ЗША разглядаюць варыянты паставак Украіне зброі вялікай далёкасці замест ATACMS — генерал Мілі
ЗША не пастаўляюць Украіне ракеты вялікай далёкасці ATACMS, а замест гэтага разглядаюць іншыя варыянты, якія дазволяць украінскім вайскоўцам павялічыць радыус дзеяння на полі бою, сказаў старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў генерал Марк Мілі ў інтэрв'ю выданню Defense One.
Сістэма ATACMS. Фота: mil.in.ua
Ракета ATACMS мае радыус дзеяння каля 300 км, што нашмат больш, чым у любой іншай сістэмы, якую ЗША да гэтага часу пастаўлялі Украіне.
Са слоў высокапастаўленага генерала, у ЗША адносна мала ATACMS і амерыканскія ўзброеныя сілы павінны падтрымліваць запасы такога важнага ўзбраення. Але маюцца і іншыя сістэмы, якія могуць дзейнічаць у такім жа дыяпазоне: «Ёсць, напрыклад, беспілотнікі. У брытанцаў ёсць пара сістэм», — сказаў Мілі.
Акрамя таго, як сказаў Мілі, ваенны канфлікт на тэрыторыі Украіны выявіў «неверагодныя тэмпы спажывання звычайных боепрыпасаў», і цяпер ЗША пераглядаюць ацэнкі патрэбнасці ў іх на выпадак вялікай вайны.
На сёння ў ЗША дастаткова боепрыпасаў, але абаронна-прамысловы комплекс будзе працаваць над пашырэннем сваіх магутнасцяў цягам некалькіх гадоў, паведаміў генерал.
«Калі вы ўдзельнічаеце ў сур'ёзнай вайне паміж вялікімі дзяржавамі, — сказаў Мілі, — не трэба недаацэньваць колькасць боепрыпасаў, якая вам спатрэбіцца».
Чытайце таксама:
Міністр абароны Украіны анансаваў контрнаступленне на красавік-май
Кіраўнік Пентагона: Украіна мае добрыя шанцы на паспяховае контрнаступленне
Міністр абароны Украіны распавёў паслам ЕС, чаго не хапае для эфектыўнага контрнаступу





