца да праўдзівай інфармацыі, нават нягледзячы на тое, што за такія падпіскі можна атрымаць штраф ці 15 сутак.
2
Паўло Дураў/адказаць/
09.06.2023
Калі ўжо народ зразумее, што карыстацца расейскім мэсэнджэрам не толькі зашкварна, але і небяспечна? Няўжо нехта думае, што можна захаваць ананімнасць там, дзе вушы ФСБ тырчаць?
3
Памылкі/адказаць/
09.06.2023
На жаль, гэты рэйтынг некарэктна складзены. Бо Tgstat не ўсе беларускія СМІ ўключыў у катэгорыю "Навіны і СМІ". Некаторыя каналы неабгрунтавана патрапілі ў іншыя катэгорыі. Напрыклад, Радыё Свабода ў іншай катэгорыі.  
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930