Знайсці
01.04.2023 / 11:297РусŁacБел

Як амаладзіць старыя туі

Сярод раслін, якія можна сустрэць у садах беларусаў, адна з самых распаўсюджаных — туя. Мы ўжо пісалі, што яе выкарыстоўваюць у якасці жывой агароджы. Цяпер распавядзём, як яе найлепшым чынам абрэзаць.

Туя заходняя адносіцца да вечназялёных хвойных дрэў сямейства кіпарысавых. У Еўропу яна патрапіла ў першай палове XVI стагоддзя з Паўночнай Амерыкі.

Туя дажывае да 100 і больш гадоў і вырастае да 20 метраў.

Яна добра прыжылася ў Беларусі дзякуючы сваёй зімаўстойлівасці, ценевынослівасці і невысокай патрабавальнасці да ўрадлівасці глебы.

Гэта расліна выдатна пераносіць стрыжку. Але з цягам часу можна заўважыць, што дрэва старэе і губляе свае дэкаратыўныя якасці. Туя месцамі бурэе, з'яўляюцца сухія галінкі.

Калі абразаць

Абрэзку, каб трохі амаладзіць дрэва, звычайна праводзяць вясной (сакавік-красавік), калі тэмпература паветра не апускаецца ніжэй за чатыры градусы, стаіць пахмурнае і дастаткова сухое надвор'е (вільгаць садзейнічае заражэнню расліны грыбкамі).

Каб не даць расці маладым парасткам, іх абразаюць у чэрвені. Ну і апошні раз можна правесці абрэзку ў канцы ліпеня. Калі ж гэта працэдура будзе праведзена пазней, то ў дрэва можа знізіцца марозаўстойлівасць.

Як абразаць

Пасля пасадкі туя дастаткова хутка разрастаецца. І вось тут трэба для сябе вырашыць, да якой вышыні даць дрэву расці. Рэгулярная штогадовая абрэзка прывядзе да таго, што дрэва стане больш густым.

Калі ў нас старая туя, то для амаладжэння яна абразаецца трохі ніжэй за звычайны ўзровень. Але трэба быць асцярожным, бо пры такой абрэзцы могуць утварыцца пустыя, непрывабныя месцы, якія будуць зарастаць не адзін сезон. Таму ў першую чаргу абразайце тыя галіны, якія актыўна растуць.

Рэкамендуецца абрэзаць бакавыя парасткі на палову іх даўжыні, выдаліць сухія, хворыя і пашкоджаныя. Калі ў расліны густая крона, то яе трэба прарэдзіць. Для гэтага выразаюць частку галін, што дазволіць паветру лепш цыркуляваць.

Спецыялісты раяць праводзіць абрэзку старой расліны часткамі, не больш чым на траціну аб'ёму. У іншым выпадку мы можам нанесці ёй шкоду. Моцна ўкарочаная расліна можна загінуць. Месцы зрэзаў абавязкова трэба апрацаваць супрацьгрыбковым сродкам, садовым варам на сасновай смале для хуткага зажыўлення.

Догляд пасля абрэзкі

Для лепшага росту туі пасля абрэзкі рэкамендуецца добры паліў першыя тыдні.

Акрамя гэтага, не трэба забывацца пра забеспячэнне расліны неабходнай вільгаццю ў засушлівае надвор'е.

Для лепшай кусцістасці і вяртання прывабнага выгляду рэкамендуецца правесці падкормку арганічнымі ўгнаеннямі. А калі іх няма, то тымі, дзе большая доля калію. Добры эфект аднаўлення дасць выкарыстанне мікарызы (грыбакораню), раствор якой уносяць у глебу пры тэмпературы паветра 10—20 градусаў.

На працягу сезона дрэва трэба паліваць і апырскваць угнаеннямі. Іх можна прыгатаваць самім на аснове крапівы ці хвашчу.

Ці заўсёды абрэзка — выратаванне для дрэва

Здараюцца сітуацыі, калі ваша дрэва практычна ўсё з зялёнага ператвараецца ў бурае. Прычынай можа быць як недахоп вільгаці, гэтак і якая-небудзь хвароба (асабліва фітафтароз).

У такіх выпадках спецыялісты рэкамендуюць выкапаць расліну і агледзець. Пры выяўленні прыкмет інфекцыйных захворванняў дрэва трэба спаліць. А месца, дзе яно расло, неабходна апрацаваць моцным фунгіцыдам.

Працэдуру амаладжэння туі рэкамендуецца праводзіць раз на некалькі гадоў. Гэта дазволіць прадоўжыць жыццё дрэву і надоўга захаваць яго прывабны выгляд.

Чытайце яшчэ:

Як правільна абразаць гартэнзію. І чым яна можа быць карысная, акрамя хараства

Воцатнае дрэва і «помста суседа». Гэтая расліна ўваходзіць у моду ў Беларусі, бо яна і прыгожая, і практычная

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Жвірбліс/адказаць/
01.04.2023
Бач ты! ейныя людзі... Знайшлася тут "Салтычыха". Людзей сваіх абавязкова рэкламаваць? Каму яны тут трэба ?
0
ту пенькі/адказаць/
01.04.2023
Жвірбліс, вы за басейнам сваім і туямі насаджанымі лепш сачыце
0
Жвірбліс/адказаць/
01.04.2023
ту пенькі, бяз вашых, адпавядаючых мянушцы, парадаў абыйдуся.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера